Тыгры белыя i рудыя
Ты ўсё думала, як папрасіць бацькоў, каб цябе забяспечылі таксама. Думала і думала. Часам прасіла. Але з-за няўпэўненасці просьба не мела сілы.
А тыгры былі розныя. Рудыя, белыя. Белыя – самыя прыгожыя. Гадоў дзесяць таму яны вызіралі з кожнага кіёска-аўтамата, які спраўна глытаў тагачасныя пяцісотрублёвыя купюры, але рэдка, вельмі рэдка падчэпліваў цацку металічнай трохпалай рукой.
Ты глядзела і марыла, марыла і глядзела. Назапашвала ўпэўненасць. Ды так і не зрабіла ніводнай, хоць бы няўдалай спробы.
Час рухаўся хутчэй за цябе і вынаходзіў усё новыя Патрэбныя Рэчы. Так ты атрымала барвовы Samsung, састарэлы ўжо на момант набыцця, затое танюткі, як нашмат пазнейшыя яго паслядоўнікі. (Нічога. Дастаткова.) Samsung умеў граць толькі рынгтоны, таму песню МакSім «Мой рай» уключала не ты, а сяброўка, пакуль вы вярталіся з другой змены цёмнымі заснежанымі дварамі. Тым больш немагчыма было запусціць гульню, каб, седзячы з аднакласніцамі на борціку пясочніцы, назіраць, як на экране змагаецца з перашкодамі прынц Персіі.
Аднайменны фільм ты не бачыла, бо на квіткі ў кіно грошай не прасіла. Страшней за размовы з касіркамі толькі размовы з крамнымі прадавачкамі.
У старшых класах, пакуль равеснікі рэзаліся ў дадаткі УКантакце і зацята ліставаліся, ты паціху асвойвала інтэрнэт, маючы ў месяц дзевяцьсот мегабайт. (Не мала. Дастаткова.) У кватэры асталяваўся Яго Вялікасць Прагрэс: развіталіся з інтэрнэт-злучэннем праз дамашні тэлефон. Раней будзённая вылазка ў Google за карцінкамі павялічвала «камуналку», а цяпер можна было нават глядзець відэа. Хоць і не так вольна, як з безлімітам.
Эпізод анімэ каштаваў сто мегабайт. Эпізод серыялу – дзвесце.
Непаўнавартасць пайшла на спад з надыходам эры Wi-Fi, які дазваляў і пампаваць фільмы (!), і самой выкладваць зманціраваныя з іх ролікі (!). Усплыў іншы нюанс: недарагі смартфон, набыты за некалькі адкладзеных стыпендый, трафіку не меў. (Не трэба. Дастаткова дамашняга.) З дапамогай вернага LG зручна было чытаць электронныя кнігі, а яшчэ ён змяшчаўся ў бот, што было немалаважна для зімовага экзаменацыйнага спакою. Але падчас кансультацыі, якая экзамену папярэднічала, у кантактаўскім чаце магло поўным ходам ісці абмеркаванне, хто пойдзе ў першай пяцёрцы. Пры не меней поўным тваім няведанні.
Без сацсетак ты абыходзілася ўвесь першы курс, а пасля вырашыла стаць сучаснай. Мабільны ж інтэрнэт... Без яго несмяротна абыходзіцца і далей.
Дарэчы, цябе-чацверакурсніцу аднойчы спытаў пра сацсеткі паважны, сярэдняга веку ўдзельнік Мінскай міжнароднай кніжнай выставы. З прывіднай прапановай супрацоўніцтва. А ў адказ на тваё асцярожнае, з доляй годнасці: «УКантакце...» – ураніў паблажліва: «Каго няма ў фэйсбуку, таго, можна лічыць, не існуе».
...І вось ты ладкуешся на сінім з завітушкамі аўтобусным сядзенні, намацваючы ў сумцы сіні з градыентам Vivo (у чатыры разы большы за колішні Samsung і ў столькі ж разоў больш ёмісты, чым Huawei, займець які дапамагла зарплата). За шыбамі – цемрадзь, ва ўзоры інею ўплятаецца святло фар, адплываюць назад прастакутнікі-вокны.
Безуважна вызіраеш праз выдрапанае кімсьці «вочка» і нагадваеш сабе, што эканоміць трафік надакучыла, што даўно час ліквідаваць апошнія абмежаванні, што выбар між «пачытаць кнігу» і «пагартаць стужку твітара» павінен залежаць не ад магчымасцей, а ад жадання. Што менавіта з яго вынікае прысутнасць або адсутнасць у інстаграмах-тэлеграмах. Што ты існавала заўжды, нават калі вымярала існаванне ў рэчах, – існавала нязмушана, без усялякага інстаграму, інтэрнэту і Vivo. Ты-дзесяцігадовая звычайнай ручкай у звычайным сшытку распісвала прыгоды... не, не тыгра – малога гепарда Рыка. Ён двойчы перахітрыў крыважэрных ільвоў, а потым уцёк з заапарку, сарваўшыся з ланцуга.
Ды і па-чалавечы не да твару зносіць абразы ад няветлівага карыстальніка фэйсбуку. Трымаючы пры гэтым у руках першы зборнік, у якім выйшла твая аповесць.
Змінаюцца ў металалом ланцугі і клеткі, бяссільна шчоўкаюць зубатыя пашчы... Досыць. Гепард больш не малы, у яго спрытныя лапы і трывалыя цягліцы. Навокал жа распасціраецца вольная шыр саванны пад сіняй сінню – ляці стралой, куды пакліча інстынкт.
Што да тыграў, тых самых, то набыць іх можна і цяпер. Хочаце – рудых, хочаце – белых. Памерам з кацяня або з ірландскага ваўкадава... Гэй, чуеце? Так, так, вы. Чытачы. Магчыма ўсё, калі не дужа страшна скарыстацца, напрыклад, OZ.by ці «АліЭкспрэсам». Пры любым інтэрнэт-злучэнні. На любой, нават несучаснай электроннай прыладзе.
Таму што стаць упэўненым, роўна як і дарослым, ніколі не позна.
29.11.2018–28.12.2021
Свидетельство о публикации №221122801788