Аглея i Вужыны кароль бел

Жыў даўно ў Нарачанскім краі баярын. Жонка яго памерла, і з усёй сям'і засталася ў баярына толькі дачка-прыгажуня. І клікалі яе Аглея. Жылі дружна, баярын займаўся дарослымі справамі, Аглея вырошчвала кветкі ў маленькім садку пад вокнамі.
Калі Аглеі было дванаццаць гадоў, баярын задумаў ажаніцца зноў. Пасватаўся да суседкі-ўдавы з дачкой на два гады старэйшай за Аглею. Згулялі вяселле, сталі жыць разам. Мачахіну дачку звалі Яглея, і задумала яна Аглею знішчыць.
Неяк паклікала Яглея баярскую дачку на возера купацца. Пакуль Аглея плёскалася, мачахіна дачка выйшла на бераг, забрала адзенне Аглеі і пайшла дадому. Выкупалася Аглея, выйшла на бераг, шукае адзенне і не можа знайсці. Пачала клікаць Яглею, тая не адгукаецца. Без адзення дадому не пойдзеш, перад людзьмі сорамна.
Зайшла Аглея ў чарот, стаiць думае, што рабіць. Глядзіць, паніч ідзе, сам малады, прыгожы, у дарагi камзол апрануты. Заўважыў дзяўчыну, спыніўся.
- Чаму ты хаваешся, - пытаецца.
- Няма ў мяне адзення, - адказвае Аглея, - сорамна на вочы паказацца.
- Гэта не бяда, - адказвае паніч.
Свіснуў, тут жа прыбеглі слугі. Загадаў ім прынесці адзенне, сам з дзяўчынай застаўся. Не прайшло і хвіліны, як слугі вярнуліся. Паклаў паніч вопратку для дзяўчыны, пасля адышоў і стаў воддаль.
Апранулася Аглея. Падышла да паніча.
- Дзякуй, - кажа.
А сама глядзіць на яго і вачэй адвесці ня можа, гэтак ён ёй падабаецца. І ён стаіць сам не свой. Нарэшце дзяўчына апамяталася:
- Мне пара, - кажа.
- Пачакай, - просіць паніч. - Выходзь за мяне замуж. Пойдзеш?
- Пайду, - адказвае. - Толькі дазволь мне з бацюшкам развітацца.
Дамовіліся, што назаўтра паніч будзе чакаць Аглею на беразе. Паспяшалася Аглея дадому.
Раніцай развіталася Аглея з баярынам, абняла карміцельку і пайшла да возера. Глядзіць, а там, дзе яны ўчора з панічом стаялі, вялікі вуж на зямлі ляжыць з залатой каронай на галаве. Спалохалася дзяўчына, хацела бегчы назад, а ён стукнуўся аб зямлю і прыняў аблічча ўчорашняга паніча.
- Ня бойся, - кажа. - Я - Вужыны Кароль, жаніх твой названы. У возеры мой палац, толькі там і на беразе магу я прыняць чалавечае аблічча, а па свеце падарожнічаю ў змяіным.
Падхапіў ён Аглею на рукі і ў імгненне вока перанёсся ў крыштальны палац на дне Нарачы. Сталі яны жыць шчасліва, і нарадавацца адзін на аднаго не маглі. А вугры азёрныя і вужы лясныя былі ў іх у слугах.
Прайшло некалькі гадоў. Пачала Аглея сумаваць па хаце, па бацюшцы, па садзе свайму з кветкамі. Захацелася ёй назад, хаця б дзень правесці на зямлі.
Увечары вярнуўся Вужыны Кароль у палац, павячэралі, ляглі з Аглеяй адпачываць, а яна і просіць:
- Дазволь мне наверх падняцца, хаця б дзень з бацюшкам правесці, паветрам зямным падыхаць.
Уздыхнуў Вужыны Кароль, ды рабіць няма чаго. Узяў Аглею на рукі і перанёс на бераг Нарачы.
- Што ж, - кажа, - буду чакаць цябе пасля заходу сонца на гэтым жа месцы. Як прыйдзеш, тройчы крыкні: "Вужыны Кароль, прыйшла твая жонка!", - я і з'яўлюся. Толькі пра тое, як мяне паклікаць, нікому не расказвай.
Развіталіся, пайшла Аглея дадому. Ідзе, сонейку цешыцца, дрэвам над галавой, траве пад нагамі. Прыйшла дадому, узрадаваўся баярын, узрадаваліся слугі верныя. Расказвае Аглея пра жыццё ў хрустальным палацы, а мачыха і Яглея злыя стаяць, аж зубы рыпяць.
У радасці і не заўважыла, як прайшоў дзень. Стала сонца хіліцца да захаду, прыйшоў час Аглеі збірацца да мужа. Тут Яглея і пытаецца, як ты, маўляў, патрапіш назад у палац? Забылася Аглея, пра што ёй казаў Вужыны Кароль, ды ўсё і расказала. Пачула Яглея, узяла сякеру і пабегла на бераг.
Прыбегла, тройчы паклікала. З'явіўся Вужыны Кароль у абліччы змеі з залатой каронай на галаве. Выхапіла подлая Яглея сякеру і забіла Вужынага Караля. Падняла ўпалую карону, толькі хацела бегчы, як накінуліся на яе вужы і змеі, кусаюць, блытаюцца паміж ног, не даюць ісці. Яна ў возера - там вугры. Кінуліся на Яглею і разарвалі. Нават следа не засталося.
Развітаўшыся з роднымі, прыйшла Аглея на бераг. Кліча Вужынага Караля, а ён не адклікаецца. Раптам бачыць, карона залатая на траве ляжыць, а побач муж яе забіты. Падняла Аглея карону і кінула ў ваду азёрную, а пасля і сама кінулася ўслед. Там і патанула.
Кажуць рыбакі, у ясны дзень і дагэтуль можна бачыць, як блішчыць пад вадой карона Вужынага Караля, а вугры азёрныя і вужы лясныя таму сведкі.


Рецензии