Мiлы сябар бел
Аднойчы нават прыснілася, быццам нехта лёг побач з ёй на ложак і паклаў руку на стан. З заміраннем сэрца Мар'яна адчула цёплае дыханне на шыі. А пасля ён пацалаваў яе за вухам і прашаптаў: "Яшчэ не час". Жанчына хацела абярнуцца, але раптам прачнулася. Некалькі дзён пасля гэтага яна клалася спаць з думкамі аб незнаёмцы, але ён больш не з'яўляўся.
Аднойчы ўвечары ўдава ўжо збіралася ў ложак, калі пачула ціхі стук у акно. Вызірнула вонкі і ўбачыла таго самага незнаёмца, што прыходзіў у сне. Ускрыкнуўшы ад здзіўлення, Мар'яна ва ўсе вочы глядзела на яго і баялася паварушыцца. Ён усміхнуўся і паказаў на брамку. Жанчына кінулася адчыняць.
Зайшлі ў хату. Пры святле каганца зноў паглядзела на незнаёмца: так, гэта быў ён, цудоўны хлопец са сноў, адзіны і жаданы. Твар ягоны, позірк, голас, нават пах здаваліся такімі знаёмымі, роднымі, нібы прыйшлі з патаемных куткоў памяці.
- У мяне падаруначак, - сказаў незнаёмец і працягнуў Мар'яне яркую хустку, - з самога Кіева. Надзень...
Сэрца ўдавы ўздрыгнула і ўпала да яго ног. Хлопец лёгка падняў Мар'яну на рукі і панёс у ложак.
...З першымі пеўнямі незнаёмец пайшоў. Маладая ўдава ляжала ў ложку, успамінаючы яго абдымкі і салодкія пацалункі. Хто гэта быў? Як яго клічуць? Яна не ведала.
Увечары стук у акно паўтарыўся. Мар'яна паглядзела і кінулася адчыняць. Зайшлі ў хату.
- У мяне падаруначак, - усміхнуўся незнаёмец і дастаў з кішэні чырвоныя каралі. - Давай дапамагу надзець.
Ён зайшоў ёй за спіну, каб зашпіліць замочак. Лёгка крануў валасоў.
- У цябе прыгожыя валасы. І шыя…
Ад дакрананняў незнаёмца ва ўдавы закружылася галава. Яна павярнулася, каб абняць яго.
- Ня спяшайся. Здымі сукенку...
Ён цалаваў яе шыю і спіну, і сэрца жанчыны стукала, як звар'яцелае…
Пасля блізкасці, шэптаў і незямных ласак, яны ляжалі, абняўшыся, у ложку.
- Як цябе клічуць? – нечакана спытала Мар'яна. – Хоць гэта ўсё роўна…
- Кліч мяне мілым сябрам, - усміхнуўся хлопец.
- Добра…
…Ён сышоў з першымі пеўнямі. Ёй было крыху шкада, што ўсё так хутка скончылася, і дзіўна, чаму ён не мог застацца да света. Задаволеная, але зусім без сіл, жанчына заснула і спала амаль да поўдня.
Ён прыходзіў амаль кожны вечар, заўсёды пасля захаду сонца, і заставаўся да першых пеўняў. Ні ежа, ні пітво яго не цікавілі, толькі ласкі і пяшчоты. Але што гэта былі за пяшчоты! Мар'яна забылася на працу, забылася на сон, яна нават амаль не ела - усё чакала мілага сябра.
Калі ўдава перастала выходзіць з хаты, суседкі прыйшлі праведаць. Нягледзячы на абедны час, Мар'яна ляжала ў ложку. Бледная, схуднелая, без сіл. Адны вочы гараць.
Сталі пытаць - у думках блытаецца, нічога толкам сказаць не можа. Ледзьве выпыталі пра мілага сябра і яго «незямныя ласкі». Пераглянуліся бабы і пабеглі да ведзьмака.
