Раздзел 12. 23-03-2025
– Ешце на здагоўе... Ой, я загаз... Стойце, яшчэ кампот!
У кузаве палутаркі грувасціліся каструлі адна большая за другую. Прыўзнімеш якую накрыўку – шугае ў твар пякучая пара, што пахне варанымі буракамі, ці бульбай, ці катлетамі. А навокал выстраіліся стосы місак, талерак, шэрагі шклянак на падносах...
І з усім гэтым багаццем Ася была вымушана спраўляцца адна.
– Мне ў санчасць трэба забегчы. Раздаваць пачнеш сама, а я далучуся, – папярэдзіла Серафіма Пятроўна, пакуль шафёр з пыхканнем перацягваў каструлі ў палутарку. – Тэхнароў у першыя шэрагі не пускай, усё па схеме... Іх ежу з лётчыцкай не блытаць, нормы перш за ўсё!
У яе адсутнасць Асі давялося ўласнаручна разгортваць на сталах агромністыя абрусы, якія раздзімаліся, як ветразі, і гразілі ўзнесці яе, кволую, над зямлёй. У дадатак скрыня, якую практычная старэйшая афіцыянтка выкарыстоўвала як узвышэнне, кудысь правалілася, а пытацца Ася не наважылася, бо не прыдумала, як апісаць без “Р”. Ды і навошта нейкая скрыня-памост, калі можна стаіцца ў кузаве, займаючы куды меней месца?
Цяпер жа Ася не памятала ні пра скрыню, ні пра “Р”, ні пра тое нават, што збіралася краем вока выглядваць пагоны з малой зорачкай, гаспадар якіх зусім не раззлаваўся з-за аблітага рукава. Нязручна прысеўшы ля каструль на адно калена і хапаючы талерку за талеркай, яна намагалася ўтрымаць у галаве паслядоўнасць, пакуль новую, нязвыклую. Спярша жалезная міска з супам, паверх яе – талерка з другім блюдам (каб данесці да стала за адну ходку), за імі – кампот з панылай горкай сухафруктаў на дне шклянкі...
Чарпакі з апалонікамі ў сумятні лезлі не ў тыя каструлі, пальцы расчырванеліся ад гарачых накрывак і талерак, прытым што і без таго нылі з-за чысткі бясконцай бульбы. Не паспееш падрыхтаваць порцыю аднаму жадаючаму, як да палутаркі праціскаюцца яшчэ тры. Як рабіла ўсё гэта міфічная Поля? Як Серафіма Пятроўна раскладвала ежу так борзда і выверана, не пасадзіўшы на фартух ніводнай кроплі? Мала таго – яшчэ і сыпала бойкімі жартамі, прыязна пакепліваючы з кожнага, хто марудзіў забіраць талерку, каб рука даўжэй датыкалася да рукі...
– Толькі другое, – прагучаў у хлапечым гомане вялы, без выражэння дзявочы голас.
Ася спуджана адставіла падрыхтаваную міску з баршчом і зноў палезла па катлеты. Ногі страшэнна зацяклі, і яна цішком памяняла калена, перш чым працягнуць порцыю дзяўчыне з “летуноў”.
– В-вось, гатова...
А ў той за спінай адна з гімнасцёрак гукнула другую:
– Борка, чуў? Трэцяя вылятала наперахват. І праляцела! Парай аднаго не здолелі чыкнуць!
– Ну-у, парай... Лічы, сышліся адзін на адзін – Глеб ды “месер”.
– А Жучка іхняя чаго вушамі хлопала?
Дзяўчына схапіла талерку ды шклянку і нырнула ў натоўп, толькі сярдзіта матнуліся чорныя кудзеры.
– Як па мне – несур’ёзна. Адпраўляй правераных людзей – і будзе табе вынік...
– А я пра што? Наша эскадрылля вунь гладка спрацавала: адным вылетам двух зайцоў! Яшчэ і на абед паспелі!
– Вазьміце... калі ласка, – не ўзнімаючы вачэй, выдыхнула Ася, якая ў паскораным тэмпе сабрала і гэтую пару порцый.
– Угу. Але ці мала хто ім трапіўся? З іншым хоць да сканчэння гаручага кружляй – ані чаргой не пагладзіш.
– І кампот...
