Кал крадзенага не шкада

А восьмай гадзіне майскай сонечнай раніцы захаджу ў раённую паліклініку: неабходна здаць аналізы. Аналізаў тры і кабінетаў столькі ж. На розных паверхах.

– Напачатку  трэ  “прыляпіцца” к  абедзвюм чэргам на здачу крыві, – раіць  мне і  нагадвае сабе дасведчаны дзядок з казлінай бародкай. – З вены яе цмочуць у 54-ым пакойчыку,  а з пальца чавяць у 58-ым. Чэргі –  о-го-го! Як пры развітым сацыялізме за мойвай ці, скажам, ліверкай!..  А вось на здачу мачы і кала – люба-дорага зірнуць – затораў ніколі не бывае. Перад акенцам – не больш трох чалавек. Бо ўсё, што трэба здаваць, людзі прыносяць з сабою, з дому.

Што ж, раблю так, як падказаў дзед-барадзед, і ўжо хвілін праз пятнаццаь стаю пад кабінетам з шыльдай “Лабараторыя”, дзе прымаюць  слоікі і з адметным пахам. У чарзе – чатыры жанчыны, тоўсты дзяцюк і я.

Мінае хвілін пяць. Каля вакенца застаюцца сухая кабецінка бальзакаўскага ўзросту і дзесяціпудовы дзяцюк. Нечакана апошні моўчкі прапускае мяне наперад, а сам пачынае трасціся, корчыцца ад... смеху.

– Вой, ратуйце, не магу!.. – ікае-енчыць “цяжкавагавік”.

“Мусіць, хто па дарозе ў лякарню анекдот расказаў, а да яго, як да таго жырафа, толькі-толькі дайшла соль, – думаю я. – А мо й подмазку няўрокам на сняданак з’еў?”

Кабеціна ставіць слоік з мачой і, зусім не рэагуючы на дзецюка, чыкіляе да выхаду.

– Выбачайце, дзядзьку!.. – не ўтаймаваўшы смех, звяртаецца да мяне ўкормлены трыццацігадовы чалавек. – У вас, выпадкам, слоіка парожняга не знойдзецца?
“Зразумела, чаму ён ажно пабарвавеў ад смеху: не інакш аналізы свае ўпусціў!” – здагадваюся я, а ў голас спачувальна кажу:

– Непадалёку пункт прыёму шклатары... Ад агароджы паліклінікі крокаў пяцьдзесят.

– Я ведаю, дзякуй... На жаль, не паспею... Што ж, давядзецца прышкандыбаць заўтра... Хе-хе-хе...

Лабарантка ўвішна схапіла  мой  слоік, паперку з прозвішчам-адрасам і спрытна прычыніла вакенца. Як добра, што  паспеў! Цяпер можна і на здачу крыві...

– Дзядзьку, от вы сабе думаеце, я чаго тут, бы паўдурак, танчу ад смеху? Не-е-е, абедзве мае пасудзіны былі ў поўным парадку: я іх газетай абматаў, а паверх – анучай... Мяне, паважаны, абрабавалі! Ага, пад саменннай лякарняй... Нейкі смурод  на лісапеце – шэльма голеная! – наляцеў за спіны,  шмаргануў з рукі торбу  і – шукай ветра ў полі...

– Дык табе не смяяцца, а плакаць трэба! –дзіўлюся я. – Міліцыю хоць тэлефанаваЎ?

–Ат!... Ды і што я тым мянтам скажу? Што торбу са свежай мачой і, звіняйце дзядзьку, г…м свіснулі?

Цяпер рагатаў я. Дзяцюк толькі таньчыў.

Гомель,
2005


Рецензии