Раздзел 13. 15-04-2024
Падчас абеду за сталом трэцяй эскадрыллі панавала напружанае маўчанне, толькі лыжкі скрэблі па талерках. Што тут скажаш, калі поплеч з усімі сядзіць чалавек, учынак якога абмяркоўваюць усім аэрадромам.
– І саму сябе выставіла дурніцай, і эскадрыллю зняславіла, – упала ў цішыню чыясь рэпліка, глухая, але выразная. – Абы фюзеляж зоркамі размаляваць!
– Бурчыш і бурчыш... Я думаў, хоць за ўратаванне будзеш удзячны! Увогуле я тут вінаваты не менш. Трымаў бы сябе цвярдзей...
– Не пераводзь стрэлкі! Калі б яна скарыстала мазгі па прызначэнні, пра нас не часалі б языкамі на кожнай стаянцы. Што да ўдзячнасці... Я, ведаеш, на знішчальніку шчырую два гады. І ніводнага ранення!
Глеб залпам асушыў шклянку і ўсхапіўся на ногі, не звяртаючы ўвагі на гаротнае Слаўкава мыканне. Перш чым сысці, змрочна зыркнуў на Арцёма, які, запазніўшыся, толькі сядаў за стол. У эскадрыллі не было заведзена чакаць усіх: часам елі між вылетамі на хаду, ды і афіцыянткам, усяго дзвюм, было не да сервіроўкі. А вось увечары, калі баявая праца скончана, чаму не сабрацца ўсім палком у вёсцы, у сталовай? Фіранкі, сурвэткі, сальнічкі – не тое што грубыя сталы пад адкрытым небам, наспех засланыя абрусамі.
Кончыкі вушэй Арцёма пунсавелі, але рухаўся ён больш упэўнена, чым заўсёды. “Глеба ледзь заўважыў”, – адзначыў Дубоўка. І ўсё ж як выйшла, што чуйнасць праявіў Арцём, а ён, камандзір, застаўся паглыбленым у думкі? Няхораша. Хіба тая ціхмяная дзяўчынка, Ася, не заслугоўвае столькі ж увагі, колькі шаляніца Ліда?
Дубоўка схіліў галаву, як бы над талеркай, а сам зірнуў уздоўж стала – туды, дзе чарнела непакорлівая дзявочая грыва. Ад эскадрыллі Ліда адмежавалася, адсела да краю так, што між ёй і Слаўкам здолеў бы ўціснуцца плячысты Коля. Яна лёгка магла перабрацца на пустое месца ля Сашы як на нейтральную тэрыторыю, але тады апынулася б у полі зроку Дубоўкі... чаго наўрад ці жадала.
Аднак ці Ліда гэта? Згорбілася над ежай, хмурна глядзіць у стол і падоўгу жуе, быццам прымушае сябе праглынуць, хаця талерка перад ёю ўсяго адна. Дубоўка прызвычаіўся бачыць Ліду прамой, як бярозка – яе пазыўны, – з ускінутым падбародкам і па-вайсковаму распраўленымі плячыма, і на імгненне яму здалося, быццам гэта чужы, незнаёмы чалавек. Цягнула аддаць перавагу Лідзе ранейшай, нават чакаючы непакоры ў адказ на самы нявінны загад. А гэтая маркотная істота нават на лаўцы сядзела скасабочана, бы змёрзлы верабей.
Прыбыла ў полк – вачыма блішчыць, жарты рассыпае. А цяпер...
Ён злавіў сябе на тым, што даў слабіну і дазволіў спагадзе прабрацца ў думкі. “Ну й ну, ты яшчэ і спачуваеш ёй? Дарэмна, Дубоўка, ой дарэмна! Шкадуем ці выхоўваем? Няхай разбірае свае ўчынкі, калі паводзіцца не ўмее!”
Зелянкоўскі прасачыў за яго непрыхільным позіркам і зашаптаў:
– Яшчэ раз кажу, з ёю так нельга. Без таго ведае, што дала маху, сама сябе грызе. А тут і ад камэска ёй прыляцела па самае не хачу...
