Мiрон Радзiвон

              Кашуля асабістага меркавання
              мае памер яе асобы


Мірон і Радзівон - два суседа - культурна адпачывалі пасля лазні. Гурочак… гітара… усё такое… І на руках пазмагаліся, і хто дзе служыў распавялі.   Аказалася - у іх шмат агульнага. Можа, так усё і працягвалася б, ды ўздумалася Мірону ўсцягнуць на суседа такую ж самую кашулю, якую сам носіць. А яна не падыходзіць Радзівону, і ўсё тут. І памер не той, і расфарбоўка надакучлівая, і фасон стэрэатыпны. Ды і наогул, не жадаў Радзівон насіць аднолькавае з суседам адзенне. Так і разышліся мужчыны па хатах.

Раніца наступнага дня атрымалася як ніколі: пасля лазні - як немаўля! Нібыта гадоў дваццаць прэч! Гушкае лёгкі водар бэзу, а ў слоіку з квасам купаюцца сонечныя прамяні. Эх-х-х!

Выйшаў Радзівон на ганак, пацягнуўся як сыты кот, гучна выдыхнуў, ды… Не хутка ўжо потым удыхнуў - на лаўцы пад бэзам Мірон чакае. І кашулю ў руках трымае. Гаротны, усю ноч гузікі перашываў, чырвонымі ніткамі штабнаваў, каб мадней было… Радзівону нават няёмка стала - стараўся ж чалавек, не спаў. Паразважаў моўчкі, ды вырашыў уважыць Мірона - прыкінуў тую кашулю да сябе. А яна, каб яе качкі, не падыходзіць, і ўсё.

Было бачна, што абразіла гэта Мірона, аднак крыўды ён не паказаў. Пажартавалі мужчыны, пачаставаліся бурштынава-сонечным кваском, ды разышліся кожны па сваіх справах. Працуе Радзівон, дні ляцяць, і няўцям, што Мірон удумаў…
На Сёмуху зноў сустрэліся суседзі. Прыбралі «маем» падворкі, аерам заслалі падлогу ў лазні, напарыліся, ды за стол селі. Гурочак… гітара… усё такое… У шахматы згулялі, у каго якая касілка распавялі. І толькі надумаўся Радзівон развітацца з Міронам, як той хуценька шусь да шафы - кашулю дастае! Вочы шчаслівыя, шчокі чырвона-пунсовыя, а кашуля новенькімі прыбамбасамі зіхаціць.

- Вось, сусед, прымі кашулю! - кажа Мірон, а лысіна, аж ільсніцца ад задавальнення. - Бач-ч, якая прыгожая, модная.
Радзівон адмовіцца хацеў, ну ні яго гэта фосончык. І прыбамбасы новыя здаюцца недарэчнымі, і кішэні з гузікамі не ў колер. Радзівон быў выхаваным чалавекам, і каб не пакрыўдзіць Мірона, пажартаваў:

- Мірон, дружа, паглядзі, якое ў мяне вялікае пуза, не ўлезе ў тваю кашулю…

- А я ўсё прадугледзеў! - настойвае сусед. - Тут - расшыў, там - прарэзы зрабіў…

І гэтак, і так намякаў Радзівон, што не жадае чужую кашулю на сабе насіць, ужо і жарты згубілі моц абараняць гаспадара, а Мірон атакуе, і ўсё. Нібыта гэта і не Мірон зусім, а нячысцік у яго ўсяліўся, каб выпрабаваць Радзівона ў самае свята. Тройца. Вельмі не хацелася псаваць настрой ні сабе, ні Мірону. Такія вочы ў яго шчаслівыя… Узяў Радзівон беражліва Міронаў дар, ды да хаты накіраваўся. І чаму б Мірону не адступіцца з гэтай кашуляй, каб яе дождж намачыў?! Не! Уранні Радзівона каля фортак падпільнаваў:

- Э-э-э, сусед, бачу, пагрэбаваў ты маім падарункам, толькі нібыта паманіўся, а карыстацца і намеру не меў…

Радзівон ужо напружыўся праўду яму пырскануць, ды бачыць, Міронаў твар нейкага незвычайнага зялёнага колеру зрабіўся, а рукой ён схапіўся за правы бок. Падскочыў Радзівон да Мірона, а той аж прытомнасць губляе - апендыцыт. 
Згатаваў Радзівон курынага булёну, морсу журавінавага ў пляшку наліў, усяго такога… ды падаўся ў лякарню суседа наведаць. Зайшоў у палату, Мірон чуць жывы вохкае - ад наркозу адыходзіць. Такое шчасце ахапіла мужчын, як толькі на вочы адзін аднаго пабачылі. Абняліся, паздароўкаліся, і давай Радзівон усе навіны распавядаць. І лазенку згадаў, і гурочак… і ўжо час надышоў развітвацца. Што тут на Мірона найшло, адкуль у яго тая моц прачнулася? Пакрыўджана-дужы голас раскалоў усталяваную прыемнасць:

- Навошта ты, Радзівон, прыйшоў, калі не паважаеш мяне?!  Каб  паважаў - кашулю б маю надзеў, хоць бы для прыліку! Я для цябе стараўся, начэй не спаў, а ты…
Сціснулася сэрца ў Радзівона. Перайсці на такі ж тон - выхаванне не дазваляе, ды й як можна зрабіць балючай чалавеку, якому і так баліць?

- Я пасціраў кашулю. Сохне. - супакоіў сусед хворага. Сеў за руль, ды… валідол прыйшлося шукаць.

