Нарвежская раница

Нарвежская раніца
Нарвежская раніца ў запалярнай  Нарвегіі пачынаецца з 150 грамаў сырой вады з-пад крана,кавы і ...-навінаў з Беларусі.А яны,навіны,як і штодня, - сумныя да не магу.
У маім Пухавіцкім раёне з-за дзяўчыны,якая  ўжо цямном пераходзіла дарогу не праз пераход,здарылася аварыя і ў выніку - 3(!)трупы,тры маладыя жыцьці маіх землякоў векам да 30-ці(!),чацьвёрты ў бальніцы.Дзяўчыне было ўсяго 19.
Гэтую навіну прачытаў на сайце разгромленай  "НН",зайшоў праверыць інфу на сайт раённай брахалаўкі  "Пухавіцкія навіны",але на ім толькі рыла маладога  "блюрыцеля" парадку (ад дзеяслова  "bluring" - размываньне,размазваньне).Ну і вядома,навіны з сайта ахоўнікаў рэжыму,якія хваляцца,што ў іх яшчэ адзін Беларус   затрыманы (жыхар мястэчка Дружны Пухавіцкага раёну)  "за оскорбления властей и участие в деструктивных чатах".
Але больш за ўсё маю ўвагу прыцягнула рэклама літаратурнага конкурсу «Браславская обитель»  прыватнай ініцыятывы нейкай   "Совет Лито «Буква Ъ»".Журы конкурсу складаюць русмоўныя графаманы на чале з  "прэдсядацелям",які не абы-хто,а сам "член РОО «Беллитсоюз «Полоцкая ветвь», автор 2-х сборников стихотворений, лауреат и финалист международных литературных фестивалей и конкурсов Виталий Шлабович".
Прыватнае аб'яднаньне русмоўных графаманаў  «Полоцкая ветвь» вядома нам,айчынным Беларускім пісьменьнікам,яшчэ з 90-х гадоў мінулага ст. як выяўна антыбеларуская агрэсіўная група цемрашалаў.І вось,як вынікае з рэкламы,гэтую  "ветвь" і  ейныя атожылкі падтрымлівае вертыкаль рэжыму.Чытаю ўважліва:  "Литературный конкурс «Браславская обитель» учрежден советом Лито «Буква Ъ» с целью поиска и поддержки перспективных авторов, создающих художественную литературу на русском языке(у арыгінале фраза  "на русском языке" нават выдзелена тлустым шрыфтам! - С.А.), и популяризации поэзии в регионах. Конкурс проводится при поддержке отдела идеологической работы, культуры и по делам молодежи Браславского райисполкома и администрации сайта БРАСЛАВ.BY".І гэта у тыя самыя дні, калі з асаблівым цынізмам "юрысты" рэжыму закрылі Беларускамоўны і Беларускі саюз пісьменьнікаў (СБП).
А ў астатнім у нашым запалярным нарвежскім гарадку Буда ўсё як заўжды:вецер,хмарна,пералётныя дажджы,плюс 8 Цэльсія за вакном,і аўтар гэтае зацемкі мусіць адзін дзень у тыдзень хадзіць на курсы,на якіх маладая 30-гадовая мамка вучыць 59-га  дзеда,як правільна шукаць  работу.
07.10.2021,Bod;,Noreg


Заняцца сабой
Адляпіцца хоць на суткі ад клятай-пераклятай Расеі,заняцца выключна сабой.Уявіць сабе,што суседзяў няма,ніхто не перашкаджае,ня гнобіць і не русіфікуе.Ніхто не паланізуе,не германізуе,не ўкраінізуе і не англа-амэрыканізуе.Толькі Беларусь  "ад сяну да сяну",толькі мы,і ад сябе не выпадае ўцякаць,ды і няма куды:на нашых этнічных межах не калючы дрот і не памежныя слупы,а прорва;і толькі ад нас залежыць,як мы выжывем,будзем разьвівацца і чаго дасягнём.

Нешта тонкае і Тымберлэйк
Сімпатычны ня толькі як сьпявак і танцор,але найперш і як актор.Эстэтычна строгі,фізічна падабраны,стылістычна касьцюмаваны і проста энэргічная падзарадка і кумулятыўнасць.Мая рэінкарнацыя на амэрыканскім кантынэнце.

