Нахабны добры кот

Я – нахабны рыжы кот. Гэтак мяне часта кліча гаспадыня. Не ведаю, праўда, чаму. Здаецца, я вельмі добры – і па характары, і па фігуры. Паслухмяны – падумаеш, калі пару разоў парушыў забарону – і залез на стол. Люблю спаць у крэсле, чым цяпер і займаюся. Але сон у мяне чуйны... 
Пачакайце-пачакайце, а што гэта мая гаспадынька там робіць? Зараз толькі пацягнуся і пайду правяраць. Мур-р-р.
А, ёлачныя цацкі дастае. Што ж я на каляндар не гляджу – хутка Новы год! І, як звычайна, мяне апрануць у касцюм Дзеда Мароза, пасадзяць у санкі з казачнымі аленямі – і пачнецца фотасесія. Я, канешне, не аднекваюся, але, шчыра прызнаюся, мне не падабаецца гэтая ідэя.
– Слухай, гаспадыня, а, можа, мы б жывога аленя купілі? І па вуліцы дзяцей каталі б? Уяві, як цудоўна было б! Мяў.
– Ну што ты, Рыжык, усё мяў ды мяў, – адказвае яна. – Так, час ужо ствараць святочны настрой: упрыгожым ёлачку, запалім гірлянду, апранём цябе ў Дзеда Мароза – амаль казку зробім у хаце.
Эх, гаспадынька, здаецца і не дурная ты, але чаму ж не разумееш, што я табе кажу? Не хачу больш быць Дзедам Марозам! Я дарослы кот, а не якая-небудзь цацка. Мая справа – мышэй лавіць! Мяў.
– На вуліцу пойдзеш, Рыжык? Ну ідзі. Чаго ўжо так мяўкаць?
– Ну і пайду! І прыдумаю, як не апранаць гэты касцюм.
…Але ж і холадна! І чаго я з хаты пайшоў, спаў бы сабе? Але на марозе лепш думаецца. Давай, Рыжык, ты можаш!
– Эўрыка! Гэта ж проста: трэба знайсці некага, каб яго апранулі замест мяне. Але дзе і каго шукаць?..
 Пачакайце, а што гэта пад нашай лаўкай чорнае варушыцца і крэкча? Я, як самы галоўны ў двары, павінен сачыць за парадкам. Зараз праверу. Баяцца мне няма чаго – я ого які баявы! Тут павінна стратэгія быць: ціхенька падыходзім, прынюхваемся…
– Гэй, ты што, шчанюк? Адкуль? Ты ж замерз! Дзе твой дом?
– Быў дом, цяпер няма… У скрынцы паставілі мяне ў нейкім двары, але і адтуль прагналі. Ці можна, дзядзя Коцік, у вас застацца?
Мяў, здаецца, сам лёс дапамагае мне: трэба шчанюка сабе ўзяць. Толькі вось як угаварыць на гэта гаспадыню?
– Ты, сабака, – жывёла разумная, таму слухай мяне: я прыдумаў, як табе дом знайсці. Зараз пойдзем да мяне. Калі мая гаспадыня адчыніць дзверы, ты падрыжы, паскавычы і, галоўнае, жаласна глядзі ёй у вочы – яна не вытрымае і возьме цябе.
– А калі не?
– Дакладна гавару: так! Жаласлівы погляд ратаваў мяне неаднойчы.
Мяў, ну, гаспадынька, зараз ты здзівішся маёй вынаходлівасці. Паскрабём дзверы, каб яна пачула, што я прыйшоў. О, ідзе…
 – Вой, а хто гэта ў нас такі з’явіўся? Што за камячок з маім Рыжыкам пасябраваў? А які ж ты маленькі, халодненькі… Страціўся, напэўна. Нічога, потым пашукаем гаспадароў, – а калі што, дык у нас застанешся. Пойдзем у хату, малака вам налію.
– Што я табе, шчанюк, і казаў: будзе табе дом!
Толькі прабач, што не папярэдзіў, але быць табе на Новы год Дзедам Марозам. Можа, я і нахабны рыжы кот, але ўсё ж добры: дзякуючы мне спраўдзілася мара шчанюка.


Рецензии