Старая карчма бел

На скрыжаванні дарог, там, дзе вясковая каляіна выходзіць на Слонімскі шлях, стаяла закінутая карчма. Ранейшы рандар даўно памёр, дзяцей у яго не было, і карчма шмат гадоў стаяла пустой.
Аднойчы да пана прыехаў новы рандар. Паглядзеў карчму, узяўся мяняць дах і вокны. Праца iшла, і праз месяц карчма была гатова. Рандар пераехаў і перавёз рэчы.
Пакуль уладкоўваўся, вызначаў, што куды паставіць, надышоў вечар. Рандар пачаў рыхтавацца да сну. Замнуў дзверы, зачыніў аканіцы: месца наводшыбе, ці мала што можа здарыцца.
Толькі лёг, чуе, быццам нехта стукае за печчу: «тук, тук, тук…» Запаліў свечку, глядзіць, пасярод пакоя стаіць белы баран. Вочы на рандара вылупіў і блее надрыўна. І здаецца, быццам не блее баран, а крычыць: "Выйду!.. Выйду!.." І так да самай раніцы. Толькі заспявалі першыя пеўні, баран знік, а рандар упаў і заснуў, як забіты...
Увесь дзень хадзіў рандар сонны, за што ні браўся, усё валілася з рук. Увечары ўсё паўтарылася: толькі лёг адпачываць, раздаўся стук за печкай, пасля з'явіўся баран і ўсю ноч крычаў: "Выйду!.." Проста напасць нейкая!
Калі баран знік, рандар заваліўся спаць і спаў да поўдня, але ўсё роўна цэлы дзень праходзіў сам не свой. Увечары вырашыў прасіцца пераначаваць у пана ў пуне, а там вырашаць, як быць далей. Ужо падрыхтаваўся пайсці, як раптам нехта пастукаўся ў дзверы. Пайшоў адчыняць.
На парозе стаяў жаўнер у старым мундзіры.
- Прывiтанне, добры чалавек, - сказаў жаўнер. - Ці не дасі мне папіць-паесці. Можа і пераначаваць знойдзецца мястэчка?
- Ежа і віно знойдуцца, - адказаў рандар. - А вось пераначаваць наўрад ці атрымаецца. Сам іду да пана прасіцца на начлег.
Распавёў жаўнеру сваю гісторыю. Здзівіўся жаўнер, ды і кажа:
- Будзе дождж, будуць і грыбы. Лепш ужо начаваць з бараном пад дахам, чым у полі пад кустом. Пусці мяне да раніцы, а там бачна будзе. Я - чалавек бывалы, што-небудзь прыдумаю.
На тым і парашылі. Рандар выправіўся да пана, жаўнер застаўся на ноч у карчме. Папіў, паеў, што захацеў. Толькі лёг, пачуўся стук за печкай і выскачыў баран. Заблеяў: «Выйду!.. Выйду!..»
Круціўся жаўнер і так, і гэтак, пасля не вытрымаў: узяў качалку і як даў барану па лбе! Рассыпаўся баран, як гліняны гаршчок, толькі куча срэбра на падлозе засталася.
Здзівіўся жаўнер, ды і лёг спаць: раніца вечара мудрагелісцей. Выспаўся, пачаў шукаць срэбра - нічога няма. Тут рандар прыйшоў. Расказаў яму жаўнер пра срэбра, а пасля папрасіў прынесці сякеру. Узяў сякеру, падышоў да печы і стукнуў па сцяне. Срэбра так і пасыпалася. Пачалі глядзець, знайшлі разбіты гліняны гаршчок, поўны сярэбраных манет.
Падзялілі пароўну, узяў жаўнер сваю долю і далей пайшоў. А баран з таго часу з'яўляцца перастаў, і стук спыніўся.


Рецензии