– Лухта! Выпусцілі б нас з табой – і размова з гэтай птахай была б кароткая! На чорта мы, скажы, увесь ранак аддзяжурылі?
Хваля прабегла па зелені гімнасцёрак – адны сыходзілі, другія пасоўваліся бліжэй... Ася так і завіхалася, не адрываючы позірку ад талерак: ці паспееш, калі ледзьве ўпраўляешся з раздачай? Яна зачэрпвала барвовую гушчу, з-за спешкі праліваючы жыжку назад у каструлю, і амаль фізічна адчувала, як позіркі праслізгваюць міма яе. Нібы яна трапіла ў сляпую пляму. Нібы талеркі самі па сабе напаўняюцца ежай. Нібы авіяполк увесь гэты час меў толькі адну афіцыянтку, якую можна было адсочваць вачыма, “незнарок” кранаць за руку, навыперадкі зазываць на вечаровыя танцы...
Калі да акна пакойчыка мякка падкрадваўся змрок, Серафіма Пятроўна пазбаўлялася ад нехлямяжых кірзавых ботаў і даставала з-пад нараў туфлі на высокіх абцасах, загорнутыя ў газеціну.
– Будзеш запальваць газнічку – не забудзь апусціць святломаскіроўку, – нагадвала яна, пакуль расчэсвала перад люстэркам густыя цёмныя валасы, якія пасля дня працы трэ было збіраць у прычоску нанова. – Альбо са мною пойдзеш? – і праз адлюстраванне кідала на суседку мімалётны, але востра-дапытлівы позірк. – Магу і табе што прывабнае заплесці... калі трэба.
– У мяне туфляў няма, – адказвала Ася.
Газнічку яна не запальвала. Цемра абдымала яе за танклявыя плечы, калі яна сядала ля прыадчыненага акна, аблакаціўшыся на падаконне. Начная прахалода абвявала твар, гайдала бязважкія пасмы, не запраўленыя ў коску, і яны пяшчотна казыталі скуру. Аднекуль далятаў смех, слаліся над роснай травой вальсавыя пералівы – у каторы раз апавядаў акардэон, як на маньчжурскіх сопках спяць вечным сном салдаты, а над імі шумяць хлебныя каласы. Апусціш павекі, і здаецца: ніколі не было палутаркі, і каструль, і натоўпу без абліччаў, былі толькі хата, акенца і далёкая музыка з сельскага клуба, і вось-вось уздыхне бабуля на печцы, а кот прыйдзе церціся аб босую нагу...
Часам Серафіма Пятроўна вярталася праз гадзіну, часам – праз дзве. А часам Ася засынала. Скручвалася пад коўдрай ва ўтульны камячок, як мышка ў норцы, і рассеяна лавіла гукі вальса, якія скрадваліся адлегласцю і спляталіся ў паўсне ў неіснуючую мелодыю-калыханку. І калі ўсё ж асмельвалася прабегчы, дробна пастукваючы кіпцікамі, пытанне “Чаму ўсе там, а я тут?”, то яно без следу патанала ў наіўна-яркіх Асіных снах.
Гэта не было няправільна. Таму што немагчыма, думала яна цяпер, дагнаць жыццё, калі яно супраціўляецца. Як ні прыспешвай хаду, як ні намагайся ўчапіцца яму ў хвост, яно будзе адбягаць настолькі, наколькі набліжаешся...
Ася безнадзейна адсядзела абедзве нагі, а чарга і не думала заканчвацца. Полк быццам складаўся не з трох эскадрылляў, а па меншай меры з тузіна. Пад каленямі цягнула і пульсавала, пальцы на нагах занямелі, і ад змены паставы больш не рабілася лягчэй. Ныццё мышцаў, якое суправаджала Асю кожную раздачу і да якога яна, здавалася, прывыкла, стала ў такой мітусні нясцерпным. Яшчэ і панчохі не ў час сабраліся складкамі... Але не ўсядзешся ж на дно кузава, звесіўшы ногі, і не абвясціш перапынак па тэхнічных прычынах?
