Дранiк ды смятанка

Была ноч. На стале маленькай, але чысценькай кухні стаяла талерка. А на ёй ляжаў няшчасны Дранік і сумна ўздыхаў, таму што маленькая гаспадыня Наста забылася на яго. Браты Драніка ляжалі ў халадзільніку, клапатліва накрытыя матуляй Насты посудам з усіх бакоў. Ну а наш герой ляжаў сабе у адзіноце, падсыхаючы і адчуваючы сябе зусім непатрэбным. Ён думаў, што раніцай, калі гаспадары знойдуць талерку, адправяць Драніка ў сметнік. А яго братоў падагрэюць, пальюць смятанай ды з’ядуць на сняданак. Таму што накрытыя посудам дранікі захоўваюцца намнога лепш, чым нікому не патрэбныя, пакінутыя ў самоце і адзіноце. Вось так ляжаў ён і думаў. Таму што для маленькага звычайнага драніка няма большай радасці, чым быць карысным – чытай з’едзеным. Карацей кажачы, Драник быў заняты – ён пакутваў.
І тут аднекуль з падлогі адчуўся нейкі шум. Дранік спачатку не звярнуў увагі на гэта. Але потым ён пачуў чыесці галасы. Дранік павярнуўся на бачок і выглянуў з талеркі: за край стала зачапіліся і ужо залазілі наверх два пацукі. “Нічога сабе”, - падумаў Дранік, - а потым нечакана для сябе адкрыў рот і залямантаваў – “Ром, коцік, кысь-кысь-кысь!” Пачуўся грукат кагцей па падлозе і да стала тут жа падбег тлусты ды лахматы руды кот Ром. Пацукі пачалі шукаць на стале трэці вугал і забіліся ў крупы, якія стаялі тут жа, на стале. Ром уздзябурыўся на стул побач са сталом. Ён паставіў лапы на край стала, павеў ружовым носам, уцягнуў носам паветра, пашавяліў вусамі і забуркатаў. Але ж потым Ром успомніў, што добра выхаваны. А гаспадыня будзе сварыцца, калі залезці на стол. Таму кот чмыхнуў, прыбраў лапы і пачаў намывацца.
- Ром, харошы мой, вусы ў цябе як у генерала! Тут пацукі недзе на стале… - пачаў жаліцца Дранік.
- Не разумею, - адказаў кот, ні разу ў сваім жыцці не бачыўшы ніводнага пацука - пахне чымсці незразумелым ды гыдоткім, але ж гэта на стале, а мне туды нельга – гаспадыня заругае. Мне гэты пах не замінае. А ты чаго равеш па начах? Ляжы сабе ціха! Няўжо да раніцы пацярпець так цяжка? – з гэтымі словамі Ром злез са стула і пайшоў па сваіх справах.
- Вось табе і генеральскія вусы… - расчаравана працягнуў Дранік, - цьфу! …але што рабіць? Пацукі ж тут усё пашкодзяць і мяне з’ядуць.
Тут пацукі пачалі шабуршэць у крупах і абяцаць, што зараз дабяруцца да Драніка, які так недарэчна ячшэ і ката пазваў…
- А-ёячкі! – зноўку залямантаваў Дранік, - дапамагіце!
- Ну ўсё, табе каюк, - давольна пасміхаючыся, пацукі набліжаліся да талеркі.
І тут адчыніліся дзверы халадзільніка. З іх выглянула Смятанка:
- Што здарылася? Што за лямант?
- Ратуй, Смятанка! – закрычаў Дранік. Невядома адкуль, але ў яго з’явіліся сілы, каб паўстаць на талерцы ў весь рост.
- Ага, Дранік! Ды яшчэ са Смятанкай, - аблізваліся пацукі.
- Рабі што-небудзь! Я зараз! – закрычала смелая Смятанка і скокнула з халадзільніка на другі край стала.
У гэты момант Дранік аж залюбаваўся Смятанкай. Але ж пацукі падкрадаліся ўсё бліжэй. Таму ён пачаў азірацца і убачыў відэлец, які Наста пакінула каля талеркі. Дранік схапіў відэлец (адкуль толькі сіла ўзялася) ды ўзняў яго перад сабой:
- А ну, не падыходзь!
Пацукі толькі рагаталі ў адказ. А з другогу боку да Драніка ўжо спяшалася Смятанка з лыжкай наперавес. У імгненне вока яна падляцела да бліжэйшага пацука і добра агрэла яго лыжкай па галаве. Пацук, не чакаўшы такога напору, трохі адбег і пачаў трэсці галавой. Усхваляваны Дранік тыркнуў відэльцам у другога. Бадзёра напіраючы на пацукоў, Смятанка з Дранікам адцяснілі пацукоў на край стала. А потым і ўвогуле спіхнулі іх уніз.
Пацукі так і ляпнуліся на падлогу. Пакуль яны прыходзілі ў сябе, да іх ціхенька падкраўся Ром:
- А, дык вось чый гэта пах! – буркнуўшы, кот кінуўся на пацукоў. Але ж схапіць паспеў толькі аднаго – другі забіўся пад плінтус.
Дранік ды Смятанка пазіралі на ўсё гэта з краю стала.
- Няхай Ром з імі разбіраецца, пойдзем ужо – прагаварыла Смятанка, узяла Драніку за руку і павольна пакрочыла ў бок халадзільніка.
- Куды? – здзівіўся Дранік.
- Як куды – да сваіх, - падміргнула Смятанка.
Яна дапамагла Драніку залезці на полку, потым падняла край талеркі, дзе ляжалі іншыя дранікі, і дапамагла сваему таварышу зручна ўладкавацца. Закрыла дзверы халадзільніка і адправілася адпачываць да раніцы, вельмі задаволеная.
Ром жа прыдушыў пацука і павалок яго да гаспадыні – матулі Насты. Палажыўшы яго на коўдру побач з падушкай, кот пачаў ласціцца да жанчыны. Нарэшце пабудзіў. Жанчына расплюшчыла вочы, намацала нешта незразумелае ў цемры каля сябе, уключыла святло, усхвалявалася і ледзве стрымала крык. Пабудзіла мужа, а потым яны ўдваіх добрую гадзіну абследвалі кухню, адкуль Ром прывалок пацука.
Але Дранік усяго гэтага не чуў – усю ноч ён расказваў братам пра свае прыгоды са Смятанкай.
- Гэ, браток, да ты закахаўся, - смяяліся яны.
А раніцай у час сняданку Дранік зноўку ляжаў на талерцы і аж зіхаціўся аж шчасця, таму што быў паліты Смятанкай. Наста паглядзела на яго і сказала маці:
- Аж жалка есці.
- Еш хутчэй, у школу трэба ісці, - сказала ёй маці, з пяшчотай пакудлаціўшы валасы дачкі, - а ня тое пацукі з’ядуць. І яны абедзве шчасліва засмяяліся.


Рецензии