Заметки к сборнику стихов Геннадия Говара

“Нататкі да зборніка вершаў Генадзя Говара "Дзякуй!”
Вера Стасенка
Зборнік вершаў беларускага пісьменніка Генадзя Говара “Дзякуй!”,  выйшаў у выдавенстве “Гомельская праўда”  у 2022 годзе.
Па-першае, для мяне вялікі гонар атрымаць з рук Генадзя Васільевіча Говара кнігу вершаў з асабістым аўтографам аўтара: “Веры Сяргееўне, таленавітай паэтке і чалавеку! – Генадзь Говар 25.07.2022 г.”
Па-другое, па маім меркаванні, Генадзь Васільевіч вельмі сур’ёзны чалавек і дасканала адносіцца да пісьменніцкага слова, навуковай думкі, мастацкага пэнзля. Творчасць – на яго думку, гэта адмысловая з’ява, якую чалавечы розум яшчэ неспазнаў, і наогул, наўрад ці зведае яе Боскую сутнасць. Творчы талент ёсць не ў кожнага чалавека, бо ім надзяляецца толькі абраная Божай ласкай асоба…
Стосак вершаваных думак у зборніку падзелены па раздзелах: паэмы, якія можна лічыць гістарычнымі навэламі, балады, вянкі санетаў, вершы рознага жанру і чатырохрадкоўі – спадчына, якая занатавана пісьменнікам у кнігу з прыгожай назвай: “Дзякуй!”.
Назва кнігі выбрана аўтарам незвычайна.
Сапраўды з вышыні сталага ўзросту можна азірнуцца і падвесці некаторыя вынікі, каб падзякаваць лёс за ўсё тое, што прыйшлося перажыць на творчым шляху…
Генадзь Говар вядомы на Беларусі мастак, пісьменнік, вынаходнік і матэматык, адкрывае перад чытачом асабісты позірк на перажытае ў мінулым сваёй Бацькаўшчыны.
У прадмове да зборніка вершаў “Дзякуй!”, прафесар Штэйнер І.Ф. выказвае думку, што “У многіх сваіх лірычных творах ён [Генадзь Говар] выступае як філосаф, невыпадкова некаторыя ягоныя катрэны, дзе аўтар аналізуе сутнасць быцця, нагадваюць славутыя рубаі А.Хаяма:
Тых, хто жыццё падарваў, ужо няма,
А тых, што будуць жыць, яшчэ няма.
А мы жывем і да пары няўцям,
Што мы звяно ў ланцугу жыццёвым…”
Слынны навукоўца, прафесар Плескачэўскі Ю.М., дае ацэнку творчасці Генадзя Говара ў галіне матэматычнага вынаходніцтва: “Выходзіць гэтая кніга паэзіі “Дзякуй” амаль у адзін час з апублікаваннем навуковага артыкула Говара Генадзя Васільевіча ў навуковым часопісе «Известия» № 6 (129) Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны. На здзіўленне цывілізацыйнага свету, Генадзь Васільевіч апублікаваў рашэнне задач, якія на працягу тысяч гадоў лічыліся невырашальнымі – гэта задачы аб трысекцыі вугла і падваенні куба па рэбры куба. На падыходзе публікацыі з рашэннем задачы аб квадратуры круга, якую нават Арыстоцель лічыў невырашальнай. Чым яшчэ здзівіць свет гомельскі Платон?” – разважае прафесар у сваёй прадмове да кнігі.
Гэтыя прадмовы маюць канкрэтны падыход і вартыя больш, чым водгука на самабытную і даследчыцкую дзейнасць беларускага пісьменніка-навукоўцы Генадзя Васільевіча Говара.
У паэтычных творах ён перадае чытачу звесткі былых часін.  Нібы на паветранай машыне часу, якая адлічвае кругі гістарычнай спіралі, аўтар распавядае пра зорныя падзеі, якія з’яўляюцца перед чытачом з глыбіні вякоў. Адчыняе мінулае паэтычнымі радкамі, агінаючы недарэчнасці жыццёвых перэпетый, непаразуменні, жах. Творы ўводзяць думкі чытача ў свет сапраўднага старадаўняга быцця.
