Тэст-драйв для жанiха

   – А мая ж ты дзевачка, а мая ж ты пеначка, – раскiнула рукi для гарачых абдымкаў з дачкой сваёй сястры Анюткай, што паказалася з вулiчнай брамкi, цётка Фёкла. А каго гэта ты прыперла? А што ета за кавалер цябе прывёз? Мо зноў жанiх i ты ў замужжа сабралася?
   – Ну чаго ты так голасна галёкаеш, цётачка? Ён жа пачуе, а гэта ж i праўда – жанiх.
   – Дык няхай чуе – клопат вялiкi. Я ж нiкога не прыбiла, нiчога чужога не прыхапiла, на сваёй вось лавачцы каля ганку сяджу. Каго мне баяцца? Твайго чарговага ўхажора? Дык я яго яшчэ i не разгледзела добра. Чаго гэта ён там за плотам у кабiне поркаецца, няхай ужо вылазiць на свет божы, паглядзiм на твайго кавалера спачатку зблiзку, якi ён на выгляд, ну, а ўжо потым, галубка мая, у справах будзем глядзець на што ён прыдатны.
   – Цётачка, не ўздумай яму свой тэст-драйв устрайваць, бо я так нiколi замуж не выйду, – успалашылася Анютка. Палiчы колькi ты маiх хлопцаў за апошнiя два гады зганьбiла? Для цябе яны ўсе не такiя, як трэба: адзiн – крыварукi, другi – чаркi адну за адной куляе, трэцi смалiць цыгаркамi, як тая смалакурня, чацвёрты за кожнай спаднiцай упадае, пяты на рыбалцы днямi прападае, шосты… Ты хочаш знайсцi такого, як у той песнi пяецца: «Каб не пiў, не курыў i да баб не хадзiў, а толькi грошы ў хату прыносiў»? А дзе ж ты такога сёння знайдзеш? – усхадзiлася не на жарт Анютка, пакуль той, з кiм яна прыехала да сваёй раднi ў вёску, усё яшчэ «поркаўся» каля легкавiка.
   – Не, мая дзевачка, не, мая ясачка, ты памыляешся, – пакiвала cваёй шалёнай галавой «цётачка-помарак». Што ж гэта за мужык такi будзе, калi ад яго казлом будзе тхнуць, а не лёгкiм водарам тытуня? Калi ён i вока свайго не кiне ў бок якой-небудзь чараўнiцы, каб параўнаць з ёю сваю абранiцу? Гэта ж для яе будзе толькi на карысць: не будзе хадзiць расамахаю дома, спiну будзе трымаць прама, як той салдат па стойцы «смiрна», а ён, гледзячы на такую яе паглядную, будзе хадзiць гогалем – няйнакш каралём. А то, ты ж бо глянь на сваiх некаторых таварышак: не паспее каторая з iх фату зняць з галавы, а тут жа пачынае думаць, што яна ўжо атрымала перамогу над непрыяцелем i цяпер ёй мора па калена – можна не ўмывацца, не прыхарошвацца, у задрыпаным халацiку перад абранiкам хадзiць. А калi яшчэ дзiцёнак паявiцца, дык яна ўжо i ног пад сабой не чуе, маўляў, куды ён цяперака дзенецца з падводнай лодкi… А да таго даўмецца не можа, дурэпа, што калi параўнанне атрымаецца не на яе карысць, дык мужыка не ўтрымае i цэлая гурба дзяцей. Хто ж гэта захоча кожны дзень бачыць каля сябе такую, прабач Госпадзi, расамаху? А што да пiтва, дык жа па розуму ды па здароваму глузду можна калi-некалi i чарчыну якую перакулiць. Галоўнае ж у любой справе меру знаць ва ўсiм, а то так можна немаведама куды заперцiся.
   Пакуль Фёкла вучыла розуму дзевачку-ясачку, нарэшце, з вулiцы паказаўся «кавалер» Анюткi. Глянуўшы на яго, цётка Фёкла з яўнай палёгкай, прычым голасна, выдыхнула:
   – На першы погляд анiшто сабе мацак! А то ўлямiла дзеўка заморкаў безрукiх i безгаловых нейкiх вазiць. Дык жа яшчэ i хвортку дзвюма рукамi адчынялi…
Тут патрэбна сёе-тое растлумачыць: наконт тых рук i «хворткi» – гэта Фёкла брамку мела на ўвазе.
