Сонейка

Сягоння раніцай прачнулась сонейка на ясным небасхіле, і цэлы свет ажыў ад яго цяпла. Спявалі птушкі, ад шчасця кветкі нібы плакалі расою, і нават строгі горад маляваў па сценах пяшчотным святлаценем. Дарыла сонейка сваё святло і для жывёл, і для людзей, і тым любіла ўсіх у чысціні нябёс.
А ў нас жыццё – зусім як неба, і нехта грэе нам яго сваёй любоўю. Журымся мы, калі няма яе, ды ўсё чакаем яснага світання. Бывае жа, што рана добра ўсё, а вечар выдаўся пахмурны, і сонейка схавалася. Калі цяпер яго пабачым зноў?
Як кажуць, часам захад сонца падобны на наступны золак. І мабыць, заўтра будзе дождж. Але які сапраўды прыйдзе дзень: ці хмарны, ці прыгожы, ці будуць радавацца ўсе, ці смуткаваць – аднаму Богу вядома. А нам – толькі гадаць і спадзявацца, што заўтра зноў світанак будзе ясны...

// Мінск, 7.х.21


Рецензии