Пацешка i правакатары

Пацешка і правакатары
Воўк і Воран — млекакормячае і птушка, дзве жывыя істоты ў божым свеце перад якімі ў мяне сапраўдны піітэт. Летам дваццатага года ў маёй кватэры з’явілася Пацешка з асьмушкай войчай крыві, а ў пачатку гэтага лета, калі быць дакладным, то 21 чэрвеня ў мяне з’явіўся воран Каркуша. Дваццаць першага чэрвеня 1981 года ў Мулінскіх лагерах, што пад Ніжнім Ноўгарадам, (тады Горкі), праз сорак гадоў за дзень да пачатку Вялікай Айчыннай я прымаў ваенную прысягу, прайшло яшчэ сорак гадоў, каб 21 чэрвеня я падабраў на школьным стадыёне злетка, дзіцёнка шэрай вароны. Убачыў яго, ідучы з рамонта абутку, стаяў пасярод футбольнага поля і род разяўляў, дзеці кучкаваліся вакол яго, напаіць хацелі. Падыйшоў: “Чый воран? — спытаўся”.
— Нічый. Ён піць хоча.
— Я забіраю яго сабе.
 Шкада, што месяц ён толькі пажыў, а потым, калі я ўпершыню выгульваў яго каля палікліннікі, зляцеў на волю і болей не вярнуўся. Не паспеў нават навучыцца гаварыць.
Але гэты месяц, калі Каркуша кватараваў у нас, быў для мяне амаль што самым цікавым месяцам з майго жыцця. Я апісваў усё ў фесбку, не хочацца паўтарацца. Трэба будзе сабраць усё і зрабіць як бы такі літаратурны твор.
А з Пацешкай у мяне асаблівы строй. Я ўжо і не ведаю і вызначыць дакладна не магу, ці гэта складанасць адносін Гаспадара і Сабакі, ці складанасць нашых узаемаадносін зыходзіць з лёсу Пацешкі, ці ўсё вызначаецца адносінамі “чалавек і грамадства”, “Сабака і яго Гаспадар”, адным словам заблытаўся і не магу сказаць дакладна што і да чаго.
Дасталася мне Пацешка ў спадчыну пяцімесячнай ад Аляксандра Дзяйкуна. Аляксандр Дзекун быў чалавекам увогуле ўнікальным. Ён з дзікай прыродай быў “на ты”, трымаў ваўкоў, воранаў, мог злавіць любую птушку, вельмі многа чаго ведаў пра жывую прыроду. Я ўсё ўзбіраўся-збіраўся прыехаць да яго з дыктафонам, каб ён хаця б нагаварыў тое, што ведае, але вось так і не сабраўся. Спазніўся назаўсёды. Вельмі шкадую пра гэта. Адзін з яго воранаў нават здымаўся ў серыяле “Каменская”, у свой час ён падарыў прыходу Архістраціга Міхаіла Лаліту, якая гадоў пятнаццаць верна служыла прыходу. Не буду тут пра тое, як нізка і подла праз гады абыйшоўся з Дзейкуном настаяцель Ігар Галакоў, — Бог яму суддзя. Гаворка пра іншае, пра Пацешку.
Сустракаю Дзейкуна ў тралейбусе ў 2020 годзе, а ён: “Во, у мяне ж воран ёсць, гаварашчы!”.
— І што гаворыць?
— Здраўствуйце, аматары прыроды!
— Дык ты ж мне абяцаў ворана.
— Будзе, будзе табе воран… Я яго яшчэ нядзелькі дзве натаскаю.
Але праз тыдзень зусім выпадкова (ад нашага новага дворніка Генадзя) даведваюся, што Аляксандр Дзейкун памёр.
“Як памёр! Можа ты блытаеш нешта?”.
— Нічога я не блытаю, ён жыве на Шаранговіча 52? Так. Вось ён, гэты Аляксандр і памёр.
