Па сунiцы
Не тое каб Кася надта імкнулася да самастойнасці. Але на мінулае свята Аляксей падарыў ёй хусцінку - светла-блакітную, у вялізныя белыя рамонкі, якраз пад колер вачэй. І тата, зарабіўшы на перагонах лесу, паабяцаў: калі Кацярына прынясе ягады, купіць гэткай жа тканіны на сукенку. Маці пашые, а то і сама Кася ўжо здолее: з іголкай і нажніцамі яна ўпраўлялася выдатна амаль з маленства, не баялася раскройваць велізарныя адрэзы суседскім кабетам, прыдумляла незвычайныя фасоны, каму з высокім поясам, каб схаваць жывот, каму вузенькімі лямачкамі падкрэсліць прыгожыя плечы, а то і - смела - па касой зрабіць падол, упрыгожыўшы абвязанымі фестонамі.
...У лес Кася пайшла а шостай, але птушачкі ўжо спявалі. Начная раса прыемна халадзіла голыя ногі. Нават рамонкі яшчэ не прачнуліся, не параспускалі пялёсткі насустрач сонейку як след. Самая пара для ягад, змарыцца на жары не паспееш, камары не заядуць.
Ад дарогі вырашыла не аддаляцца: як звычайна ходзяць з мамай, сяброўкамі і суседскімі жанчынамі гуртом, то можна і не баяцца, пагукаюць адна адну, не заблудзішся. А адной ўсё ж такі самую крышачку ды боязна.
Назбірала доволі хутка: сонца яшчэ не павярнула на Малінаўку. Пакінула колькі ягад на пянёчку, аддаючы даніну продкам, але сама не ела, спяшаючыся хутчэй скончыць справу. Натрапіла пару разоў на вялікія палянкі - толькі паспявай паварочвацца, нават нязвычна, суніцы любяць, калі ім кланяююца шмат, а тут нібы чарнічнік - усё на адным лапіку.
Дасыпала апошнюю горстку, каб вядро атрымалася з коптурам, і вольна развяла рукі: атрымалася! Можна ісці дадому.
А... куды ісці?
Кася азірнулася. Дарогі побач няма, мусіць, усё ж такі яна следам за ягадамі паглыбілася ў лес. Але з якога боку вёска? Глянула на сонца, але што таму сонцу -свеціць з вышыні раўнадушна і абыякава. Эх, трэба было з сабой сабаку браць, ужо б Жук не заплутаў, з ім не прапала б!
Плакаць не хацелася, трэба было дзейнічаць. Дзяўчына прыслухалася, ці не далятаюць зводдаль якія вясковыя гукі - жужжанне касілкі, каровіна мыканне або певень падасць голас. Але вакол была звычайная лясная не зусім цішыня, хутчэй - заспакоенасць.
Трэба шукаць шлях - любы. З дзяцінства Кася памятала наказ: дарога кудысьці выведзе. Не ў сваю вёску, то ў іншую або хаця б на іншую, большую дарогу, каторая рана ці позна ўсё роўна прывядзе да людзей. Дарога - знак чалавека.
Сасоннік гудзеў манатонным гулам і зудзелі вакол мошкі. Кася прайшла колькі крокаў у адзін бок, паспрабавала вярнуцца, але зразумела, што заблытваецца яшчэ больш.
"Не хвалюйся!" - сама сабе сказала дзяўчына.
І заплакала.
Было не столькі жахліва, колькі сорамна. Ну, не згубіцца ж яна тут на векі вечныя, не такія непраходныя вакол іхняй вёскі гушчары! Але і татава абяцанне, і традыцыя для дарослых - усё адплывала кудысьці як у мроі. Не сумела, не апраўдала, не здолела...
І раптам аднекуль з'явілася жаночая постаць. Кася са здзіўленнем глянула на кабету: босыя ногі, нейкая старамодная спадніца - дзе яна падобную магла ўбачыць? Валасы прыбраныя ў дзве таўшчэзныя касы і чамусьці нічым не пакрытыя. Вочы і ўвесь твар яе падаліся смутна знаёмымі.
- Не пужайся, - спакойна сказала жанчына. - Мы цябе выведзем.
Кася і не спужалася, хутчэй было цікава, адкуль раптам з’явілася гэтая цётка - бабай яе язык не паварочваўся называць, ды і па ўзросце яна яшчэ не была старая. Але відавочна старэйшая за маці. У руках у яе нічога не было, але на поясе віселі колькі палатняных мяшэчкаў, на першы погляд напоўненых чымсьці не надта цяжкім, кшталту зёлак або арэхаў.
І чаму "мы" - жанчына ж адна. Кася перавяла позірк крыху ўбок і ўбачыла, што ў глыбі дрэваў стаіць яшчэ кабета: у той твар быў нават маладзейшы, і, мусіць, яна цяжарная. Побач з ёю прытулілася дзяўчынка, год пяці-шасці, светлавалосая і сумная. Кася прыгледзелася і ажно не перахрысцілася: малая адзін у адзін напомніла ёй малодшую сястрычку. Аленка памерла ў дзяцінстве.
На імгненне Касі стала не па сабе.
- Вы... хто вы? - спытала дзяўчына, пераводзячы вочы з адной на іншую жанчыну.
- Ты не здагадваешся? - здзіўлена, але без папрока ў сваю чаргу адказала пытаннем жанчына. - Мы - твае...
- Родныя, - ціха, амаль шэптам скончыла сказ тая, што хавалася ўдалечыні.
- Я Алёнка, сястрычка твая, - зрабіла крок наперад дзяўчынка.
- А я прабабуля, - дадала цяжарная кабета. - Маміна бабка, Улляна. Ці ты не ведаеш, што я памерла, чакаючы сёмае дзіця?
- А я Кацярына, Улляніна дачка, твая бабуля. У маю памяць маці і цябе назвала. Ты зусім мяне не памятаеш, табе было два гады, калі мяне не стала.
- Але ўсе мы, - раптам яны загаварылі разам, - цябе абараняем і дапамагаем... адтуль. І спадзяемся, што ты будзеш нас працягваць.
...Галасы пачалі станавіцца цішэй, а постаці нібы рассеяліся паміж ветак. Кацярына міргнула і ўбачыла каля сябе сцежку. Выйшла на дарогу і ўвесь шлях дадому пыталася саму сябе - што гэта было, ці сон, ці гульня яе розуму. А мо, сапраўды ёй дапамагла не згубіцца ў родным лесе душа яе бабулі, якая таксама шмат год таму хадзіла-блукала тут па гэтых жа сцежках, збіраючы ў адзіноце поўнае вядро суніц?..
Праз год Кася і Аляксей павянчаліся. У наступным годзе ў іх нарадзілася дачка.
Як думаеце, прыйдзе яна аднойчы ў тыя ж мясціны спраўдзіць старадаўняе вясковае павер'е?..
02.07.2022
Свидетельство о публикации №222070600321