Цяжэлі рукі, мутнелі думкі. Чарпак слепа стукаўся аб каструлю, і гулкі бразгат прымушаў уздрыгнуць. А калі пераходзіла з рук у рукі чарговая порцыя, пакусаныя вусны самі мармыталі якую-небудзь няўклюдную, непатрэбную, бязглуздую фразу, і ў кожную шчамілася “Р”, якую цяпер не было калі адлавіць... Ды і што за нагода адлоўліваць? Хіба не вядзе Ася гаворку з сабою, нікім не пачутая і не ўбачаная? І ці варта ёй усё мацней скурчвацца, каб зрабіцца меншай?..
Калі б Ася забыла пра страх і ўскінула позірк хоць на імгненне, то напэўна сустрэла б іншы – недаверлівы і трывожны, скіраваны проста на яе. У адрозненне ад астатніх, той самы бялявы юнак не перамаўляўся з суседам па чарзе. Падавалася, яго не адпускала нейкая думка, прымушаючы пальцы то сутаргава сціскацца ў кулак, то нерашуча расціскацца. Ён азіраўся на старэйшага таварыша, з якім непераборліва прыстроіўся ў хвасце, потым аглядваў галовы ў фуражках і пілотках, занятыя гутаркамі... І раз за разам позірк яго вяртаўся да адчайна ссутуленай фігуркі, якая, нягледзячы на ўсе намаганні, заставалася вышэйшай за абыякавае чалавечае мора. І якая, не ўсведамляючы таго, больш за ўсё на свеце хацела быць заўважанай.
Развярнуўшыся да суседа, юнак выпаліў свісцячым паўшэптам:
– Таварыш лейтэнант!..
Той нечакана кіўнуў. І падштурхнуў яго ў спіну. І яны абодва пачалі прапіхвацца наперад – акуратна, але настойліва, пакідаючы без увагі нездаволенае бурчанне. Бялявы пракладваў шлях і не верыў, што праўда гэта робіць. Аднак рука старэйшага супакойліва ляжала ў яго на плячы.
Бліжэла палутарка, гучнеў панічны звон талерак, яснелі ў дзявочым голасе дрыготкія ноткі. Усё навідавоку, але непрыкметна. Перад носам, але як у іншым сусвеце... І юнак не вытрымаў:
– Стойце, вам жа нязручна!
Навокал прымоўклі, заазіраліся, афіцыянтка застыла на левым калене, забыўшы апусціць талерку з сіратлівай катлетай на ёй.
– Што прыдумаць... – Юнак кашлянуў у няёмкай цішы: асэнсаваў, што сам апынуўся на вачах ва ўсёй чаргі. – Ну, няхай! – і з гэтымі словамі, адрынуўшы ваганні, заскочыў у кузаў.
– Ці не сабраўся афіцыянтам запісвацца...
– Бачыш жа: работнікаў менш і менш. Рыхтуйся, хутка табе дзяжурыць не на адной узлётцы, а і на кухні!
– А я прапаную абмен вопытам наладзіць! Ці мала якія сталоўскія хітрыкі прыстасуем пад лётныя?
Нацягнутыя жарты юнак прапусціў міма вушэй. Ссунуўшы пілотку на патыліцу, ён перадаваў уніз старэйшаму таварышу каструлі, міскі, талеркі... Напалохана дзынкалі пустыя шклянкі, калі іх з намаганнем спускалі цэлымі падносамі, ярус за ярусам.
– Куды ставіш? Перакуліцца! – заспрачаўся хтосьці.
– А ну, хто зганяе да збройнікаў па якую скрыню?
– Гэй, ардэнаносцы! Вы б хоць накрыўку ўпільнавалі!
Ася ў нямым здзіўленні сачыла, як пусцее кузаў, як знікаюць умацаванні, сярод якіх яна марна спрабавала затаіцца. Падзеі развіваліся хутчэй, чым мог разабрацца ў іх розум, і, калі Асю за руку пацягнулі з палутаркі, яна машынальна саскочыла на траву, так і сціскаючы талерку.
– Мы зараз, мігам арганізуем, – выбачліва прамармытаў бялявы збавіцель, які трохі паружавеў – ад цяжару каструль, напэўна. Спахапіўся, выпусціў яе далонь і паружавеў мацней. – Важна, каб было зручна. А цераз сілу працаваць няма чаго...
– Слушна кажаш, Арцём. І наогул – удала скеміў, – зазначыў нехта, прытрымаўшы юнака за локаць (Ася пазнала знаёмы камандзірскі рукаў, зношаны задоўга да яе з’яўлення ў палку).