"Тишайшие" сярод нас
"Микола, а едете ли вы в Миоры?" - пытаецца адна старая курча,якая ў 2019-м рабіла заключэньне пра  "экстрэмізм" у маім  "нарвежскім" апавяданьні 2008-га году.Добра,штрафам абышлося.125 агульных фрэндаў,ага.


Анамнез Вільмана
Дзень першы.
Кожныя гады два-тры я залятаю.Ад гэтага залёту,як паказвае практыка залятаньняў,няма як ухіліцца альбо схавацца,засьцерагчыся.
Вось,напрыклад,год 2015-ы,сярэдзіна студзеня.Я прылятаю ў запалярную нарвежскую Буду і 15 сутак застаюся без начлегу,уключыўшы ў сабе тумблер Вільмана.Гэта значыць,я начую альбо на бетонцы Шклянога Дому(крытая шклом стомэтроўка пешаходнай часткі вуліцы Вялікай),альбо ў будынку морвакзала,прадзіманага скразьнякамі з дзьвярэй,якія адкрываюцца аўтаматычна яшчэ на дальных подступах...
І што ты думаеш?Ні самага лёгкага  пасморкваньня,ні кашлю якога,ну хоць бы ў горле запяршыла!А ні халеры!Праз паўгады вярнуўся ў Беларусь і аж да вясны 2019-га быў як гурочак.А тады,змэнчаны судовымі разборамі,нарэшце здаўся й заляцеў.Куды-куды?На хваробу заляцеў,як галодны дальнябой на трыпер, - прастыўшы я тады быў моцна.Пэўня з тыдзень кабетка мая мяне,паганца,адпойвала ды пігулкамі трактавала.Ну і во,як бачыш,выхадзіла.
І вось цяпер,амаль праз тры гады,ізноў чохаўка нагнала,але ўжо тутака,дзе не дала рады  ў 15-стым.
Так што з учарашняга вечара я,брат ты мой,у крызісе.Нават і ў начную не пайшоў.
Ноччу ў гарызантальным стане чохаўка была пераціхла.А сёньня цэлы дзень чхаю,у галаве ўжо лёгкія пратуберанцы,але тэмпература водле адчуваньняў дзесь на 37-і завісла.Я ўвогуле тэмператураўстойлівы.А як ртуцька ў тэрмометры па шкале ўверх лезьці ня хоча,знача біяпрацэсар мой пасьпяхова адбівае атакі вірусьні варожай;знача продкі мае закачалі мне ў кроў і лімфу  правільную антывірусную праграму.
Так што сёньня я крыху  разбалансаваны.Зара тлустага булёнчыку пасёрбаю з чосьнікам,а пасьля вып'ю пігулку  парацэту.Вось і ўсе мае лекі,наразе.
19 верасьня 2021,19:31 нарвежскага часу,Буда.
Дзень трэці.
Сыходзяць трэція суткі прастуднай крызы.Ды і ня крыза гэта ніякая,а так,лёгкія насаглоткавыя пертурбацыі ў сітуацыі,калі ты абаронены ад рэальных праблемаў бяздомнасьці,голаду і безграшоўя і можаш дазволіць сабе крыху пахварэць.
Учора выходзіў у горад,праверыў лёгкія на вентыляцыю - працуюць.Купіў пігулак ад кашлю,упакоўку цьвёрдага яечнага мыла,здаў бібліятэчныя кнігі ды вярнуўся назад у бярложку,дзе ў мяне кругласуткавы безлімітны выхад у Сусьветную павуціну.
Прастуда пакідае мой арганізм.Зьяўляецца апетыт,аднаўляецца лабільнасць агрэсіі  супраць агрэсіўнага вонкавага перыметру.
Заўтра ў мяне сустрэча з нарвежскай сацыяльнай падсістэмай у асобе сімпатычнай і трошкі худаватай 30-гадовай Сціны.Будзем гаварыць ні пра што.
21.09.2021,18:10,Bodо

