То давай на тваёй

То давай на тваёй…
Было так: з сярэдзіны шасцідзесятых, калі па вёсцы запускалася чутка “вайна, вайна…”, — у магазіне з паліц змяталі ўсе тавары, у першую чаргу, — цукар, муку, соль і запалкі.
Колькі гадоў поўная сетка тых каробачак вісела каля прыпечка. Неяк залез і выцягнуў адну пушку, патрусіш каля вуха, а сернікі так таямніча і прывабна шамацяць усярэдіне, як жывыя. Схаваў карабок у кішэню і выскачыў на вуліцу.
Дожджык прайшоў нядаўна. Свежа, бадзёра… Каля калюжыны з буксёркай упраўляецца мой сябар.
“Глядзі, шчо ў мене е!”, — дастаю з кішэні пушачку, адчыняю і выцягваю пазногцямі сернічак, чыркаю рудой галоўкай аб серку. Сернік успыхвае полымем, пыхкае ядавітым дымком і я кідаю яго ў ваду. Слава зачаравана назірае, у яго вачах — зайздрасць. Чыркаю яшчэ адну, — зноў кідаю ў гразь.
— Дай мне, — просіць сябар, — кінуўшы ў бок дрэўка буксёркі.
Неахвотна працягваю яму расчыненую пушачку. Ён асцярожна цярэбіць пальцамі, вылоўнівае запалку (яму нязручна браць з чужых рук), я зачыняю карабок і падстаўляю руды шаршавы бок, — ён неяк няўклюдна спрабуе чыркнуць…
— О! Зламалася! Дай шчэ одну, — ужо смялей патрабуе Слава,—поламалася…
—  Ты мне так усе сернікі пераламаеш.
Стаім, маўчым. Слава, відаць, пакрыўдзіўся, надзьмуўся, як мыш на крупы. А мне раптам прыходзіць у галаву нечаканая думка: “А давай на тваёй гарэ агонь раскладзём!”. Сябар доўга глядзіць на мяне, раздумваючы, што сказаць. Яму вельмі хочацца чыркнуць яшчэ раз. Паціскае плячыма і выдае: “То давай на твоёй горэ”.
— Ну, колі ты не хочэш, то больш сернікоў не дам. А то і сернікі мое, і на маёй горэ, а ты толькі чыркаць будзеш? — цяпер пакрыўдзіўся я.
Дома вечарам заяўляю раптам бабе Марусі: “Бабо, а Слава казаў, давай на нашай гарэ агонь раскладзём!” — не разумею цяпер, чаму я так сказаў, бо тое ж было не зусім праўдай.
Праз нейкі час баба Маруся стаяла каля плота і крычала ў суседскі двор:
— Смеховішчэ! Шчо гэта за хлопец такі. Шчэ хату спаляць. Гэто ж подбіваў нашого, коб на горэ огонь раскласці. Смеховішчэ!


Рецензии