Сапраўды ён памёр раптоўна ў 65 гадоў. Нешта з сэрцам. У вёсцы Станькава будаваў дом, і куды мяне не аднойчы заспрашаў, засталіся два ваўкі, вывадак ад Лайкі з ваўкамі, гаварашчы воран і шмат яшчэ чаго іншага. Я паспеў патрапіць і на адпяванне, і на пахаванне, і на памінальны стол, які арганізавалі на Мінскім моры ў “Ноевым каўчэгу”. За сталом устаў і сказаў, што “колькі трэба, столькі заплачу, але воран гаварашчы — гэта мой воран. Яго мне Аляксандр абяцаў”. Жонка Аляксандра, дарэчы таксама носіць такое ж імя, сказала, што ніякіх грошай не трэба, проста аддадзім.
Але жонка сама трабіла ў бальніцу. І толькі праз месяц я змог звязацца з дачкой. І што выявілася. Ваўкі вырваліся з вальера і іх паляўнічыя пастралялі. Воран зляцеў і не вярнуўся. Вывадак Лайкі і Ваўка разабралі.
— А што ж мне? — павісла маё пытанне ў паветры.
Працяглая паўза. А потым дачка і гаворыць: “Ёсць у нас сабачка, пяць месяцаў, Пацешкай завуць. Яна цэлы месяц жыве ў нашай кватэры, ужо муж без павадка выгульвае, на свіст прыбягае, бацька казаў, што 12,5 працэнтаў ваўчынай крыві мае, гэта значыць, бабулю яе з ваўкамі вязалі”.
— Дык аддайце яе мне.
— Ой, я не ведаю. Трэба з мужам параіцца.
А праз дзесяць хвілін звоніць і гаворыць: “Забірайце!” Так Пацешка прыйшла ў нашу сям’ю. І ўсё было б добра і выключна, бо яна сапраўды ўжо была да ўсяго прывучаная, разумная пяцімесячная сабачка. І прасілася на вуліцу, і на свіст прыбягала, і ўсё такое іншае, ніякіх табе праблем. Як толькі апынулася ў сваім новым жытле, адразу ж пацалавася з кошкай Найдай, абтупала, аббегала ўсю кватэру, усё вынюхала і абнюхала, села сабе і быццам бы сказала: “Мне спадабалася! Буду тут жыць. Цудоўная хата”.
Але тут Пацешу напаткала нечакае выпрабаванне. Кошачка пачала цікаваць за ёю, мая Найда цэлы год скрасіла жыццё нашай першай сабачкі Ольвы, французкай бульдожкі. Якая цікавая новая цацка! Вось яна схавалася за мяккае крэсла, скок з гэтага боку яе падпільную. Сабачка схавалася, яна туды, скок — яна ўжо на крэсле зверху пазірае, і куды не памкнецца сабачанятка, усюды бачыць гэтые драпежныя вочы, нікуды ад гэтых вачэй не схавацца. І раптам Пацешцы зрабілася страшна, забілася пад батарэю ацяплення і дрыжыць ад страху. Жудасць проста. Што гэта пачвара з жоўтымі вачыма ад мяне хоча? Я ж яшчэ зусім маленькая, я ж яшчэ дзіця… Праз гадзіну я выцягнуў Пацешку з-пад батарэі, яна ледзь не ўкусіла мяне за палец, калі выцягваў адтуль, шэрсць дыбаком і зарычэла.
Пяць дзён, здаецца, яна і пажыла ў нашай сям’і, без ніякіх праблем. Не. Памыляюся. Праблемы ўсё ж такі ўзніклі. Але яны вырашыліся літаральна за некалькі дзён. Ноч яна праспала пад ложкам. А наступным днём пастроіла Найду, вельмі хутка разабралася з коткай, паказаўшы, што галоўная ў Доме — будзе яна, хоць котка і старэйшая на чатыры гады, але верховодзіць у доме будзе сабака. Адзін дзень, — і ўсё стала на сваё месца. Цяпер Найда, калі Пацеша ішла ў атаку, юркай вавёркаю заскоквала на шафу, або кніжную паліцу, або на гардзіну і  з вышыні назірала, што робіць сабачка. Цяпер, калі Пацешка заходзіла на кухню і глядзела варожымі вачыма, кошка сыходзіла, бо не магла есці, калі ваўчыныя вочы ўперваюцца ў яе. Пацешка падыходзіла і даядала ўсё, што там засталося. Была яна нейкаю худаватаю, бо ў кватэры дачкі Дзейкуна ваявала з іншаю старою сукаю.
