Радунiца
----------------------
Рушнікі на хрэстах
Радуніца* альбо рушнікі на хрэстах.
Беларусы больш не фарбуюць агароджу і хрэсты на могліцах блакітным колерам нябёсным. Дый хрэсты на каменныя помнікі змяняюць.
Прайшоў я па могліцах, на Палессе. У мамінай вёсачцы. Уся вёска глядзіць на мяне з помнікаў вачыма родзічаў і суседзяў. Вітаецца. Хрыстос драўляны, даўні. На капліцы. З паламатымі рукамі, без тэрновага вянцу, пустымі вачыма глядзіць на мяне. З дакорам.
Скуль зьявілася на могліцах гэта тонкай рэзьбы фігурка ніхто не ведае. Фарбуюць кожны год людцы Хрыста белым мелам.
Чысцюткім.
І будуць шчэ колькі год.
Толькі хутка толькі прыезджыя будуць прыходзіць да памерлых . Бо памерла вёска. Перасунулуся на могліцы. Адпачываць. Вечным сном. Пад дубамі магутнымі, колішнімі. На Беларусі старыя дубы амаль толькі на могліцах засталіся.
Астатнія ўсе дубы на паркет пагаблявалі цяперашнія ўлады. А на могліцы шчэ саромеюцца лезьці.
Німа больш асілкаў-дубоў. Дзе дубровы раней стаялі, з панам Богам размаўлялі - хмызняк парос.
А хмызняк пяцьсот год не расьце. І да Бога яму не дацягнуцца, не параіцца.
Усё менш рушнікоў на хрэстах пад палескім сонцам.
На могліцах да мене падыйшоў мой сябра дзяцінства. Прыехаў на старэнькай таёці. На пальцы добрая такая гайка залатая блішчыць. Паўспаміналі.
Хто дзе. Хто дзе як.
Я, кажэ Воўка, тут, у райцэнтры, на кацельні працую. Суткі праз тры.
А мае дзеці у Маскве, кажэ Воўка. І шчэрыць бяззубага рота.
Шляхта, шляхта - але гузікі з лазы...
Буслы каторы год не прылятаюць у маміну вёску.
*Радуніца - дзень памінаньня і ўшаноўваньня памерлых у беларусаў.
Свидетельство о публикации №222050400795