– І што я мусіў зрабіць? Пахваліць, што ўхітрылася ў жывых застацца, і ордэн з сябе зняць? – Дубоўка парывіста адсунуў пустую талерку. – Урэшце, клапаціцца я павінен не пра абражаныя пачуцці, а пра тое, каб мае лётчыкі не дурылі і не складалі заўчасна галаву!
Сказаў ды паморшчыўся: наракае на Лідзіну нястрыманасць, а сам не лепш. Распаліўся, як падлетак, ляпнуў глупства – быццам не ён толькі што разважаў пра Асю. Канешне ж, то Ася, а то Ліда, але страчваць раўнавагу – апошняя справа. Ён, можа, і не рады, што сарваўся. Тады, ля самалёта. Якія такія важныя словы не выказаць інакш – толькі павышаным тонам?
Хаця гэта ці не адзінае, што на яе падзейнічала.
– Чаму менавіта яна, хацеў бы я ведаць? – прамармытаў Дубоўка з застарэлай прыкрасцю. – Чаму ўсё змяшчаецца ў адным чалавеку? Гэтыя самастойнасць, самавольства... с а м аўпэўненасць! Жаданне паказаць сябе выключна ў адзіночку – ніякай дапамогі, усё магу. Магу, дакажу... Чаму кемнасць працуе ў яе толькі ў адным кірунку? І штораз не тады, калі трэба!
Зелянкоўскі, хаваючы ўсмешку, пацягнуўся за шклянкай, і Дубоўка са спазненнем вылічыў у разгромным спісе станоўчую якасць.
– А ты заўжды гатовы ёй патураць! – упікнуў ён сябра. – Змовіцца нам з табою, ці што. Інакш выхаванне праваліцца...
Хаос у галаве карцела ўпарадкаваць, і Дубоўка знайшоў у планшэце, які ляжаў на лаўцы побач, папяровы шматок. Падумаўшы, агрызкам алоўка запісаў у слупок вядучых. Мацея, сябе, Глеба, Сашу...
– Калі б не выдумляла лішняе, даўно хадзіла б на заданні з усімі. Пілатаж гладзенькі – на галаву вышэйшая за навічкоў... Нават за твайго Ігната, – аловак папаўняў другі слупок, з вядзёнымі. Лідзе з Колем давялося туліцца на радку Дубоўкі, і можна было ўявіць, як імёны штурхаюцца, спіхваючы саперніка. – Памятаеш, яна казала на разборы: усе рухі – на інстынктах, каб не задумвацца, а дзейнічаць... То дзейнічае. Машыну адчувае. Папрацуем яшчэ з вытрымкай, і будуць яны з Сашам нароўні, – грыфель слізгануў пад гэтым іменем у слупку вядучых, пакідаючы лінію. – Вучэбны бой пачала патроху выцягваць...
– З табою.
– Са мной! – націснуў Дубоўка значна. – Можа, зашмат мітусні, але ў цэлым... Калі больш-менш трывае супраць мяне, то выпускаць ужо не так страшна. Вось Коля... З ім няпроста. Ліда двойчы за дзень згледзела ворага раней, чым вядучы. А Коля зазяваўся, калі проста заходзіў на пасадку. Ну, ты назіраў...
Магло здацца, што размова занадта свабодная для агульнага стала, але абодва не забывалі прыцішаць голас, а месцы вакол іх пуставалі. Згаданы Коля, напрыклад, да ежы пакуль не дабраўся: у гэтыя хвіліны медыкі апрацоўвалі яму рассечанае пераноссе. На трэніроўцы абышлося без прыгодаў, але пасля, прызямляючыся, ён не разлічыў вышыню, і самалёт грымнуўся коламі не горш за Слаўкаў дваццаць пяты. Трывалая “сямёрка” не пацярпела, затое Коля здорава прыклаўся аб прыборную дошку.
Што да Ігната, месца якога было насупраць Зелянкоўскага, то ён без намёкаў з боку старшых сышоў неўзабаве пасля Глеба. Не ўсім так шанцуе з вядзёнымі!
– Ты заўжды браў сабе самых складаных, – нібы падслухаўшы яго думкі, нагадаў Зелянкоўскі. – Каго нікому не аддаць. Каго лёгка страціць у першых вылетах, так і не разабраўшыся, ці ёсць патэнцыял... Ды пройдуць яе выбрыкі, пройдуць, як хвароба, дай толькі часу! Дзяўчынка яна пільная, кемлівая... І гэта сказаў ты, не я. А колькі жадання служыць, а якая выпраўка! Усім выглядам абвяшчае: хоць я тут і адзіная лётчыца, месца сваё не саступлю нікому!
