Гоначка
Якія агромністыя дарослыя... Які шумны натоўп з усіх бакоў! Ты пужліва тулішся да знаёмага паліто, каб не згубіцца. Выцягваеш шыю, адчайна жмурышся, але ўсё, што за спінамі работнікаў у форменных кепачках, безнадзейна расплываецца.
– Вольная каса!
– Тут ці з сабой?
– Маленькая бульба-фры, чызбургер і...
Куды глядзець? Нічога не бачна, хаця вы праштурхаліся да самай касы. Хіба колеры – чырвоны, жоўты... Усё. А дзе знайсці цацкі – незразумела. Чаму табе так важна іх выглядзець, ты разабраць не можаш.
Бабуля нахіляецца:
– У «Хэпі Міл» ёсць лялька, а ёсць машынка. Што табе?
– Н-не ведаю...
Самы просты адказ. Самы хуткі. Не трэба тут жа вырашаць – мармытні і сцісніся ў камячок, мітусліва шукаючы думкі.
Думак няма. Калі і былі – разбегліся. І дзе ўзяць для іх прастору, калі ў галаве цесна ад напружання? Цвёрдага такога і акруглага. Нібы камянюка.
Адкуль яна там? Вырасла ці была заўжды?
Так або сяк – ты задужа цягнеш. Яшчэ адна камянюка вырастае ў грудзях. Дыхаць не дае, сэрцу замінае стукаць. І свярбіць усё трывожней...
Больш не сцярпець! Калі выбраць, яно скончыцца.
– Мне... машынку...
– Што?
– Я хачу машынку!
Выпаліць-выдыхнуць, абмякнуць з палёгкай. Усё?.. Ты потым дзівілася. Ну, у дзяўчатак не прынята пытацца, ці хочуць яны машынку. Гэта раз. На днішчы і праз гады застаўся подпіс «2000», які можа азначаць, што табе было чатыры. Гэта два. А трэцяе – у міфічныя «дочкі-маці» ты сапраўды неяк не гуляла. Затое мела процьму звяроў. Проста – звяроў. Безыменных.
Быў, напрыклад, сціплы ружовы аднарожак з таго ж «МакДональдса».
Была гепардзіца з д’ябальскі-чырвонымі агністымі вачыма на батарэйках.
Быў жоўты мядзведзік у барвовым камбінезоне – яго ты брала ў садок, каб гуляць з хлапчукамі, нібы ён тваё тыграня.
Быў рыжы віславухі Тузік, які меў імя, таму што быў мамін.
Машынак, зрэшты... не было.
А тут з’явілася яна – белая гоначка. Важкая: зверху метал. Чатыры колы ў срэбныя рысачкі. За стырном – гоншчык у жоўтым шлеме...
Праз два дзясяткі гадоў пры найбліжэйшым разглядзе асноўная рэакцыя: «О-о-о! А-а-а! Ён прышпілены як у самалёце!»
Аб гонках і гоншчыках ты ведала... прыблізна ніколькі. Але гэта не перашкодзіла запускаць гоначку па дыване цераз усю залу і атрымліваць назад ад таты. Весялей, чым «дочкі-маці», праўда ж?
І рабіць выбар ты навучылася, хоць і праз два дзясяткі гадоў.
А цяга да раптоўнай машынкі ўсё ж здабыла тлумачэнне. Не адразу. Не выпадкова. Але здабыла – і падалася зразумелай з самага пачатку.
І таму ты ўпэўненая, што цацкі для хлопчыкаў і цацкі для дзяўчатак – катэгорыі штучныя. Белая гоначка на тваёй далоні згаджаецца.
Усё!
11.07.2022
Свидетельство о публикации №222071101686