   Справа ў тым, што брамку чарговы абранiк пляменнiцы адкрыў нагой – бо абедзве яго рукi былi заняты пярэстымi пакетамi чымсцi напоўненымi. Гэтая акалiчнасць гаварыла цётцы Фёклi пра многае: апошнi заляцальнiк Анюткi, калi прыязджаў у вёску, тую ж брамку-«хвортку» адкрываў абедзвюма рукамi, гаворачы пры гэтым: «А што туды везцi – там жа ёсць усё сваё: яйкi, мяса, садавiна, агароднiна. Хлеб? Дык яны i самi здатны яго напякчы, а то яшчэ i лепш – дранiкаў жа можна намарудзiць, або аладак. Тым больш, што i малочнага да печыва ў iх свайго хапае. А вось калi маладыя збiралiся дамоў у горад вяртацца, дык хлопец цi не падрываўся: у яго рук не хапала, каб усе клункi-сумкi пазносiць у машыну. Тут ужо яму прыходзiлася нагамi тую брамку адкрываць.
   Надзiвавалася Фёкла i тады, калi аднаго разу той заляцальнiк папаў на копку бульбы. Яны ўсе – капальшчыкi, сталi выграбаць бульбу як было заведзена спакон веку ў iх вёсцы – сагнуўшыся крукам пасля падкопача. А той боўдур, якому давялося-такi iсцi на поле следам за нявестай, узяў ды ўкленчыў у баразну, як тая каракацiца*, ледзь не лёг у яе, i спачатку заглядаў пад корч, як сарока ў костку, а потым адной рукой стаў нехаця калупаць пад iм. Фёкла не вытрымала такiх (па яе разуменню) здзекаў i з зямелькi, i з бульбы, падышла да таго кавалера, падняла яго двюма рукамi за каршэнь i дала яму ў рукi рыдлёўку – каб ён хоць падкопваў. Дык i тут той целяпень умудрыўся так iм нападкопваць, што капачы ледзь пальцы не паламалi – уваткнуць рукi ў зямлю было немагчыма.
   А калi Фёкла (зарадзi апошняга тэст-драйву – чаго там хаваць) папрасiла таго хлопца-кавалера нанасiць у лазню з калодзежа вады, дык жа нячысцiк мала таго, што аблiўся з ног да галавы, умудрыўся яшчэ i вядро ўтапiць. Пакуль яго потым даставалi, дык дабрэнна пашматавалi-пагнулi. Новенькае!
   Ну, i як, вы людцы дарагiя, сабе думаеце? Цi ж варта было аддаваць сваю дзевачку-ясачку за такога недарэку? 
   А яе ж пляменнiца такая паглядная, такая гаспадынячка, а на выгляд – няйнакш мадэль з вокладкi моднага часопiса. А якая нага пад ёю! А як яна танцуе – нiбы лятае, веерам ходзiць.
   Дык жа i iншыя прэтэндэнты на руку i нагу Анюткi (чаго ўжо тут не пахвалiцца) аказвалiся такiмi ж бязглуздымi i безрукiмi i тэст-драйв ну анiяк не праходзiлi. Фёкла пра iх i ўспамiнаць не хацела.
   Ага, дык за тымi недарэкамi (хай iм грэц), што прыгадалiся цётцы Фёклi, яна пра новага жанiха Анюткi ледзь зусiм не забылася. А той за час успамiнак Фёклы паспеў прытулiць свае клункi да ганку i зноў накiравацца за брамку, якую цётка называла «хворткай». Не паспела Фёкла падумаць: «Куды ж гэта хлопец ты мой, збягаеш, а я ж цябе яшчэ i не разгледзела добра», як той аб’явiўся перад суровай «экзаменатаршай» з вялiзным букетам чырвоных руж. Да такога ферту (фокуса) Фёкла не была гатова i разгубiлася не на жарт – ледзь не самлела ад нечаканасцi. А той «мацак», якi на выгляд быў рослы i фiгурысты (без жывата-пiўняка), узяў яшчэ ды i зусiм «дабiў» Фёклу: укленчыў перад ей на калена i папрасiў нi много, нi мала – «рукi i сэрца Анюткi».
   Ну i што ты тут будзеш рабiць? Здавацца? Iншая на месцы цёткi Фёклы так бы i зрабiла. Але ж вы, дабрадзеi, не ведаеце тую цётку.
