Знiклая карова бел

Прывёў неяк пастух кароў на далёкую пашу. Дзень праходзілі, час вяртацца. Глядзіць, адной каровы не хапае. Рудай, з плямай на пысе. Пашукаў - нідзе няма. Што рабіць, адвёў статак у вёску, сам пайшоў да крыве.
Выслухаў крыве пастуха, падумаў, пачухаў бараду і кажа:
- Ёсць адзін сродак, карову знойдзеш. Вось толькі ці зможаш вярнуцца?
- Давай паспрабуем, - адказвае. - Баяцца смерці - на свеце не жыць.
- Што ж, будзь па-твойму.
Расказаў пастуху, што ды як, даў жменю лучынак, і палез на печку спаць.
...Раніцай пастух зноў прыйшоў на далёкую пашу. Абышоў вакол, звязваючы паміж сабой верхавіны дрэў і кідаючы крыжы з лучынак на ростані. Пасля завязаў вочы і зноў пайшоў вакол пашы, абмацваючы посахам дарогу.
Ішоў, прыслухоўваючыся да наваколля, і здавалася, чуў ззаду сябе ці то шэпт, ці то смех. Усё гучней, усё выразней! І вось ужо нібы нехта вядзе яго, у спіну падштурхоўвае. А хто, не зразумела. Хацелася зняць павязку і азірнуцца, ды нельга. Толькі паглядзіць, дык чары знікнуць, і карова не знойдзецца. Прайшоў некалькі крокаў, як раптам спатыкнуўся і праваліўся некуды, нібы ў бяздонную нару.
Зняў павязку з вачэй, бачыць, стаіць пасярод дрымучага лесу. Побач дуб з вялікім дуплом, з якога ён толькі што выпаў. Адчувае, нехта стаіць ззаду яго, павярнуўся - воўк! Увесь белы, толькі вочы жоўтыя.
- Не бойся, - кажа воўк. – І карову не шукай. Гэта я яе з'еў, вунь, бачыш, косці.
Глядзіць пастух і праўда, косці каровіны ляжаць.
- Што ж мне рабіць? - Кажа.
- Так і быць, выручу цябе, - адказвае воўк. - Сядай на спіну.
Сеў пастух ваўку на спіну і панесліся яны цераз дрымучыя лясы ды шырокія яры. Прыехалі, стаў воўк на краі яра і кажа:
- Ідзі па сцяжынцы, убачыш вёску, дзе жывуць жыхары гэтага свету. Заходзь у першы дом ля сцежкі. Запросяць за стол, нічога не ясі, інакш дадому не зможаш вярнуцца. Дадуць табе работу - зайцаў пасвіць. Вось дудачка, калі трэба будзе сабраць зайцоў, падудзі ў дудачку, яны самі і прыбягуць. Стануць за дудачку прапаноўваць дары розныя, ні на што не згаджайся, акрамя той торбы, што пад лаўкай ляжыць. Пасля вяртайся сюды, памагу выбрацца ў твой свет.
Сказаў і прапаў, нібы яго і не было. Выглядзеў пастух сцяжынку і пайшоў. Хутка наперадзе паказалася вёска. Ну, не зусім вёска, сад на схіле ўзгорка і некалькі домікаў пасярод саду. Ніякіх платоў, толькі домікі і невялікія лаўкi перад імі.
Падышоў бліжэй, сталі адчыняцца дзверы і з іх паказаліся людзі. Мужыкі, бабы, старыя, дзеці - усе, як у звычайным свеце, толькі апранутыя ў старадаўнія даматканыя адзеннi. І ні ад кога з іх ценю няма. Стаяць, глядзяць на яго, дзівяцца.
Пасля мужык з першай хаты пытаецца:
- Хто ты і што ў нашых краях шукаеш?
- Я пастух, шукаю працу.
Пераглянуліся вясковыя і пачалі разыходзіцца. Мужык з першай хаты запрасіў унутр. Цікаўна пастуху паглядзець, як жывуць жыхары іншага свету. Зайшоў. Усё тое самае, як у ягоным свеце.
