АЗ ЕСМЬ

Аз есмь!
Гэта было даўно… Як адзін дзень прамінула дваццаць гадоў. І гэта ж было вельмі даўно, амаль з паўвека таму. І было такое ж зусім нядаўна, мінулай вясною.
Чалавечае жыццё, як жытнёвы сноп, перавязаны перавяслам долі: розныя каласкі-падзеі, сцяблінкі-думкі, але ўвязаныя ў агульнае лёсам перавясла, разарві перавясла – рассыплюцца без ніякай сувязі і сэнсу. Толькі перавясла і надае ім еднасць і агульнасць, адну долю.
Тройчы за жыццё я паміраў. Расказвалі, што ў дзяцінстве выцягнулі мяне з возера бездыханнага, ледзь адкачалі. Гады тры было – не помню нічога. Старая Мішчыха выцягнула. Другі раз у юнацтве, у класе дзевятым душа адляцела ад цела, праходзіла праз сцены, лётала ў міжзорных далячынях, шмат чаго зведала і спазнала. Бачыла ўсё, што было і што будзе далей у маім жыцці, шмат чаму здзіўлялася і шмат чаго зразумела. Гэты свой досвет я не адразу ўспомніў, а праз гадоў дзесяць пасля самога здарэння. Але і цяпер дзень заўтрашні для мяне невядомы, хаця ясна помню, што мне ўсё паказалі, што будзе далей. І трэцці раз паміраў, а мо і не паміраў, а быў пад наркозам тры гадзіны, калі шэсць гадоў таму выразалі правае лёгкае.
Гэта было даўно… Але быццам учора. Канец дзевяностых. Я адчуваў нейкую апакаліптычнасць, агульную бяду, якую трэба было прадухіліць і пазбегнуць. Чамусьці быў упэўнены, што менавіта я быў павінен зрабіць нешта такое, неардынарнае і нечаканае, каб злыбяда абыйшла Беларусь бокам. Напужаць яе ці што… Хадзіў з гітарай за плячыма басанож праз увесь Мінск, рваўся ў высокія кабінеты. Але натыкаўся на глухую сцяну. Ніхто нічога не разумее і не бачыць. Тады са мной на радыё працавала рэжысёрам Алёна Казленя, яна лічыла сябе псіхолагам і ўзялася вывесці мяне з гэтага стану. Кніжкі розныя падкідвала, трэнінгі праводзіла, тэсты… Запомнілася з яе вучобы і настаўленняў: “Калі на цябе пачынае навальвацца чорнае, кажы такую мантру: “Не тронь! Не тронь!! Не тронь!!!”. Як малітву гавары, пасылай яе ў неба і яны табе не змогуць нічога зрабіць. Ты будзеш як бы пад шчытом. І вось аднойчы чорны думы зноў наваліліся на мяне. Я ўспомніў павучанне Алёны, і пачаў па наказу мантрыць яе словы: “Не тронь! Не тронь!!! Не тронь!!!” І гадзіну пасылаю, і другую… А думкі чорныя не адступаюцца… І праз нейкі час заўважаю, што прамаўляю ўжо зусім іншыя словы: “На трон! На трон!! На трон!!!”. Не ведаю, якім чынам адбылася падмена, але я задумаўся, што ж Гасподзь мне хоча гэтым сказаць? І дадумаўся за ноч. Раніцай устаў і праз увесь Мінск пехатою рушыў да прэзідэнта. Думалася, зайду да яго, выцягну ўказальны палец перад ім, які паказвае ў неба і спытаюся: “Што гэта?” І па яго адказу, па яго рэакцыі адразу зразумею, хто ён і каму служыць. Калі ён акажацца не тым, за каго сябе выдае, проста там у кабінеце гэтым жа ўказальным пальцам і заб’ю яго.
Безумоўна, што ніхто мяне не пусціў босага да прэзідэнта. Але я быў упэўнены, што перада мною расчыняцца ўсе дзеверы. Ішоў па Менску і ўсюды, як пад заказ уключалася зялёнае святло, мне дапамагалі птушкі і людзі, бадзяжныя сабакі і дваровыя каты. Усё жывое радавалася і спрыяла маёй хадзе. Але сказалі ў Адміністрацыі, што на прыём трэба папярэдне запісацца. І чакаць, чакаць месяц, а мо і два… Маўляў, пакуль не выклічуць. “А калі заўтра вайна? Калі часу, каб чакаць, ужо не засталося? Калі ўсё можа разрашыцца нават сёння? – чыноўнік маўчаў, тупа глядзеў на мяне і не выціснуў з сябе ні слова. – То пайшлі вы нахер са сваім прэзідэнтам!”.
Развярнуўся і выйшаў. Рушыў на радыё. Прыйшоў на працу. Алёна нават не здзівілася, што прытэпаў басанож. Праз нейкі час прапанавала схадзхіць на Камсамольскае возера, развеяцца… Узялі там катамаранг і доўга плавалі. Мне ўсё гэта хутка надакучала, бо хацелася нейкіх рашучых дзеянняў, а тут сядзі і арудуй вёсламі, як прыдурак. Хаця яна вельмі радавалася, што атрымался такое свята. Свяціла сонца, прыпякала галаву.
І я бачу, што мой «псіхолаг» таксама не адчувае важнасці моманта.
– Вот не верыш, зараз устану і пайду да таго берага па вадзе?
– Ну давай, паспрабуй, – усміхнулася яна.
Я стаў на край пасудзіцы і смела ступіў на паверхню возера. Зрабіў крок і брохнуўся ў ваду з галавою. Не помню дастаў дна нагамі ці не, але ячшэ там у вадзе здзівіўся, што вада не ўтрымала мяне. Вынырнуў, адфыркаўся. Залез назад у лодку.
– Ну як вадзічка? – засмяялася Казленя.
– Нармальная… Халодная.
Я сядзеў з адчуаннем, што мяне падманулі. Сядзеў пакрыўджаным. Бо перад тым ні на ёоту не сумняваўся, што дайду да супрацьлеглага берага па паверхні возера. “Чаму я брохнуўся? Гэта несправядліва? Ці там, на небі нікога няма?”
Здалі катамаранг і пайшлі на радыё. Па дарозе я ўсё ніяк не мог супакоіцца, чаму вада не ўтрымала мяне. Алёна нешта ўсё тлумачыла. А потым, каля альтанкі да мяне прыйшла радасная думка.
– Алёна, дык я ж ёсць! Я – ёсць!!! Я – ёсць!!!!!!!
І тут непадалёк з лавачкі, каля якой цяпер стаіць “шчыт і меч” адгукнулася жанчына: “І я ёсць!”. Яна падбегла да нас, паказала пальцам на сябе, стукаючы ў грудлзі, сказала: “Я таксама ёсць” – і пачала грузіць нас сваімі праблемамі. І Алена патлумачыла: “Бачыш, як толькі ты ўсвядоміў сябе, як толькі сказаў, што “ты ёсць” – прастора адгукнулася і знайшоўся чалавек, які таксама сябе ўсвядоміў, і сказаў, што і ён ёсць. Ты не адзін у свеце. Гэта вялікае шчасце прыйсці да таго, што ты ёсць…
Жанчына пацягнулася з намі на радыё і, здаецца, мы нават зрабілі з ёю нейкі сюжэт.
2017 – 11.09.2018 г.


Рецензии