Бусел бел
Неяк восенню вярталася ўдава з поля і вырашыла прайсці лугам уздоўж ракі. Ішла і раптам заўважыла, як нешта белае мільгае ў асацэ і трысьнягу. Падышла бліжэй, глядзіць - бусел са зламаным крылом. Шкада ёй стала птушку, бо загіне. Ловіць, а ён не даецца, спрабуе ўзляцець, але ж не, толькі бегаць і можа. Нарэшце, злавіла, завязала ў хусцінку і панесла дадому.
Прыйшла дадому, паказвае, а нявестка разбурчэлася, карысці, маўляў, ніякай, а есці будзе. Крыўдна стала ўдаве, не за сябе, за птушку. Што ж, кажа, калі думаеш, што бусел цябе аб'ядаць будзе, я буду карміць яго са сваёй талеркі. Тут ужо і сын заступіўся. Нічога, кажа, хай застаецца, ежы хопіць. Перавязалі буслу крыло і вызначылі жыць у хляве.
Калі снег сышоў, і сталі вяртацца з Вырая птушкі, бусел паляцеў. «Ну вось, - бурчэла нявестка, - кармілі яго, лячылі, і ніякай падзякі». Удава не адказвала. Выратавалі птушку і добра. Бог убачыў.
Але бусел не забыўся дабрыню ўдавы. То на луг, то ў поле прылятаў, толькі на двор не прыходзіў з-за нявесткі.
Калі птушкі зноў сталі збірацца ў Вырай, бусел прыляцеў развітацца. Падышоў і ткнуўся галавой у жывот. Абняла яго ўдава і трохі пастаяла побач з птушкай. Потым і кажа нечакана:
- Забяры мяне з сабой. Заўсёды хацела ведаць, як там, у Выраю.
Нічога не адказаў бусел, толькі паглядзеў уважліва.
- Праўда, - паўтарыла ўдава. - Забяры мяне. Тут мяне нішто не трымае...
Сэрца яе заныла, і на імгненне стала цёмна, нібы цень набегла на сонца. Але адразу ж прайшло.
- Што ж, - адказаў бусел, - паляцелі.
Ён узмахнуў крыламі, і ўдава адчула, як нешта падымае яе ўверх. Лёгка і свабодна накіраваліся яны на поўдзень. Над лугамі, над палямі, над лясамі і балотамі, усё вышэй і вышэй, усё далей і далей ад родных мясцін.
Яны праляталі балоты, запаведныя дрымучыя лясы, шырокія рэкі з салодкай вадой, бязмежнае возера з салёнай вадой і такую ж бязмежную сухую бясплодную зямлю.
І там, за бясплоднай зямлёй, зноў убачылі лугі і лясы, азёры і рэкі, цудоўныя невядомыя расліны і цудоўных невядомых жывёл.
- Гэта Вырай? - спытала ўдава.
- Так, - адказаў бусел. - Гэта Вырай, і ты можаш заставацца тут столькі, колькі пажадаеш.
Пацяклі дня, поўныя ціхамірнасці і спакою. Ня трэба было працаваць, ня трэба рабіць запасы на зіму, таму што і не было тут ні восені, ні зімы. Адно толькі лета, яркае, спякотнае, святочнае лета.
Удава нібы вярнулася ў дзяцінства, нават не ў дзяцінства, ва ўспаміны аб лёгкім, бестурботным дзяцінстве, калі ўсё, што трэба, з'яўлялася без усялякіх намаганняў з яе боку, само сабой.
Дні змяняліся днямі, удава атрымлівала асалоду ад адпачынка і спакоя і нават здзівілася, калі бусел сказаў, што ён збіраецца назад на Нёман.
- Ужо?
- Так, пара. Такая птушыная доля.
- А мне? - прамовіла ўдава. Упершыню за час, калі яна апынулася ў Выраю, удава падумала пра дом, пра дзяцей. - Можна мне разам з табой?
- Вядома, - кіўнуў бусел. - Толькі ты ўжо ніколі не будзеш ранейшай.
- Ну і што, - працягвала ўдава. - Пагляджу адным вокам і адразу назад.
Паківаў галавой бусел і сказаў:
- Ну што ж, як хочаш.
І пачалося іх падарожжа назад: над бязмежнай бясплоднай зямлёй, над такім жа бязмежным возерам з салёнай вадой, над шырокімі рэкамі, запаведнымі дрымучымі лясамі і балотамі... Вось ужо сталі бачныя знаёмыя лугі і палі, а вось і домік яе з беленымi сценамі. Апусцілася ўдава ў двор, хацела абняць сына, але ён раптам замахаў рукамі і схапіў палку, праганяючы яе прэч.
Горка стала ўдаве, горка і сумна. Але рабіць няма чаго, вырашыла адправіцца да дачкі ў суседнюю вёску: можа яна будзе дабрэй да маці. Апусцілася на дах, чакаючы, пакуль дачка выйдзе з дому. Раптам чуе, суседскія дзеці крычаць: «Бусел, Бусел!» Павярнулася, а дзеці паказваюць на яе.
- Я - бусел? - здзівілася ўдава. - Калі? Як?
Паляцела да ракі, каб паглядзець на сябе, як раптам адчула, як нешта балюча ўдарыла яе, і левае крыло безжыццёва павісла.
Свидетельство о публикации №221101501541