– Дзякую... таварыш маёр...
Віравала зялёнае мора гімнасцёрак, натхнёнае неспадзяванай задачкай. Само жыццё самкнулася вакол Асі, загаманіла спераду, ззаду, збоку... Падчас працы афіцыянткай яна пазбягала сунуцца ў такія гурты, таму цяпер баязліва азіралася: куды падзець вочы, куды падзець сябе? Дрыготкія ад стомы калені, блытаніна ў думках – нібы ў малой, якая, згубіўшы маму, блукае сярод ног веліканаў-дарослых. Не ведаеш, дзе прыткнуцца, каб не затапталі: многія на галаву, на паўтары вышэйшыя, з усіх бакоў ажыўлена гудзяць галасы...
– А малайчына пацан, прыкмеціў!
– Сама тэхналогія кульгае. З такім падыходам справа будзе доўгая...
– А то! Без нашага брата не спраектуеш!
“Летуны” разважалі імкліва і тут жа прыводзілі планы ў выкананне. Асі мімаходам падсунулі нізенькі зэдлік, выцягнуты немаведама адкуль; у яго, праўда, было тры з паловай нагі, але куп’істая трава згладжвала гэты недахоп. Прытуліўшыся на краёчку і стаўшы меншай яшчэ ўдвая, Ася збянтэжана круціла галавой, як галчанё, а каля самых яе ботаў вырасталі пасудзіны з абедам, збоку ж падпаўзла скрыня з-пад снарадаў з уладкаванымі на ёй пустымі прыборамі. Наваяўленыя рацыяналізатары крытычна аглядвалі вынік і перастаўлялі то адно, то другое з цоканнем “Далёка будзе цягнуцца!” або “Не, пад левую руку ямчэй...”.
Ася перавяла позірк на талерку, якую трымала на каленях, і адзінокая катлета расплылася перад вачыма, засланая вільготнай смугой. Нешта падобнае адчула б Папялушка, калі б перанеслася з кухні наўпрост у перапоўненую бальную залу палаца. Як была, у лахманах ды драўляных чаравіках. І аказалася прызнанай за сваю.
Можа, знішчальнікам несалідна было разбірацца з кухоннымі пытаннямі, але менавіта яны з прычыны спецыфічнага досведу ўхапілі, якія рухі з’ядаюць сілы і час. Адзін, прысеўшы ля Асі, спагадліва падказаў: лепей бы наліваць некалькі місак супу запар, пасля рыхтаваць некалькі талерак з другім, некалькі шклянак... Ася таропка вінавата ківала, не ў змозе падняць вочы вышэй за гэтыя сталыя хударлявыя далоні, якія няспешна жэстыкулявалі. Цяпер не так боязна было зачэпліваць позіркам зморшчаныя, калісьці апечаныя лапікі скуры, якія паспыталі яўна большае страхоцце, чым яна падчас гэтай раздачы. І прыціхала шалёнае тахканне сэрца, пакрыху расслабляліся плечы, паветру адкрываўся шлях у лёгкія. Толькі б не развеяць чараўніцтва неасцярожным гукам голасу!..
І справа пайшла. Складана сказаць, што мела большы ўплыў: каструлі, расстаўленыя з розумам, ці дазвол спусціцца з няўтульнай верхатуры палутаркі, як са сцэны. Няхай ізноў скрыжаванне позіркаў і ўсюдыісная зелень сукна – галоўнае, Асі можна застацца ўнізе. Ніжэй за ўсіх.
Чарга самавіта хмыкала, задаволеная трапным увасабленнем задумы. Усё маеш пад рукой, не губляеш секунды на тое, каб дацягнуцца... Дагадзіць не атрымалася адзінаму.
– Зэдлік можна было і наверх закінуць! – рэзка заявіў ён, нахіляючыся за порцыяй. Мусіць, гэтая фраза прызначалася для таго, каб ператварыць агульныя намаганні ў нішто.
Ася з асцярогай уклала шклянку ў яго агрэсіўна-ўчэпістыя пальцы са слядамі грыфелю і непрыкметна абцягнула форменную спадніцу. Усё-ткі на такім малым зэдліку спадручней сядзець у штанах. І ўсё-ткі ля зямлі, а не на ўзроўні вачэй. Без таго пераймаешся: ці не высока ўзнятыя калені?
