Выпадак у лесе бел

Пайшоў неяк стары Ўлас па грыбы. Ішоў павольна, размахваючы пустым кошыкам і пазіраючы па баках. Раптам бачыць наперадзе нешта незразумелае, падобнае на чалавека ў белай вопратцы. Глядзіць, быццам знаёмая, дадаў крок. Падышоў бліжэй – так, падобная на куму з суседняй вёсцы. Паклікаў - не абарочваецца. Ён за ёй - яна ад яго.
Ужо і ў лес зайшлі, а кума ўсё ідзе наперадзе без прыпынку, выбірае самыя непраходныя сцежкі. Ідуць яны, паднырваюць пад нізкія галіны, а лес усё цямнейшы і цямнейшы. Зайшлі ў самы гушчар, спынілася кума. Павярнулася праз левае плячо, нібы чакае яго. І рукой да сябе вабіць, вабіць...
Падышоў Ўлас. Глядзіць, твар жанчыны старэе проста на вачах, ужо і не кума перад ім, а старая ў белым саване. І пахне ад яе дрэнна, нібы з магілы. Пстрыкнула пальцамі і знікла, толькі холадам нетутэйшым павеяла.
Трасянуў галавой Ўлас, каб сагнаць морак, глядзіць, быццам бы і лес, ды нейкі чужы, нібы не з гэтага свету. Павярнуўся, каб ісці назад, а куды - невядома. Ён ужо і хрысціўся, і малітвы чытаў, ды ўсё без толку.
Так і хадзіў па лесе да самага вечара, сілкуючыся, чым давядзецца. Думаў, ня выйдзе, ды сустрэў сівога дзядка на белым кані. Кінуўся да яго, пачаў прасіць паказаць дарогу. Махнуў рукой дзядок і знік. Павярнуўся Ўлас у той бок, глядзіць, сабачая сцежка сярод дрэў уецца. Пайшоў па ёй, праз нейкi час выйшаў у знаёмыя месцы.
Вярнуўся дадому, пачаў пытаць, аказалася, блукаў па лесе ледзь не два тыдні. А дзе ён быў і як туды патрапіў, невядома.


Рецензии