Ён азірнуўся на Ліду, як бы шукаючы пацвярджэнне, але яна, змрочна ссутуленая, яўна не імкнулася нічога абвяшчаць. І калі Зелянкоўскі павярнуўся назад, яго добрыя вочы прамянелі спачуваннем.
– Ты не думай, Рыгор, яна не такая непрабіўная. Усе мы з пачуццямі.
– Ды ведаю я... Знішчальніку блізарукасць не пасуе, – нявесела адгаварыўся Дубоўка.
Як яе затрэсла падчас нядаўняй спрэчкі! І не ад лютасці – ад чагосьці ўнутранага, што перастала змяшчацца ў грудзях. Важна было ўтрымаць гэта ў сабе, ні за што не выпусціць, хаця абсякаўся голас і ўздрыгвалі вусны... Яна здольная перажываць глыбока – вось што складана ўявіць.
І – так, разбор вылету аказаўся яшчэ тым выпрабаваннем для яе самалюбства. Пяты месяц пераконваць мужчынскі пол, што прафесія ёй па плячы, а перад зялёным маладняком паўстаць у вобразе пакаранай школьніцы.
Ці не магло здарыцца, што ў дачыненні да Ліды ён аказаўся такі ж сляпы, як толькі што да Асі? А раптам нешта адбывалася перад самымі вачыма, у той час як ён глядзеў не туды?
На тым канцы стала Ліда ўскочыла, стаміўшыся ўдаваць адсутны апетыт. Слаўка ў засмучэнні заўздыхаў над талеркай, аднак таварышка адчужана рушыла прэч – нават не павярнулася. Ён застаўся ў кампаніі Сашы з Арцёмам і тут жа пачаў даводзіць ім нешта цераз стол, таропка і горача, нібы нявыказаныя словы закіпелі ў галаве і мусілі толькі выплюхнуцца. Адказ, у прынцыпе, не абавязковы.
– Я яшчэ вось што падумаў, – дадаў Зелянкоўскі. – Кожны з рабят пра дамашнія справы хоць што расказвае, калі-нікалі і з Сашы выцягнеш паўслоўца. А Ліда – маўчок, не разгаворыш...
Дубоўка няпэўна павёў плячыма: ён ведаў не больш. І як гэта Мацей сцяміў? Трэба ж, намеснік вось-вось знойдзе падыход, а камэск усё з месца не зрушыцца. Ні на сантыметр. Лётаў-лётаў з ёю, выхоўваў, паслухмянства ўсё дабіваўся. А каб у душу зазірнуць...
– Ведаеш, я ж амаль даў ёй Арцёма. Амаль даў, – вымавіў ён размерана. І машынальна вывеў ля гэтага імені знак пытальніка.
– У сэнсе – даў? У вядзёныя?.. Не, па праўдзе?!
Арцём тым часам спешна дзейнічаў лыжкай, а Саша ківаў пад тыраду Слаўкі і маленечкімі глыткамі піў кампот. Запаволіўся, каб яго напарнік не засядзеўся за ежай апошнім.
– Дзівосы дзеяцца. Ліду – у старшыя лётчыкі! – Зелянкоўскі ўзяўся размяркоўваць перад сабой пустыя прыборы, каб зручней было занесці, а заадно размяркоўваў думкі. – Хаця... За вядзёным цікуеш – самому няма часу на глупствы. Адказнасць...
Раптам здагадка схапіла яго за рукі – і шклянка, пасунутая няверным рухам, дзынкнула аб талерку.
– Дык ты... ты таму і сказаў ёй: правядзі, маўляў, заняткі?
– І яна правяла. Разумееш? Разабрала бой. Зрабіла высновы. Назначыла адпрацоўку. Як ні адмахвалася ад правілаў – а тактыку агучыла. Тактыку, замацаваную ў лётнай практыцы падчас гэтай вайны... І сама таго не заўважыла. Убачыла ў настаўніцтве што заўгодна: пакаранне, зневажанне... Але не праверку. Якую, між іншым, прайшла.
