На руiнах бел

На руінах Бялыніцкага замка сталі бачыць Плачку. У белым адзенні, на галаву і плечы накінута чорная хустка. Сустракалі яе толькі ў прыцемках, і бачная яна была няяўна, невыразна, як праз марыва. Аклiкнешь - не адказвае. Сядзіць і плача, уткнуўшыся ў далоні. Паспрабуеш падысці бліжэй - знікае.
Сказалі пану. Падумаў пан, пачухаў жывот, пасля загадаў войту ўзяць людзей, пайсці да развалін і раскапаць зямлю ў тым месцы, дзе бачылі Плачку.
Капнулі раз, другі, зямля друзлая, капаецца лёгка. Сталі капаць. Ці доўга, ці каротка, раскапалі каменны склеп, закрыты жалезнымі дзвярыма. Зноў пайшлі да пана: што рабіць?
- Ломаць!
Ламалі, думалі знойдуць скарб. Нават пан прыйшоў паглядзець. Адкрылі - усярэдзіне пацямнелыя ад часу шкілеты, закутыя ў іржавыя кайданы. Шмат шкілетаў, як дарослых, так і дзяцей.
Паглядзеў пан, ды і пайшоў. А войту сказаў, каб косткі сабралі і пахавалі па-людску. Так і зрабілі: сабралі косці, вызвалілі ад кайданоў і ўсе разам пахавалі на могілках.
Паплакала Плачка над магілай і пасля гэтага больш не з'яўлялася.


Рецензии