Вядомыя постаці ў баладзе “Францішак і Маргарыта” ведаюць нават школьнікі. У баладзе Генадзь Говар узгадвае аб беларускім першадрукары Францыске Скарыне і яго каханні, якое паўплывала на з’яўленне першых друкаваных выданняў створаных на беларускай зямлі. Перададзеныя душэўныя перажыванні закаханых і вялікае жаданне пераадолець усе перашкоды дзеля адзінага імгнення: застацца назаўсёды побач з каханкай Маргусяй. Каханне – адраджае, здзяйсняе, пераадольвае, наталяе, стварае, пазбаўляе і заахвочвае на новае, узнёслае, натхняе і аб’ядноўвае дабразычлівых, самаадданых, творчых…
Не абыходзіць увагай Генадзь Васільевіч тэму малой Радзімы. У кнізе можна пачытаць паэму, балады і вянкі санетаў, якія звязаныя з назвамі гарадоў Беларусі: Тураў, Мазыр, Гомель, Жлобін, узгадваецца і Добруш. Сабраныя старажытныя паданні з’явіліся асновай аповяду, якія, у дадатак яшчэ і дасканала даследваны Генадзем Говарам.
З сыноўняй чуласцю і дабрынёй да мясцін роднай беларускай зямлі апісвае ў вешаваных радках усхваляванасць і пяшчоту, параўноўваючы сябе з лісцем у вешы “Лістота”:
На радзіме малой, дзе калісьці,
Мае продкі плялі карані,
Адчуваю сябе накшталт лісця,
Што ў раллі шапаціць… Не крані…
Мае продкі таксама спявалі,
Яны зычылі ўнукам дабра,
Але цяжкасці зноў сустракалі
“перайменнем пустога вядра”.
Шапацяць пакаленні лістотай
То на голлі, а то на зямлі…
…На радзіме малой адзінота
Ў пустазеллі нічыйнай раллі…
Вымеранасць радкоў, узважанасць думак і зварот да гістарычных летапісных крыніц, паданняў, успамінаў сведкаў у вершах пісьменніцкага “говараўскага” стылю, узбагачаюць літаратурную спадчыну і вельмі дакладна характарызуюць мінулае нашай Радзімы.
Вандруючы па ўзбярэжжы вядомых рэк Беларусі: Дняпру, Прыпяці, Сожу, Бярэзіне, Іпуці ўзгадваюцца старадаўнія плямёны дрыгавічоў-язычнікаў, вольных радзімічаў, дзяржаўныя ўтварэнні і асобы князёў Вялікага Княства Літоўскага, Каралеўства Польскага.
Мастацкае рашэнне вокладкі адпавядае задумцы аўтара – паказаць сусвет, што зладжаны гармоніяй гістарычных падзей і ўплыў на іх чалавека, як выканаўцы місіі.
Задуманае ў жыцці людзі ствараюць розумам, які дасканала не вывучаны. А падзеі, нібы старонкі, пералістваюцца і, на больш вышэйшым узроўні развіцця грамадства, паўтараюцца, як бы пракручваюцца зноў, але з больш дасканалымі ведамі, уменнямі, здабыткамі ва ўсіх галінах чалавечага быцця. І так кожны раз, праз пэўны прамежак часу... Паўтараюцца па нейкім невядомым пазачалавечым ўспрыняцці сутнага ў шматмерным складаным жыцці.
Нататкі падрыхавала Вера Стасенка, член літаратурнага аб’яднання “Новая Беліца”, міжнароднага грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў і майстроў мастацтва”. Пашпарт: КВ1941083, выдадзены Слаўгарадскім РАУС Магілеўскай вобласці, 29.05.2013, тэл: +375 (33)3212402 (МТС), эл.пошта: vera.stasenko.2015@mail.ru


Рецензии