Варыянт Вільмана
Вільман - цэнтравы літаратурны герой маёй прозы.
Вывучаючы жыцьцё пасьля сваіх сарака(гадоў),думаю,што мне найбольш цікавы ён - чалавек,гатовы на ўсё ў любы перыяд яго жыцьця.
Выбіраючы шлях,варта падумаць і пра мэту,якая сустрэне цябе ў канцы дарогі альбо на любым яе прыпынку.
У жыцьця няма мэты - яно проста доўжыцца,зьмяняючы свае формы ў працэсе эвалюцыі.
Мэта - працэсуальная разумовая канструкцыя індывідыюма(суб'екта),які глыбака самаўсьведамляе сябе і свой шлях ад кропкі А-нараджэньня да пункту B-cьмерці.Пры гэтым,як цьвердзяць сцэнарысты фільма  "Into the Wild",Шон Пэн і Джон Кракаўэр,"калі дапусьціць ,што людскім жыцьцём кіруе розум,магчымасць жыцьця папросту зьнікне".
На фодаздымку гэтай мультымедыйнай публікацыі бачны  адзін з шматлікіх варыянтаў майго Вільмана,які цягнецца праз Шкляны Дом па Вялікай вуліцы нашага запалярнага гарадка.Ён зьявіўся тут у сьнежні мінулага году,неўзабаве пасьля майго чарговага прыезду.Усю зіму ён начаваў у будынку морвакзала,пачакальня якога не зачыняецца на ноч,а раніцай у прыбіральні можна пачысьціць зубы й пагаліцца.
У канцы вясны Вільман купіў  новы велік  з невялікімі паўмэтровымі ў дыяметры коламі,каб не цягаць на сабе заплечнік з усімі прычындаламі вандроўніка і калі-нікалі праехацца па горадзе,а ня дыбаць увесь час пехатою.Днём ён да паўдня перачэквае на чыгунвакзале,потым крыху перамяшчаецца.Да нас у кавярню Чырвонага Крыжа заходзіць рэдка,але я ня бачыў,каб ён там перакусваў ці піў каву з намі,наркаманамі,алкаголікамі ды ментальнымі пратуберанцамі.
Відавочна ў нашага гарадскога Вільмана ёсць грошы хаця б на тое,каб падтрымліваць у чысьціні й парадку свой зьнешні выгляд,бо па ім ніколі ня скажаш,што гэта бадзяга-басьцяка.А вось здымаць кватэру ці куток прыжывальшчыка на гаспадаровай жылплошчы,як раблю гэта я,Вільман не жадае.Значыць эканоміць.
Вільман максімальна нявыгадны грамадству горада:ён ня курыць і тым самым не фундуе запасамі сваіх кронаў тытунёвую магнатэрыю;ён не ужывае наркаты і тым самым пакідае без даходаў падпольных нарвежскіх наркабарыгаў;думаю,ён і да алкаголю роўнаабыякавы і тым самым нават каралеўская манаполька незадаволена зыркае ў ягоны бок.
Ідэальны модус вівендзі грамадзяніна Вільмана.Каб неяк апраўдаць паводзіны гэтага суб'екта,мне трэба надаць яму  м э т у.А яна можа быць такая:пражыць два гады ў камуне горада,каб мець права на дзяржаўную(камунальную)кватэру.А паколькі наш вандроўнік жыве фактычна на вуліцы,то ён фармальна мае права на атрыманьне такога жыльля ў першую чаргу.
Цяпер Вільман начуе ў нейкім мадэрновым архітэктурным элеменце кшталту  трохбаковай альтанкі з дахам і доўгай лавай,на якой можна зручна легчы і выцягнуцца,пакінуўшы побач ровар.
Ягоны двайнік,вяртаючыся з начной зьмены паўз спартова-адпачынкавую зону,бачыць гарызантальную фігуру,што нерухома расьцягнулася на лаве ідыёцкай канструкцыі,і,раззлаваўшыся на архітэкта,глушыць у сабе вострае жаданьне назаўсёды зьнерухоміць таго,хто так бесклапотна і даверліва дрэмле ў спальніку колеру ночы пад адкрытым зорным небам запалярнай Нарвегіі.
18 верасьня 2021,Bodо


Рецензии