«Схлусіў Радзівон… - смыліць у Міронавых думках. - Не запрашу яго больш у лазню. Знайду сабе іншага сябра! Падхлебнікаў хопіць, яны з задавальненнем у маёй кашулі фарсіць будуць, яшчэ і дзякуй скажуць!»

«Не, - думае Радзівон. - не варта з Міронам у лазню хадзіць. Учора кашулю сіллю чапляў, а заўтра - завушніцы, крый божа, закамандуе…» Ды… дзе там. Купалле як раз набліжалася. Плыве Радзівон па возеры, цешыцца. Бац, да болю вядомая лысіна мільганула, падобная на вялікі плавок. Не паспеў Радзівон на яе фокус навесці, як знаёмыя вусы ўсплылі, гайдаюцца на бліскучых хвальках вады. Па іх фанабэрыі ён і здагадаўся, што Мірона напаткаў! Узрадаваліся мужчыны, абняліся, паздароўкаліся, на беразе вогнішча расклалі. Сядзяць культурна: гурочак, сальца, усё такое… Падзівіліся, як дзяўчаты вяночкі на ваду пускаюць, ды прыгадаў Мірон, што ў ягоным бардачку нештачка цікавае без патрэбы валяецца.
   
- Радзівон! - узняў палец угору Мірон, нібыта Архімед. - Прымі завушніцу! Адну я ў сваё вуха ўцягнуў, а другую ты насі. Залатая!

Радзівон адмовіўся адразу. Не захацелася на тыя ж самыя граблі зноў наступаць, ды і завушніц ён не носіць. Хуценька ўскочыў у свой легкавік, аднак… усё ж злавіў чырвоны агеньчык у позірку суседа, быццам бы гэта зусім і не сусед, а нячысцік у яго ўсяліўся. Свята было сапсаванае. Добра, што валідол у кішэні адшукаўся. Радзівон спадзяваўся, што выпадак з кашуляй нечаму навучыў Мірона, ды… дзе там.
Раніца не задалася. На душы было цяжка. Радзівон хвастаў сябе роздумам: «Нельга было так з Міронам… От, дурань, чаму не прыняў у яго тую завушніцу?!  Пакрыўдзіў суседа… як мае быць, пакрыўдзіў… у свята… Пайду перапрашаць. Пасядзім, пагутарым, можа, адпусціцца».

Толькі з хаты Радзівон… зірк! А  ягоны легкавік не на колах, а на цаглінах яго сустракае, і Мірон ужо кругаля дае, лысіну чухае, а яна, аж ільсніцца ад задавальнення.

- …Бач, Радзівон, «ахрысціў» твае колы Янка Хрысціцель. Відаць, добра ты награшыў!

Радзівон быў разважлівым чалавекам, і добра разумеў, што людзі адзін у аднаго часцей дурное пераймаюць. Шкада іх, брэшуць, раты не сцінаюць, цвёрда ўпэўненыя ў тым, што разумнейшы той, хто гучней гаўкане ды балючай пекане. Ды за што? За тое, што валасы кучаравыя, а ні белыя, што кашуля не ў клетачку, а тунікападобная… Радзівон на ўласным прыкладзе імкнуўся паказаць Мірону, што існуюць іншыя ўзаемаадносіны - высокамаральныя, Чалавечыя.

- Фі-у-ў, - прысвіснуў ён. - А калі ў таго «Янкі Хрысціцеля» апендыцыт, збаў божа, з левага боку прыключыцца, на чым у лякарню трапляць?.. Ат! Падумаеш, колы… У жыцці столькі каштоўнага, пойдзем, сусед, кваском пачастуемся. Дзень які!  Глядзіш, і колы на месца стануць…
 
Такі паварот падзей, шчыра кажучы, збянтэжыў Мірона. Ён ахвотна прыняў прапанову сябра, але ў глыбіні душы зайграла ўсё ж зласлівая асалода: «Ага, Радзька, на адступную пайшоў… Уставіў я табе, аднак, мазгі. Будзеш ведаць, як мне пярэчыць!» І перш, чым заняць сваё месца за сталом, прыхапіў завушніцу.
 
Сядзяць культурна: гурочак… квасок… усё такое… Тут Мірон замурожыў вочы, ды інтрыгоўна так шэпча ў самае вуха Радзівону, аж крошкі з рота выскокваюць:

- Паслухай, што скажу табе, Радзік. Учуў я, што бабы дамаўляліся ў росных зёлках на прыцемках купацца...

Ды і вырашылі мужчыны смеху дзеля дазволіць сабе тое, на што ў маладосці смеласці не хапіла…

- Э, не, Радзівон! - заявіў упарты Мірон. - Так справа не пойдзе. Я столькі для цябе зрабіў, а ты нават не патурбаваўся сваю павагу да мяне прадэманстраваць. Не бачу на табе мой дарунак - кашулю. А вось і… завушніца да яе.

- Эх-х-х! Ну, тады і нагавіцы нясі, сусед, ты столькі для мяне зрабіў! Гуляць, дык гуляць! - не стаў на гэты раз пратэставаць Радзівон, свята ж. Яшчэ і лысіну такую ж, як у Мірона выгаліў, вусы прычапіў…

Ды й пацягнуліся таварышы цянькамі на лог… Селі, адзін за адным кустом, а    другі  - за другім. Цікуюць. Чуе Радзівон, нехта яго ласкава тонкімі рукамі абвівае, ціхама да грудзей прытуляецца… «Няўжо русалка?!.» – адно паспеў дапусціць ён, як патануў у салодкіх водарах святочных туманаў разам з таемнай асобаю…

…А ці разабралася Міроніха, хто не яе чалавекам быў, - не толькі зёлкам купальскім вядома.

 14.11.2021


Рецензии