 Запрасілі за стол, глядзіць, хлеб на стале, грыбы марынаваныя, арэхі, рэпа, капуста. Хацеў ужо паесці, але ўспомніў словы ваўка. Пасля паем, кажа. Набраў пакрысе з розных місак і паклаў у кішэні.
Выйшлі ў сад. Свіснуў мужык, прыбеглі з усіх бакоў зайцы, штук, можа, з паўсотні. А можа, і болей.
- Што ж, - кажа мужык пастуху, - вось табе работа: зайцоў пасвіць. Прыходзь раніцай з зайцамі. Здолееш сабраць усіх, прасі, што захочаш.
Павярнуўся, ды і пайшоў у хату. Пастух да зайцоў, тыя ад яго. Імгненне - і разбегліся. Што ж, думае, раніца вечара мудрэйшая, пайду спаць. Знайшоў месца пад яблыняй, загарнуўся ў коўдру і заснуў, як пшаніцу прадаўшы.
Раніцай пастух прыйшоў да хаты. Сеў на лаўку перад дзвярыма, сядзіць насвіствае. Выйшаў мужык.
- Ну што, - пытаецца, - справіўся?
- Справіўся, - адказвае пастух.
Выняў дудачку і зайграў ціхенька. Глядзіць, і сапраўды, пачалі зайцы збірацца. Нават больш, чым учора ўвечары. Здзівіўся мужык і пачаў прасіць пастуха саступіць яму дудачку.
- Добра, - кажа пастух, - будзь па-твойму. Забірай дудачку, але наўзамен дай мне торбу, што пад лаўкай ляжыць.
Засмяяўся мужык.
- Вазьмі лепей золата, - кажа, - ці камяні каштоўныя… Навошта табе торба старая?
- Не, - адказвае пастух, - хачу торбу і нічога болей.
- Ну добра.
Аддаў пастух дудачку, узяў торбу з-пад лаўкі, развітаўся і пайшоў назад. Ідзе, а сам думае, сапраўды, лепей бы золата ўзяў.
Прыйшоў да яра, не паспеў пра ваўка падумаць, як ён з'явіўся.
- Узяў торбу? - пытаецца.
- Так, - адказвае пастух, - толькі не разумею, што ў ёй такога.
- У гэтым свеце нічога. А ў тваім свеце ўсё, што пажадаеш, у торбе апынецца: хоць ежа, хоць пітво, хоць золата.
Сеў пастух на ваўка і памчаліся яны назад, праз яры шырокія ды лясы дрымучыя. Прыехалі, стаў воўк каля дуба з дуплом і кажа:
- Ну, давай развітвацца. Палазь у дупло нагамі наперад. Але гора табе, калі з'еў хоць што-небудзь з ежы гэтага свету, не прапусціць цябе дрэва, так і застанешся тут.
Павярнуўся і знік.
Пастаяў пастух перад дубам, падумаў, як пралезці нагамі ўперад. Пасля плюнуў і палез галавой. Не паспеў засунуць галаву ў дупло, як нешта ўхапіла яго і выкінула вонкі, проста аб зямлю. Добра, што на галаве шапка была, дык крыху ўдар змякчыла. Але шышку пастух атрымаў знатную.
Глядзіць, вопратка яго патрапана, а ежа таго свету, якую ён па кішэнях рассоўваў, высыпалася. Узяўся збіраць, ды глядзіць, не ежа гэта зусім, але гузы, пустыя ракавінкі, і нешта зусім непрыдатнае. Выкінуў прэч.
Дай, думае, торбу праверу. Жадаю, кажа, гаршчок з кашай і кружку малака. Зазірае ў торбу: усё, як пажадаў. Толькі лыжкі няма. Дастаў усё, пажадаў лыжку. Зноў споўнілася.
…З таго часу ў доме пастуха заўсёды былi ежа і пітво, і грошы вадзіліся. І на далёкую пашу пастух яшчэ не раз кароў прыводзіў, але ўваход у той свет колькі ні шукаў, так і не знайшоў.


Рецензии