Дубоўка акінуў позіркам слупкі імёнаў, і ў ім запалілася жаданне камбінаваць, пралічваць найдрабнейшыя дробязі ў пошуках варыянта, які пацэліць у кропку.
– Давай так, Мацей. Дапусцім, спатрэбілася б нам перайграць звычайны расклад. Каму ты даручыў бы павесці на заданне чацвёрку – Сашу ці Лідзе?
– Пытанне... – крэкнуў Зелянкоўскі, збянтэжаны пакінутым выбарам і прысаромлены гэтай збянтэжанасцю. – Саша разважлівей, назіральней...
– А рашучасці больш у Ліды. Такой рашучасці, каб за сабою паклікаць. Скажаш, не? І глядзі, як яны са Слаўкам паразумеліся... Ат, нават на паперцы побач. Прытым верхаводзіць якраз яна – так бы мовіць, пад абцасам трымае. Няхай на зямлі...
Зелянкоўскі так занепакоіўся, што забыў пра неабходнасць гаварыць шэптам.
– Думаеш злучыць? Але тады з Глебам нядобра... А пара ў іх правераная!
Аловак задумліва застыў, нацэлены на слупок вядзёных.
– Разбіваць пару і не будзем. Пакуль. Можна выпусціць іх разок – Ліду, Слаўку... Для спробы. І паглядзець, як пойдзе, – Дубоўка пачаў павольна, акуратна абводзіць два імені, быццам даследаваў, ці зручна ім у авале разам. – Гэта выйсце: не “жаўтароціка” ёй даць, а таго, хто ў моцнага паднабраўся ведаў...
– Але наконт Арцёма ты ўсё-ткі прыкідваў.
Дубоўка прыкра выдыхнуў праз нос, згадаўшы тадышнія свае развагі.
– Было! Было, так. Ды Саша ў палку ўдвая болей, і... і няўжо такая складаная задачка – каму з іх чалавека даверыць? Прыкметна, што Арцёму такое супрацоўніцтва на карысць... А цяпер бачу: правільна, што не атрымала падшэфнага Ліда. Рана! – і заштрыхаваў пытальнік.
Пад Сашавым іменем засталася лінія, і Дубоўка безуважна, больш для парадку падкрэсліў астатніх вядучых. Пасля ўпёр дзюбку ў паперу пад іменем Ліды. Памарудзіў. І ўрэшце правёў тры кароткія штрыхі – няўпэўненую намётку лініі суцэльнай.
Рэзерв? Падобна да таго. Лепш бы ён так і не спатрэбіўся...
– Вось і сапраўднае тваё меркаванне, – усміхнуўся Зелянкоўскі з дакорам. – У такім страшным сакрэце трымаеш... Не дзіва, што камусьці мроіцца адваротнае стаўленне.
– Ага, няхай нос задзярэ! Прагаворышся – і адзіная наяўная лётчыца ператворыцца ў нуль. У бліжэйшым жа вылеце.
Добра б завесці новы аловак: гэты амаль спісаўся. Не хапала пакінуць аб сабе ўражанне, што ён чапляецца за ўсе свае рэчы, пакуль яны не прыйдуць у непрыдатнасць. Адзенне – справа асобная...
– Эх, не шанцуе мне ў чэрвені, – уздыхнуў Дубоўка. – Што ні чэрвень, то новы клопат.
Зелянкоўскі пранікліва ўгледзеўся яму ў твар.
– Ды проста дзень сёння... той самы. Таму ты і кідаешся, спакою не знаходзіш. Мне самому так сабе...
І злёгку паціснуў перадплечча сябра. Сэнс у гэтым жэсце бачыўся адмысловы, бо скура на руцэ і тканіна гімнасцёркі насілі трывожныя прыкметы агульнага мінулага.
Мінулае... Мінулае, чорт бы яго ўзяў! Ця;гнуцца дванаццаць месяцаў, пражытыя ад чэрвеня да чэрвеня. Пяцьдзясят два тыдні, трыста шэсцьдзясят пяць дзён. І кожны дзень такі ж доўгі, перапоўнены падзеямі, як гэты. Цягнуцца, ціснуць, высмоктваюць сілы. Усё нарастае на карку вага неахопнага каменя. Выбельвае скроні – заўчасна, паступова, няўхільна.
