12. 10. 2021г

Выгуляў Пацешку. Пазваніў учора ў суд, даведаўся, што ягы выслалі  на маю заяву толькі "промежуточный ответ", маўляў, суддзя Скуратовіч у адпачынку, калі выйдзе на працу, напіша і дашле мне "мотівіровочное обоснованіе", пасля якога пойдзе адлік у 10 сутак на абскарджванне рашэння суда і падачу скаргі.
Пазваніў Алісе, адвакату, кажа не перажывайце, чакайце “мацівіроўку”. Учора адправіў чатыры камплекты кніг “Трынаццаць дзён” і “ТрыТворы” у Нацыянальную бібліятэку Кангрэса ЗША, у Нацыянальную бібліятэку Расійскай Федэрацыі (былую Ленінку), у бібліятэку Літінстытута і ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, і яшчэ нагугліў восем адрасоў, звязаных з маім жыццёвым лёсам, куды трэба абавязкова адаслаць кнігі. Там яны надзейней захаваюцца, бо жывём у такі час, што ўсе гэтыя інтэрнэты і камунікацыі могуць ляснуцца ў адзін момант.
Пазваніў у аддзел рэалізацыі выдавецтва “Мастацкая літаратура”, дзяўчаты сказалі, што вельмі перажывалі за мяне і вельмі радыя, што я жывы і здаровы. З’ездзіў у выдавецтва выкупіў 25 асобнікаў зборніка прозы “Пераход”, Шніп сказаў, што памёр Уладзімір Пучынскі-Пірог. Ад каронавіруса, яму было ўсяго 51 год.
Зайшоў да Сяргея Шулякоўскага, мы калісьці сядзелі ў адным кабінеце, калі я працаваў у “Юнацтве”, пагаварылі пра агульных знаёмых. Зоя Кустава ўжо не працуе з сакавіка. Некалі я прысвяціў “Прапаршчыку Шулякоўскаму С. апавяданне “Агарожа”, бо выкарыстаў для апавядання факты, якія ён расказаў з асабістага жыцця.
На праспекце (былым Машэраўскім) дзве-тры сотні бежанцаў, сядзяць на лаўках з клункамі, смецяць, ходзяць туды-сюды — чаму іх столькі ў гэтым месцы кучкуецца — ніхто не ведае. Камунальшчыцы злуюцца: “Смецяць тут, як свінні, прыбірай за ім”. Схадзіў у былую сталоўку, што каля кінатэартра “Масква”, цяпер гэта кафэ “Беларуская кухня”, за дзесяць рублёў добра накармілі. Сустрэў на касе свайго суседа, Сяргея Уткіна, які быў вельмі здзіўлены нечаканай сустрэчы. Падпісаў яму кнігу. Ён жыве ў маім пад’ездзе паверхам ніжэй. Учора ён забраў са сваёй сястрой Марынай бацьку, Генадзя, які тры тыдні лячыўся ад кавіда. Ледзь выжыў.
Вечарем з’ездзіў да Нічыпаровіча Гены, выпілі, пагаварылі пра рознае. Ён чалавек вельмі арыгінальны, і карціны піша, і скульптуры лепіць і займаецца Бог ведае чым… Усё робіць вельмі арыгінальна і па-мастацку, месяцы чатыры таму даваў яму рускамоўную кнігу “Переписка с миллионерами”, хацеў, каб ён прычытаў і зрабіў малюнкі для выдання. Але Гена за чатыры месяцы кнігу нават не разгарнуў. Думаў замуціць сумесны праект, не атрымалася.
Гена правёў мяне з Захада пад мой дом на Сухарава.
Заўтра шмат чаго трэба зрабіць.


Рецензии