На Каляды

Аднойчы  адным сказам

Калі аднойчы перадкалядным вечарам прыехаць у сталіцу на канцэрт "Тройцы" Івана Кірчука,а перад тым зайсьці ў чайную  "Штольле",што на вуліцы Маскоўскай,акурат ля старога,яшчэ з савецкіх часоў пазасталага, "дома быту", і пачуць,як спакойна і па-нашаму наведнікаў абслугоўвае сярэдняга веку спадар бартэндар,дык можна адчуць сябе машынай часу зь 90-х мінулага стагодзьдзя,і тады дзьве гадзіны барытону  Кірчука,тэнар маладога гітарыста справа, і экспліцытная работа бубнача леваруч дадуць табе на якое імгненьне мімалётнае адчуваньне,што вось так бы яно прыкладна і магло быць там,у тваёй ідэальнай,бязьмежна ўтульнай і сваёй краіне-браначцы напярэдадні Калядаў са сьнегам і лёгкім марозікам,каб ня гэты вось хам у кампаніі нейкіх расхрыстаных прасталытак,які паблытаў чайную з півярнай забягалаўкай і нахабна вылупіўся,пачуўшы  тутэйшую мову афіцыянта,а ты,стаўшы сьведкам хамскай рэакцыі,ціха перапрасіў у сваёй спадарожніцы  і,намацваючы ў глыбокай кішані габардынавага паліто сьвінцова-медны кастэт,спакойна прапанаваў хаму выйсьці за дзьверы...
17 сьнежня 2016, Менск-Мар'іна Горка


Рецензии