Чарга, якая з палутаркі здавалася агромністай, таемным чынам скончылася хвілін за дзесяць. Усё ж талеркі напаўняліся не па адной, а па чатыры – колькі змяшчалася на скрыні ў шэраг. “Новае звяно пайшло!” – вастрасловілі “летуны” і расхоплівалі порцыі. Табліца множання даводзіла: людзі не бясконцыя, а эскадрылляў не тузін – усяго тры! І ў рэшце рэшт застаўся толькі адзін чалавек, якога справядлівей было б абслужыць першым.
Бялявы юнак чакаў побач на кукішках – яму, відаць, няёмка было глядзець на кагосьці зверху ўніз, хоць усё і павярнулася так праз яго. Калі Ася перадала яму міску супу, ён з увагай прыняў яе аберуч, заклапочаны тым, каб не праліць. І тым, каб выпадкова не крануць пальцы.
– Я... Арцём, калі што. Але можна Цёмам зваць. А то там... ну, “эр”.
– Я пг... мне звыкла, нічога, – выправілася яна скомкана. – Ася... Таксама на “А”.
Божачкі, нашто яна гэта сказала? Чаму дала волю языку?.. Але ёй было вядома чаму: у бязлюддзі хацелася скінуць напружанне, запаволіцца, адчуць скурай прыемную прахалоду ветрыку. Гэтая перадышка ненадоўга – вось-вось выстраіцца чарга тэхнічнага саставу. Ды і “летуны”, калі расправяцца з абедам, пачнуць заносіць пустыя талеркі...
Вочы ў Арцёма заставаліся ўсхвалявана акругленымі, пілотка ж – па-дзелавому ссунутай назад, адкрываючы светлы растрапаны чубок. Калі напраўду, то... забаўна. Яшчэ і з гэтай міскай перад сабой... “Як кот!” – Ася нечакана для сябе фыркнула са смеху і хутчэй схіліла галаву, каб утаіць узнятыя краёчкі вуснаў. Гэтак жа вытарашчваў вочы-бурштынкі кот Баяка, калі з-пад стала выпрошваў у іх з бабуляй скрылёк сала. “Эх ты, а пацукоў замест цябе хто будзе ганяць? Суседская Муська? Ай-яй, ізноў хаваешся за жаночыя спіны! Ты кот ці пужлівае мышаня?” – упікала Ася, зарываючыся пальцамі ў ільсняную попельна-шэрую поўсць...
– Усе вечарамі збіраюцца, калі дзень нескладаны. Акардэон, танцы... Не ходзіце?
– Я не танцую, – не задумваючыся, паспешліва і пераканана сказала Ася, быццам адрэпеціравала. І наступную талерку не дала ў рукі, а паставіла на скрыню. Адасобілася, як зачыніла аканіцы – ні шчылінкі, праз якую задзьмуў бы вольны начны вецер.
– Ну і я не танцую. Куды там! – з палёгкай прызнаўся Арцём. – Граю я.
Поўны чарпак кампоту замёр, не данесены да шклянкі. Няпэўна рыпнула створка ўяўнага акенца, з таямнічага сіняга змроку пацягнула свежасцю... Адзінае, што было ў гэтым змроку ясным і блізкім, – паветраная сцежка гукаў, якая нітачкай злучала Асю з недасяжным. Супакойвала, закалыхвала. Ахінала ўтульнасцю, ад якой цяпер гарачыня падкочвала да твару.
Жыла б Ася ў мюзікле – зараз бы ціхутка зайграла нейкая мелодыя, рыхтуючы гледачоў да шчымлівай развязкі.
– Дык значыць... Тое, што я чула...
– Ага. Нібы не лётчыкам прынялі, а музыкам, – скавана ўсміхнуўся Арцём, які не так зразумеў яе разгубленасць. – Прыехаў у полк, не паспеў нават у кабіне пасядзець – давай, шпар нам вальс, гапак! А лётаць... знойдзецца каму!
Ася раптам злавіла сябе на ненатуральным адчуванні – стала зручна трымаць галаву. Падбародак узняты, позірк прамы, каб адкрыта сустрэць іншыя вочы. Не глядзець пад ногі, не хавацца, не...