   «Эге, – скмецiла Фёкла. – А мая ж ты пеначка, а мая ж ты сiзая галубка, гэта ты так хочаш замуж, што праiнструктавала кавалера, як са мной паводзiцца i чым мне затуманiць вочы? А бацькi, мусiць, ужо далi згоду? Тых прастакоў лёгка абвесцi вакол пальца, але толькi не мяне. Сама добра ведаеш: хто мяне абманiць, той назаўтра выпрастаецца (памрэ). Ты мяне, галубец, сваiмi рукамi-нагамi з той хворткай, ды з поўнымi торбамi (яшчэ невядома з чым) i венiкам гэтым пахучым не проймеш – тэст-драйва табе майго не мiнаваць, – рашуча падумала Фёкла i сабралася даць першае заданне-выпрабаванне (i не кажыце – як у той казцы) «мацаку». Але не паспела:
   – Цётачка, а дзе Вы трымаеце сваё ўзброення садова-агароднае? А цi ёсць у Вас сякера, малаток, цвiкi – я тут, пакуль Вы з Анюткай пакункi разбярэце, трохi пагаспадару. Вунь брамка Ваша ледзь трымаецца, садочак трохi падстрыжу, вады Вам нанашу куды скажаце.
   Сказаць, што цётка Фёкла анямела на нейкi час, дык будзе не зусiм дакладна, бо яна проста самлела ад такой неспадзяванкi – нi адзiн з заляцальнiкаў Анюткi нават i ў думках сваiх не маў такога, каб прапаванаваць ёй – даволi пажылой жанчыне, дапамогу. Тыя ж рысакi, не – не рысакi, а хутчэй за ўсё iшакi (на думку Фёклы), першае што рабiлi, пераступiўшы парог цi яе хаты, цi кватэры бацькоў Анюткi, заскаквалi за стол, маўляў, я тут вось вас усiх ашчаслiвiў, дык давайце частуйце-шануйце мяне.
   Фёкла яшчэ паспрабавала супрацiўляцца:
   – Галубок мой, а можа за стол спачатку прысядзеш, перакусiш сёе-тое? З дарогi ж. Дык i чарчына знайдзецца.
   – Не, даражэнькая, якая там дарога. Ды я яшчэ не зарабiў нi талеркi супу, нi кавалка хлеба. А што да чарчыны, дык я ж за рулём, а мы з Анюткай, як трохi пагаспадарым тут у Вас, у лес праедзем, на рэчку. А давайце i Вы з намi – калi яшчэ выберацеся?
   Тут ужо цётка не вытрымала:
   – А саколiк мой ясны, а дай я цябе хоць абдыму, добры чалавек. А перадасi сваiм бацькам «вялiкi дзякуй» за такого сына.
   – Ты яшчэ школе яго i iнстытуту «дзякуй» перадай, цётачка, – i яны ж прыклалi руку да яго выхавання, – на ганку стаяла i свяцiлася ад радасцi Анютка, якая ўжо зразумела, што нават не прыступiўшы да сапраўднага тэст-драйва цётачкi, яе Глеб прайшоў выпрабаванне.
   – Пайшлi са мной, я ўсё табе пакажу, – схапiўшы за руку таго Глеба, дзяўчына павяла яго ў бок гаспадарчых пабудоў.
   – Ты пабач, прайшоў-такi! (тэст-драйв). Дык я ж адразу падумала: мацак! Фёкла адвярнулася, каб жа нiхто не пабачыў яе слабiны, i канцом хусткi-падвядзёнкi змахнула з вачэй скупыя слязiны. – Будзеш ты, мая галубка, за гэтым упёртым мацаком, як за каменнаю сцяною. Яшчэ i «дзякуй» цётцы сваёй скажаш. Хоць i кажуць разумныя людзi «за пераборы – лапцi ды аборы», а перабiрала я табе тых рысакоў-iшакоў не дарэмна. Каб жа я дапусцiла тваё замужжа з адным з тых абiбокаў, ну хоць бы з тым, што ў разоры бульбяной валяўся, дык сёння б ты была за iм як кажуць: «голая, босая i праставалосая». Пабачыла б за iм пеўня смаленага, а то i яшчэ горш: ускочыла б, як тая жаба ў жар.
   Цётка з адабрэннем кiвала ўслед пары сiвой галавой.

   *Каракацiца – марскi малюск з групы галаваногiх. У прастарэччы – няўклюдны чалавек


Рецензии