Чаму ж імёнаў на паперцы дзевяць – не дзесяць? Чаму павінна пуставаць дзясятае месца за сталом? Аднак важней, несправядлівей – чаму ў эскадрыллі ўсяго тры чалавекі, аб’яднаныя выпадкам гадавой даўніны?..
– А, вось вы дзе, малойчыкі! – бадзёра выгукнулі ззаду.
Тройца-моладзь страпянулася і ўскінулася на ногі ў звычцы пільнаваць начальства, але камандзір палка (а гэта і праўда быў ён) літасціва супакоіў:
– Ды ешце, ешце, я не па вашы душы. Мне вось гэтыя два суб’екты патрэбны! – і паляпаў па плячах Дубоўку з Зелянкоўскім.
Апошні з ходу падхапіў інтанацыю:
– А я акурат казаў – закінулі нашу эскадрыллю! Мы хоць і трэцяя, а ў трэцюю чаргу вылятаць не падпісваліся. Так і заржавець нядоўга!
Круглы, які не ўдаўся ростам, глядзеў на большасць падначаленых знізу ўверх і не хаваў: яму было зручней, калі яны выслухвалі седзячы. У выпадку Зелянкоўскага пытанне набывала асаблівую вастрыню.
– Крыўдзіш, браце! Як не падкінуць заданне таварышам па ржы? Але чымсьці арыгінальным не парадую – ізноў разведка.
Адсунуўшы талерку, камандзір палка прымасціў на стале планшэт Дубоўкі і паблукаў пальцам над чужой тэрыторыяй. Ён быў не аматар карыстацца паслугамі ад’ютанта: надзейней прыбегчы асабіста.
– Варожая тэхніка. У гэтым квадраце. Усё як звычайна – паглядзець, падлічыць... Глеба чапаць не будзем, у яго сёння багата ўражанняў. Застанецца за старшага, а вы вылятайце ўдвух. З маршрутам можаце вызначыцца самі, але на месцы працаваць з асцярогай: вось тут і тут...
– ...нас могуць прывітаць з зямлі. Усімі стваламі зенітак, – скончыў Дубоўка, які супастаўляў мапу з бачанай не раз мясцовасцю. Толькі знайшла іх задача, а ў ім ужо варушыліся прыкідкі – з гэтага боку падабрацца, на такой вышыні і хуткасці, а калі сыходзіць – бяспечней у тым кірунку...
– Мусіць, папярэджваць няма патрэбы, – буркатліва дадаў Круглы. – Вы ў нас хлопчыкі з вопытам, самі разумееце, што такое пакінуць эскадрыллю безгаловай... Кхм... Ну, калі без пытанняў, то – поспехаў?
Ён сціснуў плячо Дубоўкі, уклаўшы болей значэння ў рух, чым у словы, і зашыбаваў на панурае татаканне самалётнага матора, які спатыкаўся і страляў пад раз’юшанае гарлапанства абслуговага персаналу.
– Стой, Канстанціныч! А... як з Лідай? – схамянуўся Зелянкоўскі. – Чакае малеча...
Той зморшчыўся, замахаў на яго:
– Хай чакае! Лушпінне ўсякае разграбаць... Нам не да бабскіх выбрыкаў!
Дубоўка адным глытком дапіў кампот і падхапіўся, гатовы падзяліцца разлікамі. А Зелянкоўскі зірнуў на мапу і заўсміхаўся чамусьці свайму. Ізноў усмешка – самы звыклы яго выраз. І Дубоўка, хаваючы аркуш з імёнамі ў нагрудную кішэню, падумаў міжволі: да чаго пашчасціла, што твар у той раз амаль не пацярпеў. Няхай рукі, няхай – але не твар...
Зелянкоўскі дружалюбна падштурхнуў яго ў бок:
– Ідзем разам, а? Як калісьці.
– Разам, – паўтарыў ён рэхам.
Вядучы і вядзёны – такое не забудзеш. Больш, чым сяброўства, бліжэй, чым сям’я. Але ці захочацца яму калі-небудзь з гэткім жа пачуццём успомніць сумесныя вылеты з Лідай?
Свидетельство о публикации №222050401394