Камiнар

Пасля ўдалай паездкі ў грыбы наша сям’я сабралася на верандзе выпіць кавы. На шматгадзінныя хаджэнні па лесе было выдаткавана шмат энергіі і кампанія сборшчыкаў вырашыла падсілкавацца: жанчын чакала сарціроўка і пераборка дароў лесу, а мужчын – гаспадарчыя справы.

Жанчыны – гэта мая сястра Таццяна Цыркунова і я; мужчыны – нашыя другія палавінкі, цёзкі Уладзіміры.

Размясціўшыся за вялікім абедзенным сталом, абмяркоўвалі вынікі ціхага палявання. У нашай кампаніі ўсе добрыя грыбнікі, але безумоўны лідэр  –   Уладзімір Максімавіч Цыркуноў. Ён умудраецца нават у самыя неўраджайныя гады парадаваць сваіх блізкіх падасінавікамі, лісічкамі і нават белымі грыбамі.

Седзячы за сталом, Валодзя захоплена расказваў, як у невялікім дубовым гайку ён знайшоў адзін белы грыб, потым другі, а за ім – цэлую сямейку адборных баравікоў. Застольнікі таксама дзяліліся ўраджаннямі ад паездкі, успамінаючы выдатныя грыбныя месцы.

Раптам Таццяна насцярожылася, прыслухалася і ўдакладніла:

– У нас зачыненыя ўваходныя дзверы?

– Так, я апошні заходзіў у дом і зачыняў іх, –  адазваўся мой муж Валодзя.

– Мне здаецца, што ў хаце нехта з’явіўся, –  падзялілася сваімі адчуваннямі сястра.

Мы прыслухаліся: ціха, ніякіх старонніх гукаў.

– Гэта ты проста найчыстым лясным паветрам надыхалася, арганізм насыціўся кіслародам, вось табе і здалося! – пракаментаваў Уладзімір Максімавіч словы Таццяны.

Не паспеў ён завершыць фразу, як у акно-люк паміж кухняй і верандай уляцеў … чорны птах. Маленькі і спрытны, ён лётаў па верандзе, удараючыся аб прадметы мэблі і шыбу.

Усе кінуліся лавіць птушачку; шчасце ўсміхнулася Уладзіміру Максімавічу, які раней захапляўся паляваннем.

Невялікае птушанё лёгка размясцілася на далоні “паляўнічага”. На чорным камячку былі відаць толькі вочы-паціркі; ніколі раней нам не даводзілася бачыць такіх птушанят. Трапіўшы ў рукі чалавека, птушка нібы паменшылася ў памерах і замерла.

Валодзя валодае рэдкім дарам: ён умее “размаўляць” на птушынай мове і добра імітуе гукі, якія ствараюць хатнія жывёлы. “Знаёмства” з госцем зять пачаў з пераймання птушыным галасам, у перапынках паміж уласнымі руладамі каментуючы паводзіны нявольніка:

– Як толькі ён трапіў у мае рукі, сэрцайка трапяталася, проста з грудзей выскоквало! А зараз палонны не вырываецца з рук, відаць, мяне за свайго прыняў!
Разглядзеў больш уважліва птушку, вырашылі, што ў “госці” да нас заляцеў верабей.

Пачалося расследаванне, адкуль ён узяўся?

– Верабейчык увесь у чымсьці чорным і ліпкім, падобным на сажу, – сказаў Валодзя.

– Значыць, ён вылецеў з печы: мы ж сушылі грыбы і в’юшка заставалася закрытай часткова. Вось гэтае цікаўнае птушаня і ўлезла пазнаць, адкуль такі смачны пах ідзе? Я ж казала, што ў хаце хтосьці ёсць, а вы не верылі! – рэзюміравала Таццяна.

Перш, чым адпусціць верабейку на волю, Валодзя сфатаграваў “дзіўную” птушку і пераслаў выяву знаёмым паляўнічым, суправадзіўшы фота пытаннем: “Што гэта за птушка?”

Ніхто са знаўцаў прыроды не пазнаў у “камінары” прадстаўніка сямейства вераб’іных.

P.S. Насуперак народнаму тлумачэнню прыкмет, якія сцвярджаюць, што верабей, які заляцеў у хату праз акно, дзверы або комін – кепскае прадвесце, нічога дрэннага ў нашай сям’і не адбылося.


Рецензии
Доброго дня Вам, уважаемая Нелли!

Надо же какая история...

В принципе, слышал уже, что птицы порой залетают в сельские дома через трубы, хотя это редкое явление.
Видимо, и в самом деле, неопытную птицу привлек запах сушеных грибов и ягод, и польстившись на вкуснятину, воробышек изгваздался в саже.)
И думается мне, что при таком раскладе народные приметы точно не работают.))

С наилучшими пожеланиями,

Сергей Макаров Юс   28.08.2022 16:06     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемый Сергей!

История эта случилась несколько лет назад.

А напомнил её муж моей сестры Татьяны, Владимир Максимович Цыркунов, показав фото "черномазого" воробья, которое он сохранил в телефоне.

С неизменным почтением.

Нелли Фурс   29.08.2022 10:45   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.