Прадзед Iван

ПРАДЗЕД ІВАН
Вось такая ікона Божай Маці вісіць у мяне над дзвярыма пры выхадзе з кватэры. Гэта ўсё, што засталося ад прадзеда Івана — Вялікага знахара Палесся. Да яго ў пяцідзесятыя-шасцідзесятыя гады ехалі людзі з усёй Расеі, Украіны, Беларусі... Дапамагаў людзям, лячыў, зводзіў сем'і, ладаваў... Грошай за работу не браў. Людзі адраблялі яму. Скажам, дапаможа каму-небудзь, людзі грошы ў руку суваюць, а ён: "Не трэба мне вашы грошы. Гэта слёзы. Я дапамог вам? Вось і вы мне дапамажыце. Скасіце сена, ці дроў прывязіце". Так распавядаў мне дзед Мікалай, яго старэйшы сын.
Казалі, што ў час рэвалюцыі прадзед ахоўваў Смольны і бачыў самога Леніна. Не ведаю, ці здароўкаўся з ім? Яго жонка — баба Васіліса была ад нараджэння гарбатаю. І калі запоіны рабілі, то "запівалі" Арыну з Аздаміч, яе малодшую сястру, а вось калі да царквы справа дайшла, аздамцы вырашылі зрабілць падмену, і пад вянец падсунулі "бабу Васілісу", гарбаценькую, маўляў, Арыну і так возьмуць, і без зямлі нават, а вось Васілісу… за яе шмат зямлі дадзім. Падманулі, адным словам. Агледзеліся толмачаўцы "пінчукоўскія" толькі пасля вянчання. Думаецца, пакрыўдзіўся прадзед Іван на Бога, таму і знахарыць пачаў. А мо яго Васіліса чаму навучыла? Бог часта так робіць, калі чалавек знявечаны ад нараджэння, то ў якасці кампенсацыі дае нешта болей каштоўнае. Не спытацца цяпер пра гэта. Гадоў сем мне было як памёр прадзед, а праз год памерла і Васіліса.
Калі была жыва яшчэ цётка Галя (яна прасіла каб яе так называлі), хаця з'яўлялася нам бабуляй, бо была малодшай сястрой дзеда Мікалая, то я колькі разоў пытаўся ў яе, ці не засталося ад прадзеда якіх-небудзь кніг? Нічога не засталося. Вось гэтая ікона над дзвярыма, якую забраў у сваю гарадскую кватэру і якая гадоў дваццаць ахоўвае мае шляхі. Такія іконы насілі ў вайну па вёсках людзі і на хлеб выменьвалі. Трэба напісаць апавяданне пра свайго прадзеда, і пра дзеда Мікалая, што прайшоў такою пакручастаю дарогаю, што дай Бог усякаму. і не зламаўся. І сувязным партызанскага атрада быў, і паліцэйскую павязку насіў колькі тыдняў, і з Трэццім Украінскім прайшоў да Белграда, і служыць застаўся на колькі год у Плоўдзіве, і вярнуўся дамоў, бо трое дзетак ужо было — бацька мой, дзядзька Васіль і цётка Проля. Усе цяпер у зямельцы парацца. І Калыму дзед Мікола прайшоў, на ўсю катушку круцілі, 25-гадоў... Молатаўская вобласць. Але прасядзеў толькі сем, бо пасля перасуду скасцілі 15 за адсутнасцю "состава преступленія", сем адсядзеў, а на гадоў пяць зачотаў было, так што гады два яшчэ засталося празапас "начальніку". Дарэчы, атрымаў паперу пра тое, што хутка дадому паедзе пятага верасня, а праз гадоў сем і мне Бог судзіў нарадзіцца ў гэты дзень. Дзіўныя бываюць супадзенні. І вярнуўся дзед Мікалай, сабе хату паставіў, малодшаму сын, і старэйшаму. Тры хаты збудаваў і каля сваіх вулляў корпаўся. Вялікім чалавекам быў. Цяпер такіх людзей няма на зямлі. Дзед Мікола — ён усяму мяне навучыў, і араць, і касціь, і з людзьмі як сябе паводзіць. Калі я прывёз сваю Вераніку ў Толмачаў, дзед тады ў больніцы быў, адпрасіўся і першае, што зрабіў, пацалаваў маёй шляхцянцы ручку. І сказаў, што яго бабуля з Сямігосціч таксама каталічкай была, і хацеў нават песню па-польску заспяваць. Але баба Маруся нешта вуркнула пад руку і ён не стаў спяваць....
Дзяды і прадзеды — як нам вас не хапае, нягеглыя мы нейкія, нефармальныя... Дапамгайце нам, прасіце за нас, ахоўвайце нас, зусім неразумнымі мы зрабіліся.


Рецензии