Зубы i случакi

Зубы і случакі
Дзесьці чысла 7-га лістапада прапала мая ніжняя чэлюсць. Два дні з Веранікай абшукаліся па ўсёй хаце — нідзе не знайшлі. Вядома, што некуды Пацешка знесла, я ўжо і на шафах глядзеў — раптам яны зкааперыраваліся з коткай і Найда запёрла на якую-небудзь шафу, ці кніжную паліцу. Няма! Нідзе зубоў не знайшоў. Паказваю Пацешцы верхнія зубы і пытаюся: “Дзе мае зубы?” — вінавата адводзіць позірк і ўцякае пад ложак. Яўна, што яна і ўхайдохала мае зубы.
9-га лістапада пайшоў у Гарадскую стаматалагічную паліклінніку № 7, патрапіў да пратэзіста Уладыкі Юрыя Станіслававіча (родам з Вілейкі), ён падцвердзіў маю здагадку, што пратэз згрызла сабака, з яго практыкі такое не аднойчы здаралася. 26-га ўпершыню прыехаў дадому з новымі пратэзамі, з такой аператыўнасцю, пэўна, ва ўсёй сталіцы яшчэ нікому зубы не ставілі. Прайшло 17 дзён і ў мяне стаяць новыя зубы.
— Цяпер будзеш месяц вучыцца жаваць.
— Ды вы што, у мяне ж усё ж такі вопыт.
— Гэта значэння не мае, новыя зубы, па-новаму вучыся і жаваць, і гаварыць.
Сваіх фесбушных сяброў і фрэндаў я здорава разыграў, напісаўшы, "схадзіў на прыём да Ўладыкі, паказаў зубы…. У пятніцу канчатковае вырашэнне праблемы..."
Усе ўспалашыліся, падумалі, што я хадзіў да Веніаміна, чаго, маўляў, я ад іх хачу? Адзін фрэнд напісаў “будзе свісцець, што ўсякая ўлада ад Бога” — “Мой свісцець не будзе, зробіць справу і дасвідос”.
Яшчэ некалькі разоў прыйдзецца хадзіць на карэкцыю, то там націрае, то тут забаліць. А 26-га лістапада, калі ад’язджаў да Уладыкі, выняў з паштовай скрынкі павестку ў суд па маёй скарзе, выклікалі ў суд 25-га ў 15.00.
“Што ж гэта такое робіцца?” — абурыўся я, суд быў учора, а павестку толькі што атрымаў. Пасля таго, як уставіў новы пратэз, перайшоў праз вуліцу забраць рашэнне Мінскага гарадскога суда.
У канцылярыі выстаўляю прэтэнзіі:
— Мы высылалі вам павестку, — спрабуе апраўдацца сакратарка.
— Дзе ж вы выслалі? Хоць не лгалі б, вось, гляньце! Толькі што атрымаў, а суд быў учора. Без мяне мяне жанілі?
— Пагуляйце хвілін дваццаць, суддзя Хаткевіч у працэсе, ён павінен подпіс паставіць.
Прагуляўся… Праз паўгадзіны заходжу, а дзяўчаты такія радасныя: “Адмянілі ваша рашэнне!” — суддзя Хаткевіч адмяніў “сто базавых” і адправіў справу назад на дапрацоўку іншаму суддзі.
 Цяпер прыйду туды з адвакатам. Будзе лягчэй адбівацца і даказаць падлог і фальсіфікацыю справы. Звязаўся з Асмалоўскай Алісай Уладзіміраўнай, патлумачыла, што трэба зрабіць, каб яна суправаджала справу далей. Паспеем, яны там у Фрунзенскім раскатурхаюцца праз тыдні тры.
Так што яшчэ раз пераканаўся, што 26-е для мяне сапраўды знамянальнае чысло, пераможнае, і усюды мяне суправаджае, як і лічба 13.
Юрыю Станіслававічу, калі заходзіў на прыём, амаль кожны раз падпісваў загадзя кніжкі: “Пераход”, “Трынаццаць дзён”, “ТрыТворы”, Валерыя Кухарчука “В год Апакалипсиса” і ўнукам “Млын на сямі колах” — няёмка заходзіць з пустымі рукамі, тым болей, што пратэзы мне, як інваліду другой групы, зробяць бясплатна. Падпісаў “Пераход” і зубному тэхніку з Лагойска, бо Ўладыка неяк пахваліўся, добра, маўляў, што ў яго такі талковы зубны тэхнік.
Станіслававіч з дасціпным пачуццём гумару, умее ўдала жартаваць, распавёў мне некалькі цікавых гісторый пра случакоў. Раней ён 11 гадоў працаваў у Слуцку. Неяк прапаршчык пасварыўся з цешчай і прыеха дахаты на танку, зпляжыў увесь агарод, усе яблыні і кусцікі танкам парасціскаў. Ужо з гарматай недзе за горадам яго чакалі, каб растраляць танк.
— І што стралялі б?
— Канешне стралялі б… Як жа ты яго з танка выкурыш. Праз масток ён перайязджаў, і не вытрымаў мост, праваліўся і танк на бок заваліўся, толькі тады і дасталі прапаршчыка. Дваццаць пяць гадоў далі.
А другі прапаршчык, вось ужо гэтыя прапаршчыкі, таксама сварыўся з цешчай, высмыкнуў кальцо і кінуў ёй гранату: “На табе, сука!” — цешча падумала, што балванка, ці якая вучэбная, адграбнула нагой назад у яго пакой, а яна як бабахнула, усе вокны ў доме павыляталі. Прапаршчыка насмерць забіла, а цешча жывучая аказался, выжыла…
Калі ёсць сярод фрэндаў случакі, няхай паправяць, бо за што купіў, за тое і прадаю.


Рецензии