Пакуль чакалі, падмялі і выветрылі хату. Прыйшоў вядзьмак, абвёў усіх пранізлівым позіркам. Паглядзеў на ўдаву.
- А гэта што? - Паказаў на шыю.
- Каралi.
Суседкі пераглянуліся.
- Адкуль яны ў цябе?
- Ад хлопца, падарунак…
- Ад хлопца?..
Вядзьмак яшчэ раз абвёў позіркам пакой.
- Ты схуднела... Я пашапчу крыху, на шчасце ў хаце. Не супраць?
Мар'яна кіўнула. Ён пачаў шаптаць: "Устану я, перахрысціўшыся..." Жанчына закрыла вочы.
…Калі Мар'яна прачнулася, суседкі ўжо сышлі. Вядзьмак сядзеў за сталом і піў гарбату з духмяных зёлак. Яна не памятала, як заснула, памятала толькі, што снілася нешта прыемнае і абуджэнне было лёгкім.
- Прачнулася? - усміхнуўся вядзьмак. – Падымешся ці яшчэ паляжыш?
Замест адказу Мар'яна памацала каралі на грудзях:
- Што гэта?
- А ты як думаеш?
Са здзіўленнем удава зняла з шыі павязаныя на льняную нітку шэрыя альховыя шышачкі.
- Я думала, гэта каралі... Мне так здавалася...
- Думаю, іншыя падарункі твайго сябра будуць такімі ж, - сказаў вядзьмак і прыбраў у бок кубак.
Мар'яна ўстала і падышла да печкі. Глядзіць, і праўда: замест хусткі, падоранай яе мілым сябрам, ляжыць на палічцы кавалак старога мяшка. А пярсцёнкі аказаліся з лыка і бяросты.
- Што гэта? - разгублена паўтарыла ўдава.
- Ці бачыш, - асцярожна адказаў вядзьмак, - твой мілы сябар - ня чалавек. Гэта Цмок, агністы змей. Ён прымае аблічча таго, пра каго жанчына сумуе. Адводзіць вочы падарункамі, але гэтыя падарункі - проста смецце. Усё, што трэба Цмоку, - любоўная блізкасць, з дапамогай якой ён атрымлівае над жанчынай уладу. Ня проста ўлада, але забірае жыццёвую сілу; чалавек слабее і памірае. Ты ж не шукаеш смерць?
- Не, што ты!
- Тады табе лепш развітацца з ім. Прама сёння.
- Але як? Я не ведаю…
- А я цябе навучу…
Вядзьмак распавёў, што рабіць, пасядзеў яшчэ крыху і сышоў, а Мар'яна стала рыхтавацца да прыходу Цмока.
Сабрала ўсе яго падарункі, што наводзяць чары. Жадала спаліць, але вядзьмак забараніў рабіць гэта ў хаце. Проста завязала ўсё ў вузел і выкінула за браму. Пачала чакаць вечар.
Пасля заходу пачуўся знаёмы стук у акно. Выйшла адчыняць, і адразу каля брамкi сказала:
- Ты падарыў мне шмат падарункаў, і я жадаю зрабіць падарунак у адказ.
- Давай зойдзем у хату.
- Спачатку падарунак...
Мар'яна зняла з сябе сподні крыжык і працягнула рукі, каб надзець хлопцу на шыю. Той адхіснуўся, змяніўшыся ў твары. Аблічча мілага сябра стала расплывацца і раставаць. Усё, што здавалася тварам, рукамі, нагамі, паплыло ў паветры, развальваючыся на часткі, і раптам закружыла нястрымным віхурай. Віхура падхапіў выкінутыя ўдавой падарункі і памчаўся прэч па вуліцы. Узмыў у неба вогненным каромыслам і знік.
Уздыхнула ўдава і пайшла дадому. І ўсё стала па-ранейшаму, як было заўсёды.
Свидетельство о публикации №221111500887