5. зялёны дзённiк

5. ЗЯЛЁНЫ ДЗЁННIК
13 кастрычніка (панядзелак 1997 г.)
Толькі што гаварыў з Алёнай Казленей пра тое, што спаліў Рэрыхаў, Каран, Бхагават-Гіту, “Жамчужыну Упанішад” (і цэлы мех іншых, як мне падалося на той момант, шкодных кніг), маўляў, што спаліў па прычыне Ніцшэ, ён падштурхнуў мяне на гэта, але вось кнігі пачалі вяртацца. У пятніцу мне прынеслі ў хату “Жамчужыну Упанішад” — кнігі вяртаюцца! Я не шкадую, што спаліў Ніцшэ, Рэрыхаў, Вронскага… (Блавацкую “Тайную Дактрыну). Але шкадую, што спаліў Каран, Бхагават-Гіту і… (неразборліва, здаецца, упанішад).
Праз хвіліну іду ў прыбіральню, каля Маладзёжнай тры дзяўчынкі збіраюцца заходзіць у рэдакцыю. Я наабум называю іх па імёнах:
— Оля, Святлана і Люда?
— Не, — адказвае адна, — Оля, Святлана і Лена.
Вось дзе дзіва! Думай, Кудласевіч, думай…

16 кастрычніка (пятніца, так напісана, яўная памылка або ў даце, або дні тыдня, бо калі ў панядзелак было 13-е, то ў пятніцу павінна быць 17-е, а 16-е прыпадае на “чвэртак”, вось ужо што “высечана сякерай, тое не паправіш ніхалеры”; — сам толькі што прыдумаў. Паехалі…)
Пішу “Вертыкаліі”, ужо напісаў сем. На Чайку быў напісаў дакладную, але не аддаў. Яны струхнулі. Сёння Губскі ўгаворваў парваць яе, але я ўсё аджартоўваўся. (Дарэчы, пасля ператрусаў і вобыскаў, не вельмі даўно траплялася мне но вочы тая дакладная). Чайка ў тым, што забараніла перадачу па аднаму прозвішчу Сыса — не права. Заўтра дэбют Міколкі ў “Беглец”.
Сёння хацеў купіць Каран, але яго не было.


Рецензии