10. зялёны дзённiк

10. ЗЯЛЁНЫ ДЗЁННІК.

 Як хлопчык жыццё шукаў.
      (казка-быль, пачатак)
Жыў на свеце хлочык. Не было ў яго маці, толькі адзін бацька. Кожны дзень бацька ўставаў і ішоў на работу, а калі прыходзіў вечарам…
- - -
Душа — гэта ракетаносьбіт, які выводзіць карабель чалавечага духу на арбіту, выканаўшы сваю ролю — розум згарае.

29 студзеня.
Прырода захварэла чалавекам,
Як вірусам хварэее арганізм.
***
Калі я не задумваўся ў чым сэнс жыцця — радасці было поўныя штаны, калі ж я раптам вырашыў, што сутнасць жыцця ў радасці — зрабілася сумна.

ПАСЛАННЕ
(Не скончанае апавяданне).
Званілі доўга і настойліва. Івана Будзіміравіча такія нахабныя званкі, калі хвіліну трымаюць палец на кнопцы, выводзілі з сябе. Ён раззлаваны бег да дзвярэй. Скрыгатнуў замок і Іван з абурэннем рвануў дзверы на сябе.
У насчыненым праёме яны стаялі ўчатырох: рукі ў кішэнях аднолькавых скураных плашчоў, усе — у чорных капелюшах; у аднаго з іх на твары, нібы маска, застыла здзеклівая ўсмешка. Іван памкнуўся было зачыніцца, але пярэдні ўхапіўся за дзявярную ручку, моцным штуршком стукнуў Івана дзвярыма ў лоб, груба адграбнуў куцай рукой да сцяны і зайшоў у кватэру. За ім другі і трэцці. Апошні, калі праходзіў міма, нахіліўся да разгубленага Івана і з хіхіканнем прашаптаў пад самым вухам:
— Ты гэта, хі-хі, маўчы! А то возьмем гэта, хі-хі-хі, на кавалачкі цябе парэжам і засмажым. Вось так! — рагатнуў ён напаследак і пстрыкнуў Івана па носе.
Івану зрабілася страшна. “Напэўна, — падумаў ён, — гэта і ёсць тыя самыя сатаністы?”. З кватэры пачуліся крыкі сястры. “Чаму яна аказалася ў мяне?” — здзівіўся Іван, але голас быў менавіта яго роднай сястры Любы. Сабраўшыся з духам, Іван рвануўся ўслед за чужынцамі. На парозе яго зноў сустрэў той, што шаптаў на вуха: пагрозліва паківаў пальцам і паднёс палец да губ, зрабіўшы крыжык.
— Цьш-ш-ш! — гусаком прышыпеў ён — маўчок! А то гэта, хі-хі, на кавалачкі пасячэм і засмажым.
Толькі зараз Іван пазнаў яго, гэты быў прасвіцер той самай секты, куды хадзіла сястра.
Іванавы ногі раптам зрабіліся драўлянымі, нібы прыраслі да падлогі, млявасць разлілася па целе і ён павольна асунуўся на падлогу. “Так і ёсць, — збянтэжана залыпаў вачыма Іван, — сатаністы!”
Двое трымалі сястру за рукі, адзін накруціўшы на далонь валасы, прыгінаў галаву да падологі. а той апошні, што нагнаў на Івана страху, падскокваў і біў Любу нагамі.
— Людзі! Дапамажыце! Забіваюць!! — крычала сястра.
Іван Будзіміравіч толькі ўбіраў галаву ў плечы і прыціскаўся да сцяны — яму хацелася зараз зрабіцца маленькім тараканчыкам і прашмыгнуць праз дзірку пад дзявярыма. “Добра, што няма жонкі і дзяцей, — з нейкім мізэрным вяселлейкам думаў ён, — але адкуль узялася тут Люба?”. Ён баяўся за сваё жыццё. Чатыры чорныя капелюшы завіхаліся ля сястры, яны нагналі на Івана такога жаху, што той баяўся паварушыцца, каб неяк выдаць сваю прысутнасць. “Заплюшчу вочы, няхай думаюць, што я сплю”.
Чуліся глухія ўдары, пасля кожнага ўскрык сястры балюча біў па вушах. “Няхай бы цішэй крычала, — турбаваўся Іван, — а то яшчэ здагадаюцца, што я не сплю, а прыкідваюся. Трэба храпсці, каб усё было пераканаўча”.
— Іван! — раптам крыкнула сястра: “Выдасць, выдасць..!” — закалацілася яго сэрца.
— Іван!! Ты ж мужчына!!!
Будзіміравіч падхапіўся з падлогі нібы ўджалены. Схапіў са стала два відэльцы.
— Сукі!!! — не пазнаў ён свайго голаса, — пазабіваю! Два ўдары — восем дзірак! Насмерць пазабіваю! — Іван кінуўся на таго апошняя, што біў сястру нагамі…
Тут Іван Будзіміравіч прачнуўся. Спачатку з палёгкай уздыхнуў, што гэта ўсяго толькі сон, але ён ведаў: нічога ў чалавечым лёсе не здараецца проста так. Тым больш — такія яскравыя сны. Трывога нарастала. Побач ціха посопвала жонка. Ён прыўзняўся і глянуў на зялёны цыферблат электроннага гадзінніка. Было роўна чатыры гадзіны. У сне іх таксама было ўчатырох. Чатыры — зямная лічба, чатыры стыхіі, чатыры бакі свету. Будзіміравіч шукаў нейкую сувязь паміж сном і рэальнасцю. Усё ўскладнялася тым, што той, якога ён баяўся ў сне, быў якраз прасвітэрам евангелісткай секты. Ён пазнаёміўся з ім летам, калі ездзіў да сястры. Ужо хутка год, як сястра пачала хадзіць у гэтую секту.
Іван падняўся, ціха, каб не разбудзіць жонку, прайшоў на дыбачкай на кухню. Уключыў газавую пліту і паставіў чайнік. Доўга глядзеў у акно. Вецер завываў на вуліцы і шпурляўся ў шыбіну дробнымі кроплямі дажджу. Закіпеў чайнік. Заварыў чай у вялікімі фарфоравым кубку сіняга колеру і, размешваючы лыжкай цукар, падумаў, што добра было б напісаць сястры ліст. Ён узрадаваўся такой думцы. Знайшоў чысты сшытак і аўтаручку.
(На гэтым рукапіс абрываецца. Наколькі помнніцца ў лісце да сястры павінна было быць нейкае адкравенне, але я так і не вярнуўся да гэтага апавядання і не дапішу яго ніколі).


Рецензии