Варона-перасмешнiца

ВАРОНА-ПЕРАСМЕШНІЦА
Гады тры ўжо, а можа і цэлых пяць, як у нашым двары з’явілася варона-перасмешніца. Іду бывала з Ольвай, або з Пацешкай, а яна пералятае сабе з бярозы на рабіну і крычыць, дзіўна так крычыць: “Куўва! Куўва!! “Куўва!!!” — я ўсё галаву ламаў: і дзе яна такому крыку вывучылася? Быццам жаба якая ў балоце квакае: “Яна мо і каркаць умее?”. Іду, сабачка бегае і пачынаю перагаворвацца з гэтай варонай, — квакаць ёй у адказ. А яна радая такая, яшчэ часцей пачынае крычаць.
Суседзі таксама заўважылі варону з нечаканымі галасавымі здольнасцямі і мне распавядалі, адзін дык увогуле расказваў: “Іду неяк па лесе, і раптам сабака зверху гаўкае… І хто яе туды засадзіў, прыгледзеўся, а гэта варона”.
І вось сёння раніцай, калі я прыходзіў у норму пасля начнога застоя ў лёгкіх, душыўся кашлем, бо нешта такое ў горле сядзіць і немагчыма зхаркнуць, я раптам звярнуў увагу, што каўкаю гэтака жа, як тая варона-перасмешніца. Жонцы сказаў пра гэта, і яна здзіўлена падцвердзіла маю здагадку. Аказваецца, гэта варона ад мяне навучылася і, як толькі ўбачыць мяне з Пацешкай, цевеліцца і смяіцца, апавяшчаючы ўвесь двор на варонінай мове, глядзіце, глядзіце “куўва пайшоў, куўва пайшоў”.
Мы думаем іншы раз, што некага перацвельваем, а таго даўмецца не можам, што гэта нас даўным-даўно перацвельваюць.


Рецензии