Яшчэ раз пра годнасць...

Яшчэ раз пра годнасць,альбо Мой аднакласьнік  "Леон"

Нешта часьцяком пачаў заходзіць на сумнавядомы сайт  "Аднакласьнікі". Паглядзець,што называецца,як і ці ў прынцыпе зьмяняюцца і разьвіваюцца людзі? І вось жа цікава:на  "Аднакласьніках" нечакана для сябе заўважаю,што многія колішнія двоечнікі, хуліганы, якія ў лепшым выпадку закончылі ПТВ,а ў горшым і ў турмах пасядзець пасьпелі, у выніку,дажыўшы да пяцідзесяці, па многіх пазіцыях выглядаюць куды лепш за колішніх сваіх  "правільных" аднакласьнікаў-выдатнікаў,якія паканчалі  вну і так ці інакш паўладкоўваліся ў свой час на афіцыйныя пасады,паступілі на дзяржслужбу...

Сярод  колішніх умоўных "двоечнікаў я куды часьцей знаходжу аднадумцаў,патрыётаў Беларусі,проста адкрытых да камунікацыі людзей... Сярод   "выдатнікаў" такіх у мяне  адзін-два... Астатнія  хоць і загружаюць свае фоткі ў агульны доступ,але  голас падаваць развучыліся - пераважна  маўчаць...
Знаходжу акаўнт  майго колішняга аднакласьніка,выдатніка Лёні Грыбовіча з в. Алешкі  Будслаўскага сельсавету. Ён,калі не памыляюся,адразу пасьля школы паступіў у лінгвістычны інстытут у Менску,скончыў яго  і доўгі час працаваў настаўнікам і дырэктарам школы ў Лынтупах.
На момант,калі я вярнуўся з Нарвегіі,ён ужо  быў вярнуўшыся з Лынтупаў  у нашу Буду і стаў працаваць дырэктарам школы,замяніўшы на гэтай пасадзе  колішняга настаўніка фізікі...
Памятаю, калі я аднойчы пад'ехаў на ровары да будынку роднай школы,каб паздымаць,прайсьціся па калідорах,па якіх некалі гойсаў падлеткам, Лёня-дырэктар сам выйшаў на ганак  пацікавіцца,хто і чаму завітаў на госьці ў яго  "парафію"...
Нічога прыкметнага з той нашай сустрэчы і бляклай размовы мая памяць не захавала...
І вось цяпер я з прыкрым сумам чытаю,што мой колішні аднакласьнік і выдатнік вучобы,выпускнік менскага ін'язу Лявон (Леанід)Грыбовіч, які ўвесь свой дарослы век адрабіў настаўнікам ангельскай мовы і дырэктарам беларускіх  школ,адрэкамендаваўся на  жоўтым расейскім сайце як   "Леон Грибович"...
Прачытаўшы гэтае  "Леон",я толькі і падумаў:як жа мне пашанцавала ня стаць выдатнікам!..
23:05,
10.01.2017,Мар'іна Горка


Рецензии