Жывойт бел

У былыя часы ў вёсках трымалі вужоў як хатніх жывёл. Іх кармілі малаком і лічылі духамі-заступнікамі, дзецьмі Вужынага Караля, які засцерагаў хату ад агню. Яшчэ яны лавілі мышэй і не пускалі ўнутр атрутных змей. І называлі такіх вужоў - жывойт.

Аднойчы вясной купіў гараджанін у вёсцы дзясятак вулляў з пчоламі і пакінуў іх у прадаўца да восені. Увосень гараджанін прыехаў за мёдам і вуллямі і ўбачыў, што яго вясковы сябар выглядае вельмі дрэнна: перакошаны, апухлы, нібы ўвесь пакусаны пчоламі.
- Што з табой? - спытаў ён вясковага.
- Бяда, - адказваў той.
Ён распавёў, што на Купалле ксёндз на пропаведзі стаў заклікаць адмовіцца ад старых звычаяў. Запалохваў пеклам і карамі, казаў, што змеі - слугі Д'ябла, і трымаць жывойта ў хаце - грэх. Таму, казаў ксёндз, вернікі ў Ісуса павінны прагнаць з хат д'ябальскае адроддзе. А наўзамен абяцаў рай і вечную абарону Ісуса ад усіх пошасцяў.
Пасля хрысціянскай пропаведзі жыхары вёскі пайшлі дадому, прагналі ды забілі сваіх жывойтаў. А пасля ў кожнай хаце адбылося няшчасце: каго перакасіла, каго дрэвам у лесе прыціснула, а ў каго хата згарэла. «Бяда, - паўтарыў вясковы. - Вужыны Кароль помсціць нам за дзяцей. Бяры вуллі і сыходзь, каб не здарылася чаго горай».


Рецензии