Вось яна і пажыла шчасліва ў новым доме дзён пяць ці сем… А потым у суботу другога жніўня Гаспадара ўзялі пад варту проста на сабачым выгуле. Я казаў ім, давайце хоць сабачку злаўлю і дахаты данясем, — “якая сабачка!”, — чулася мне ў адказ, я папярджваў, што інвалід другой групы, што не маюць права, — “А падсведчанне ў вас з сабой ёсць?” –
— Зловім сабачку, — бо яна ўбачыўшы іх, адбегла і толькі гаўкала здалёк, нават на мой вокліч на падбягала, — зловім, аднясем у кватэру і пакажу вам падсведчанне.
Не паслухаліся яны мяня. Можа потым і пашкадавалі. Бо тры месяцы траслі праверкамі іх РУУС і Суды, бо яны ўвогуле ўзялі мяне па адмененаму рашэнню суда. Рашэнне пра аршыт ужо было скасавана, але яны ўся адно аршытавалі. Справа мая нават прагучала ў ААН у рамках спецдаклада, які падрыхтаваў Аляксей Лойка з “Вясны”. Сабачку яны самі ўсё ж такі злавілі тады і аднеслі жонцы.
За хвілін пяць да затрымання, падыйшоў да мяне сабачнік Мікола і гаворыць: “Падобна, што там ціхары…” — і праз нейкі час і ўбачыў я, што рушаць з чатырох бакоў да мяне. Мікола потым распавядаў, што дамапог ім злавіць Пацешку, у нейкі кут загналі і накінуўшы куртку, злавілі.
Жонка: “Званок у дзверы. Я адчыняю. Стаяць двое, адзін з сабакам вялікім, і другі побач. Той, што з сабакам кажа, вашага мужа арыштавалі. А другі:” Ваша сабачка? — паказвае з-за пазухі”
— Мая, — сказала Вераніка, забрала Пацешку і зачыніла перад імі дзверы.
Нават не распытался, хто арыштваў, куды і завошта. Самі потым некалькі сутак шукалі, пакуль не даведаліся праз “Вясну”, дзе я і што са мной. Вось два дні суботу і нядзелю Вераніка баялася з кватэры выходзіць і Пацешка пайшла хадзіць па малой і вялікай патрэбе на лоджыю.
Як былы ветэрынар сам ведаю, што такое калі жывёліна вырашыла, што нешта можна рабіць. Лягчэй навучыць, але вось перавучваць нешта рабіць, вельмі цяжка. Таму і вымыкнула праблема ў Пацешкі. Калі вельмі дапячэ, просіцца-просіцца, не паслухаўся адразу, ах так, — схадзіла на лоджыю і наваліла кучку, або пасікала… Доўга з гэтым прыйшлося змагацца, паўтаруся яшчэ раз, сабаку лягчэй навучыць, чым адвучыць або перавучыць. Здаецца, вось-вось на днях, як мне думалася нарэшце я дабіўся выніка.
Сваю тэрыторыю, тэрыторыю нашай кватэры Пацешка ахоўвала жалезна, заўсёды брахала на чужых, нават калі сыны прыязджалі спачатку абгаўквала іх і толькі потым, калі ўжо сапраўды пазнавала, прымала ласкай. Не дарэмна ў народзе кажуць, што “добры сабака і на бога брэша”. Але вось калі ўламіліся “Губазікі” з ператрусам і вобшукам, нават і пікнуць не паспела, ці сваім воўчым розумам зразумела, што творыцца нешта несусветнае, ці інтуіцыя падказала “не вякаць”, але я не чуў, каб яна на іх гаўкала. Можа і шчэрылася і зубы паказвала, бо пачуў краем вуха: “Счас сабачку выбросім з четвертого этажа через балкон!”. Мусіць, забілася ў сваё лежбішча і ляжала, пакуль яны ложак не перавярнулі. І добра зрабіла мая разумніца, што не гакала на сабак, бо тыя і напраўду маглі зрабіць такую дзіккую подласць.
