У Мендэля у карчме бел

Заказаў вядзьмак цясляру стол: каб вялікі быў, моцны і ў той жа час прыгожы. За справу цясляр узяўся з задавальненнем, і да канца тыдня стол быў гатовы. Прыйшоў за разлікам. Узяў усё, аб чым дамаўляліся, пасля пытаецца:
- Праўду кажуць, што ты чарцей можаш бачыць?
- А калі і так, - адказаў вядзьмак, - дык што?
- Цікава, якія яны. Хаця б адным вокам зірнуць.
- Ды навошта табе?
- Хачу, - кажа, - і ўсё.
Ды й прыстаў так, што не адкруцішся.
- Добра, - кажа вядзьмак, - будзь па-твойму. Дам табе мазь, памажаш вочы, будзеш бачыць нябачнае. Толькі не паказвай чэрцям, што ты іх бачыш, яны гэтага не любяць.
- Добра, - кіўнуў цясляр. - Можа скажаш яшчэ, дзе яны водзяцца?
- У балоце, дзе ж яшчэ…
- А так, каб бліжэй да людзей?
- Ды дзе заўгодна, можа, хоць зараз у цябе за спіной стаiць… Хаця, - вядзьмак пачухаў у патыліцы, - зайдзі ўвечар у карчму. Толькі мазь не забудзься.

У карчме было цёмна і людна. Цясляр узяў чарку гарэлкі і прысеў у кутку. За сталом пасярэдзіне хлопцы-парабкі шумна гулялі на атрыманыя ад пана грошы.
- Памятаеце Ніну? - пытаў адзін. - Тую, з пунсовымі стужкамі ў косах. Я яшчэ хацеў праводзіць, а яна адмовілася...
Злева ад хлопцаў сядзелі два мужыкі:
- Вось суседка мая, удава... Жыве адна, з гаспадаркай спраўляецца сама. Пытаю, чым дапамагчы, кажа, ня трэба. Няйначай, сам чорт ёй дапамагае…
- Скажаш жа…
- Я праз плот гляджу, а ў яе ў агародзе вырасла нешта незразумелае: зялёнае, у палосачку…
Паміж сталамі бадзяўся мужык ў абарванай чырвонай світцы, хрыстараднічаў. Падышоў да хлопцаў, паслухаў, пасля і кажа:
- А што ж ты хацеў? Яна ж прыгожая, як пернік на кірмашы, а ты ж так... Па рыле відаць, што Гаўрылай клікаць...
- Мяне?.. - ускочыў хлопец.
- Ага, - кіўнуў бадзяга і пхнуў п'янага на прыяцеляў.
Завязалася бойка. Хлопцы пхаліся і наравілі падмяць адзін аднаго. У мітусні бадзяга выбраўся з кучы і падышоў да мужыкоў.
- А што гэта ў цябе паўзе? - спытаў ён у таго, што зазіраўся на суседку, і даў яму аплявуху.
Мужык схапіўся за вуха і ўпаў. Другі кінуўся паднімаць, але бадзяга штурхнуў яго на першага…
Тут цясляр успомніў пра вядзьмарскую мазь. Толькі памазаў, бачыць, то не бадзяга, то чорт ходзіць паміж сталамі ў чырвонай світцы. І рогі з-пад шапкі тырчаць. Хлопцы б'юцца, мужыкі спрабуюць устаць на ногі, а ён сядзіць на стале і смяецца. Гледзячы на чорта, смяецца і рандар.
«Эге, - прамовіў сабе цясляр. - Праўду кажуць, што жыды і чэрці - адной воўны. Як бы ў гэтага рандара пад шапкай таксама не аказалася рагоў…»
Тут чорт раптам абарваў смех і паглядзеў на цясляра. «Прапаў», - абарвалася ў яго ўнутры. Схапіў шапку і кінуўся вонкі.

Усё абышлося, і цясляра ніхто не пераследваў. Але да Мендэля ў карчму ён з таго часу ні нагой. Ды і вядзьмарскай маззю больш не карыстаўся.


Рецензии