У зграю!

Мае спрытныя лапы імчаць па сцяжынах забытых,
у калматую шкуру ўгрызаюцца іклы галля.
Маё сэрца ваўчыцы рве грудзі раз'ятраным рыкам,
ды пад рэбрамі тонка скуголіць спалох-ваўчаня.

Трэск ламачча, бы стрэл, ушчамляецца між пазванкамі,
устае на загрыўку не шызая – сівая поўсць:
арабіны «сцяжкамі» трывожаць, цясняць, замыкаюць,
журавіны крывавымі пырскамі коцяцца скрозь.

У прагал я ныраю, аж кіпці распорваюць глебу –
падавіся, маліннік, густым касмылём ад хваста!
Я імкну да вас, пушчы... Вядзі, зорна-яснае неба!
Я бягу, мая зграя. Мой лёс, мой ваярскі састаў.

Не ламаюць нягоды байцоў і ўпартых, і спрытных,
не дастане да сэрца ваўчыцы сухоцце галля.
Чую покліч братоў і сясцёр, азываюся рыкам:
«Пр-р-рычакай жа, ваярства лясное, з табою і я!»

24–25.05.2022


Рецензии