Пацешка — сабака з характарам. Яна да ўсіх спачатку з ласкай, але калі раптам сабака які ці чалавек нешта такое праяўляе і яна, не гледзячы ні на што, адразу кідаецца ў бойку. З месяцы два таму ледзьве зтрымаў яе, добра што на павадку была, калі гадавалы немец, пэўна зусім дурны яшчэ, але агрызнуўся чамусьці на яе, хоць і кабель, і тут бачу, шэрсці дыбкі ў Пацешкі і давай з такой ярасцю кідацца на пасць звяругі, якая магла б адным клацаннем чэлюсцей перакусіць ён хрыбет. Хоць і мальнькая мая Пацешка, але звер таксама сур’ёзны. Можа, сказваецца гэтая асьмушка воўчае крыві, ці што іншае…
Пасля “губазікаў” папракнуў я неяк Пацешку, што гэта яна, маўляў, на гасцей і добрых людзей гаўкае, а на іх нават пікнуць пабаялася. Не прашло і двух дзён як паказала яна мне, што нікога і нічога яна не баялася. Ішоў з Максімума, прадуктаў закупіў, стаў пад каштанамі і адпачываю, пакурваючы. Стаю сабе ў бушлаціку сынавым, у берэціку “аля Вераніка” неба вэнджу. Набліжаюцца двое падлеткаў, шыбуюць з тратуара да мяне. У Пацешкі здалёк бачу шорстка дыбам устае, падыходзяць: “Мужык, сігарэтой не угостішь?”.
— А вам па васімнадцаць ужо ёсць.
— Ёсць.
— А пашпарты паказаць можаце?
— Не носім паспорта…
Сам сабе думаю, што ж я за мудзіла такое, бо сам жа ў юнацтве колькі страляў у дарослых, і ніхто ў мяне ніколі пашпарта не пытаўся. Дастаў пачак, пачаставаў і аджартаваўся: “Пачастуй малалетак, дык яшчэ і базавых упаюць.” Яны падзякавалі і адыходзіць пачалі, а Пацешка ўвесь час як бы бурчэла, а калі адыходзілі дык кінулася пакусваць іхнія лыткі. Адным словам даказала мне, што яна — мой страж, што яна не проста так для пацехі сабачка, а яна здалёк ведае і адчувае, што і з якім намерам набліжаецца да мяне, і чаго ад каго чакаць.
Дваццаць чалавек пройдзеа, яна ні ў зуб нагою, і вухам не вядзе, а на дваццаць першага чамусьці загаўкае, або моўчкі так клацне зубамі, за лытку ўкусіць хоча. Раней усё на веласіпеды кідалася і на каляскі. Людзей у спецформе таксама не любіць.
Жыве ў суседнім  пад’ездзе страхалюдзіна, пачварнае такое стварэнне на двух нагах, ходзіць з кіёчкам і ўсе сметніцы абстуквае. Працала дзесці галоўным эканамістам, пенсію добрую мае, але ні дзяцей, ні ўнукаў… Быў быццам бы сын, ды памёр маладым. Раней яна начамі  бутэлькі збірала, выходзіла праз кожныя гадзіны дзве, людзям спаць не давала. З бамжамі за тэрыторыю білася, маўляў, гэта яе тэрыторыя. Гады тры бачыў як яна дваравых катоў камнямі біла, і атруту нейкую сыпала ім. Адным словам — пачвара і страхалюдзіна.
Ідзём на днях з Веранікай з Максімума, і Пацешка на павадку, дык што вы думаеце, Пацешка адразу ж яе ўкусіць за лытку хацела, — клац-клац зубамі, але я адсмыкнуў. Дарэчы, на днях узаконіў сваю Пацешку, міжнародны пашпарт атрымала, засталося толькі фотаздымак уклеіць, і прывіўку ад шаленства зрабіў. Бо запраста так укусіць каго можа, паскуду якую пакусае, зацягаюць па судах і засудзяць. А так — у нас дакументы, калі ласка, у нас прывіўкі, вось глядзіце.
Так што цяпер мы — паўнапраўныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь.
Бо Жыве Беларусь!


Рецензии