Сны, убачаныя у шафе

Ён шмат гадоў чакае ў ніжняй шуфлядцы шафы, прыціснуты шэрагам фотаальбомаў. Яны шчаслівейшыя за яго: іх хоць зрэдку бяруць у рукі, каб пагартаць глянцаваныя старонкі і ў каторы раз уздыхнуць па незваротным мінулым. Чаму альбомам павінна даставацца ўся ўвага? Калісьці менавіта яго звышздольнасцю, яго задачай і пакліканнем было спыняць імгненне. Цяпер жа ён толькі безнадзейна састарэлы артэфакт – пластмасавы «Кодак» пачатку двухтысячных у мяккім скураным чахле.

Ён чакае ў шуфлядцы шмат гадоў – чакае і, можа быць, бачыць сны. Як татавы рукі зноў устаўляюць два цыліндрыкі батарэек, запраўляюць плёнку... А значыць, хутка пачуецца шурханне колаў дзіцячага прагулачнага вазка па асфальце і прыміраны плёскат вады ў берагах.

На Цнянку. На працу.

І вось быццам наяве мільгаюць у бліках качкі, а між іх, спрабуючы ўшчыкнуцца, шныраць смарагдавагаловыя качары. Шуфлікі ўспорваюць вільготны пясок, спаўзае за далягляд сонца... А чорная кнопка шчоўкае, шчоўкае. Трэба працаваць – фіксаваць рэальнасць, у якой яшчэ не выраслі як з-пад зямлі тэнісныя корты, не перакінуўся цераз вадасховішча блакітны масток (нашто ён, калі ўдалечыні ёсць чырвоны?). Толькі сонцу можна даверыцца: яно нязменна будзе сядаць з аднаго і таго ж боку...

Ён сніць і чакае. Ведае, што марна. Што просценькія плёначныя «мыльніцы» саступілі месца няўцямным пляскатым прыладам. Якія, аднак, не здольныя ўваскрэсіць у памяці тыя самыя вобразы, якія некалі захаваў звычайны фотаапарат.


24.02.2021

Значонак, Д. Сны, убачаныя ў шафе / Д. Значонак // Маладосць. – 2021. – № 6. – С. 20.


Рецензии