Божая Мацi Пекарская

Бажая Маці Пекарская
28 лістапада ў нядзелю выбраліся з Веранікай ва Урублескі, які нядаўна зноў адчыніўся. Каля пад’езда на сметніцы ўбачыў, што нехта выставіў ікону Божай Маці Пекарскай, відавочна, што доўгі час вобраз знаходзіўся ў вёсцы, але вось цяпер нехта з жыхароў нашага пад’езда з невядомай прычыны выкінуў яго на сметнік.
— Будзем ісці назад, калі будзе ляжаць тут, забяру сабе.
— Навошта табе браць на сябе чужыя грахі, — адразу залямантавала і запярэчыла  Вераніка.
— Не твая справа. Не пакіну ж я Божую Маці на сметніцы.
І каму замуляла бацькоўская ікона, што яе выкінулі? Вярталіся з крамы і забраў яе. У панядзелак пафарбаваў раму, укруціў самарэзы, прычапіў вяроўчыну ззаду. Дастаў перфаратар, каб прасвярліць дзірку ў сцяне. Але нешта дзіўнае пачало рабіцца з маім перфаратарм, улючаю, працуе, як толькі падымаю вышэй галавы, ён адключаецца. Ужо хацеў званіць Тадэушу і запытацца пра хітрасць яго бытавой тэхнікі. Але нарэшце ён мерна застукаў і закруціўся. Выскачыла суседка Святлана. “Што ты делаеш на нашем общем пространстве? — спыталася яна”.
— Вось, вобраз Божай маці майструю. А Коля дома? — спытаўся я, каб прадэмастраваць цуды перфаратара, які ўсё яшчэ выкідваў конікі.
— Не няма.
Але калі я пачаў дзяўбаць перфаратарм сцяну суседка зноў выскачыла з дзвярэй сваёй кватэры: “Ты можешь тіше, ілі пазже немного? Коля анлайн лекцыю праводіт”, — сказала так, быццам коля с Ілонам Маскам на Марс паляцеў.
Я ўсміхнуўся, бо яна ж толькі што казала, што яго няма, а цяпер ён ужо лекцыю праводзіць. Праз хвіліну я закончыў. Закалаціў у адтуліну драўляную пробку, і закруціў самарэз. Прымераў ікону. Дрэнна, — яна звісае над ніжнім краем сцяны, не прыгожа. Прыйшлося прыкруціць яшчэ дзве металічныя планачкі знізу, цяпер вобраз параўняўся з ніжнім краем і стаў пад вуглом градусаў 35 нахілены на праход. Што і трэба было.
***
З панядзелака амаль усю мінулую нядзелю Андрэй з Лізай начавалі ў нас. І вось калі прыйшоў з Пацешкай пасля выгула, Ліза сказала, што стукаліся суседзі, мяне пыталіся, даведаўшыся, што я гуляю з сабачкам, нічога не сказалі і сыйшлі. Я адразу здагадаўся, што ім стаў замінаць вобраз Божай Маці на праходзе. Болей яны не адважыліся пастукаць у той вечар. Так і было. Бо калі ў аўторак Вераніка зайшла з са старэйшым сынам Колем у прадбаннік, там акурат аказалася Святлана і адразу накінулася на Вераніку: “Это общая територия… Снимите эту икону, я её боюсь”, Вераніка паціснула плячыма і сказала: “Тае бяды, баішся, дык перахрысціся…”
А ўчора суседка ішла з работы і сутыкнулася са мною ў пад’ездзе: “Анатоль, што ты там за ікону повесіл. Снімі, её. Я её боюсь!”.
— Здараўствуйце. Гэта нармальна, што баішся, Бога трэба баяцца…
— Снімі, іначе я её сама сніму.
— Паспрабуй, тады цябе Гасподзь здыме…
А ўчора знайшоў каля чырвонага “аўганскага” дома карціну Велерыя Песіна “Галубы”, прынёс дахады, знайшоў месца для карціны ў прадбанніку, дастаў перфаратар і стаў свярліць. Зноў выскачыў сусед: “Что ты зноў сверліш? Ты у мяне спросіл?”.
— А ты ў мяне пытаўся, калі сваю карціну вешаў?
Пачаў гразіцца, што напіша заяву ў міліцыю, што ў мяне грошай многа, што я зноў буду плаціць штраф.
— Ідзі ты лесам, — гаварыць з ім зусім не хацелася.
 Зноў выскачыў і пачаў на тэлефон фатаграфаць. І гразіцца, што на гэты раз абавязкова напіша заяву.
— Ты заўсёды быў стукачом, ім і застанешся.
Сёння раніцай, калі прыйшоў з Пацешкай пасля прагулкі, карціна была знятая са сцяны і прыстаўлна да нашых дзвярэй. Павесіў на месца.


Рецензии