Яна спешна схілілася – назіраць, як пераліваецца ў шклянку кампот. І не ведала, як стрываць няроўнае сэрцабіццё, з-за якога пераціскала горла.
– Акардэон жа нічый – трафейны, – тлумачыў Арцём, – а ўмельцаў у палку не тое каб... Дазналіся, што крыху граю, і вось. Узялі ў абарот!
– Вых-ходзіць, усё, што гучала... І “Сопкі”, і...
Ох, як складана падбіраць назвы, калі праз слова ўплішчваецца “Р”!..
– Дзе гэныя тэхнікі? Яшчэ няма?!
Да палутаркі фурыяй падляцела Серафіма Пятроўна, разбіваючы ўражанне мюзікла. Пра яе існаванне Ася паспела забыцца і не ўзялася б фармуляваць, радая бачыць яе або не вельмі. Старэйшая афіцыянтка кінула абыякавы позірк на Арцёма, імкліва прыўзняла адну накрыўку, другую...
– Дальбог, хоць ты асабіста за імі бегай. Абед жа стыне, няма чаго тыя болцікі ўпяцёх закручваць! Ізноў узнімуць вэрхал: бачце, не кормяць іх тутака як след!
Яе бровы былі напружана зведзены на пераноссі, рукі несвядома камячылі фартух, яшчэ не павязаны паўзверх спадніцы. Думкамі яна была далёка, раз не прайшлася па Асі за неабгавораную перастаноўку. Яе відавочна пакусваў неспакой.
Быццам гэтага з’яўлення было мала, умяшаўся новы голас, хлапечы:
– Мы хоць паспелі, а? Засталося трошкі на нашу долю?
Перад Асінымі ботамі з’явіліся іншыя, запыленыя і з пабітымі насамі. Наўрад ці ім штовечар перападала чыстка. А ўслед дробна пратупацелі дзіцячыя чаравічкі – дзяўчынчыны і хлопчыкавы.
– Прывёў вось! На абед, – уздыхнуў гаспадар ботаў. Даглядаць малых ён яўна не прывык, бо кашуля ў хлопчыка з аднаго боку была запраўлена, а з другога вісела вольна. – Мо хопіць ежы яшчэ на пару ратоў? Камандзір палка распарадзіўся...
– А дзе пара, там і троечка! Дарогу працоўнаму чалавеку! – абвясціў нехта з-за спіны Асі, і чыясьці рука (таксама дзіцячая, але сталейшая) бесцырымонна хапнула пустую талерку. Была рука такой перапэцканай, што магла б належаць механіку, калі б у механікі бралі дзесяцігадовых. Іншых дзяцей ён бачыў не ўпершыню: хлопчыку звыклым рухам паправіў кашулю, дзяўчынцы сунуў лусту хлеба з агульнай пляцёнкі – Ася і пікнуць не паспела.
Неахайныя кірзачы ўзрадаваліся:
– Ты, сябрук, у час! Уф, нарэшце прыбыла змена! Мне без дазапраўкі не пратрымацца...
– Зараз і тэхнары падскочаць! – заспакоіў Серафіму Пятроўну старэйшы дзіцёнак. Голас у яго быў тонкі і звонкі, з прыемнай хрыпінкай. – Гідрасістэму наладзяць – і сюды. Я ў іх, так сказаць, у авангардзе...
– А рукі мыць? – ускінулася яна, нібы прачнулася. – З бруднымі рукамі – за стол? Пайшлі-пайшлі! Усе чацвёра! – яна рашуча замахнулася на вайскоўца-няньку фартухом.
Ася ўцяміла, што яшчэ сціскае напоўненую шклянку, і працягнула яе Арцёму. У гэтым шуму яны абое згубіліся, ператварыліся з галоўных дзеючых асоб у статыстаў, роля якіх – быць фонам.
Арцём скарыстаўся тым, што Серафіма Пятроўна адвярнулася, і хутка сцішана прапанаваў:
– А можа, усё-ткі зайшлі б ненадоўга? Паслухаць. Здалёк – не тое...
Яна замарудзілася, і некалькі секунд яны трымалі шклянку ўдваіх.
Туфляў няма, але ёсць хустка. Вялізная, квяцістая. Загорнешся, дык быццам не ў гімнасцёрцы.
– Я паспг... падумаю. Я падумаю!
Свидетельство о публикации №222042701496