Цiмоха i цмок бел

Жыла ў Старадубе багатая старая. Кожную вясну брала яна ў хату паробка, абяцала залатыя горы, а ўвосень адпускала ні з чым. І вось новай вясной яна зноў пачала шукаць паробка, але ўсе яе ведалі, і ніхто ня хацеў ісці.
Тым часам праходзіў тымі месцамі паробак Цімоха. Пахадзіў па кірмашы, паглядзеў, папытаўся, як і што. Зайшоў у карчму, каб выпіць чарку і перакусіць.
У карчме было пуста. Толькі ў далёкім куце нягучна размаўлялi тры мужыкі. Трохі падумаўшы, Цімоха падышоў да іх.
- А што, - пытаецца, - ці не шукае хто ў мясцечцы паробка?
Мужыкі пераглянуліся.
- Ёсць адна старая, адказаў вусаты, - толькі да яе ніхто не хоча ісці.
- А што так?
- Як прыходзіць тэрмін, дае невыканальнае заданне. А пасля выганяе, не заплаціўшы…
- І што, усе ціхія ды смірныя? Ніхто не можа пастаяць за сябе? Трапіў у крумкачы, крумкай як яны…
- Можа і маглі б, ды ў яе цмок жыве, самы сапраўдны. Злосны, ажно агонь з рота…
- Да ну… А як ён выглядае?
- Кажуць, днём выглядае быццам чалавек, а то прыме аблічча пеўня. А ноччу лётае па небе вогненным каромыслам...
- Цуд, ды і толькі! - Цімоха ссунуў на лоб шапку і пачухаў патыліцу. - Праўду кажуць, у страху і чорт здасца.
- Ідзі і сам паглядзі, калі такі смелы…
- І пайду! Каб рыбку есці, трэба ў ваду лезці…
Распаведалі яму мужыкі, як знайсці хату старой, пайшоў.
Хата старой стаяла наводшыбе, у буйна разрослым садзе за высокім плотам. Пагрукаў Цімоха ў вароты - ніякага адказу. Пагрукаў яшчэ раз, ужо збіраўся сыходзіць, як прыадчыніліся веснічкі і выглянула старая.
- Чаго табе?
- Ды вось, працу шукаю.
Старая з сумневам паглядзела на паробка:
- Нейкі ты шчуплы…
- Але ж працавіты. Як кажуць, хоць шапялявы, ды чуб кучаравы.
Старая зноў акінула позіркам паробка і адчыніла брамку:
- Ну, заходзь.
Пайшлі у хату.
- Жыць будзеш у пуні, рабіць тое, што скажу. Калі ўбачыш што незвычайнае, не палохайся; ня чапай нікога, і цябе ніхто не кране. Справішся, увосень атрымаеш торбу грошай. Згодзен?
– Раку ўсё роўна, у якім гаршку яго вараць, – адказаў Цімоха. - Згодзен.

Працы было шмат. Кожны дзень з раніцы да вечара Цімоха рабіў то ў полі, то ў агародзе, а то прыводзіў у парадак хату. Некалькі разоў ён сустракаў у двары вялікага чорнага пеўня, а неяк увечары бачыў праз акно вячэраючага мужыка ў чорным каптане. Ну ці кагосьці, хто выглядаў быццам чалавек.
Калі ўначы не спалася, можна было бачыць нешта, што ляцела па небе, нібы агністы каромысел. А раніцой у хаце былі малако і мёд, сала і хлеб. Адкуль усё гэта з'яўлялася, паробак не пытаўся: і так было зразумела, што справа нячыстая.
Вясна і лета прайшлі, наступіла восень. Скончылася праца ў полі, і агарод стаў зарастаць быллём. Усё было зроблена, і ў паробку больш не было патрэбы. Пасля Дажынак паклікала старая Цімоху да студні і сказала:
- Вось табе вядро: спусціся ўніз, набяры пяску. З гэтага пяску звей вяроўку і завяжы на ёй вузел. Зробіш усё, прыходзь раніцай за разлікам. А ня зробіш, ні гроша ня атрымаеш.
Дала вядро і пайшла. Глядзіць паробак, а каля студні некалькі старых куч пяску, што засталіся з мінулых разоў. Эге, думае, благую справа і пачынаць ня варта. Кінуў вядро і пайшоў спаць: да раніцы нешта прыдумаецца.
Увечары прачнуўся, пачаў чакаць. Толькі ўбачыў, што з трубы вылецеў агністы змей, прабраўся ў хату. Глядзіць, на стале яечня стаіць, для цмока прыгатаваная. Пабег хутчэй у хлеў, набраў сухіх каровіных ляпёшак ды замест яечні на талерку і выклаў. А яечню ў акно выкінуў. Пасля з хаты выйшаў, схаваўся пад акном, глядзіць, што будзе.
Прайшло крыху часу, пранёсся па небе вогненны каромысел. Падляцеў да трубы і ўнутр. Iмгненне, i з печкі ўжо выходзіць, увесь у чорным і з выгляду быццам чалавек, толькі твар змяіны. Трымае ў руках збанкі з малаком, мёд, хлеб... Паставіў усё на паліцу каля печкі, сеў есці.
Адламаў лыжкай кавалак каровінага ляпёшка, некалькі імгненняў неразумеючы глядзеў на яго, раптам у лютасці схапіў талерку і шпурнуў яе аб сцяну, за якой спала старая. Распальваючыся ўсё болей, стаў кружыць па пакоі і раптам ператварыўся ў агністы віхура, які спальвае ўсё на сваім шляху. Віхура панёсся па хаце, заляцеў у пакой старой, пасля назад, вылецеў у трубу, успыхнуў у небе агністым змеем і знік.
Пакінуты цмокам дом запалаў агнём, нібы падпалены з усіх бакоў, старая цудам паспела выскачыць вонкі. Кінуліся тушыць, ды куды там: згарэў дом, нібы яго і не было.
Што ж, як гукнецца, так і адгукнецца. Узяў Цімоха сваю торбу, ды і пайшоў далей па свеце.


Рецензии