Габрэйская каубаса

Габрэйская каўбаса

Пасля штодзённай вячэрняй прагулкі мы з мужам вярталіся дадому; наш шлях ляжаў побач з фірмовай крамай Брэсцкага мясакамбіната.

Я ўспомніла, што дома няма хлеба і зайшла купіць яго ў гандлёвы аб’ект, у якім спадарожнымі таварамі былі хлебабулачныя вырабы і малочныя прадукты.

 У невялікай па плошчы краме – два аддзела: сырых прадуктаў і гатовых вырабаў; у гэтай частцы мясной крамы, выконваючы таварнае суседства, размяшчаліся хлеб і малако.

Нешматлікія пакупнікі вывучалі вітрыны; у дзвюх чэргах было па два-тры чалавекі.

Чакаючы сваёй чаргі, я звярнула ўвагу на вырабы ў вакуумнай упакоўцы, у падвешаным стане размешчаныя за спіной прадаўшчыцы. Невялікія, вонкава непрывабныя палачкі, называліся “Габрэйская каўбаса”.

– Чаму – “Габрэйская”? Яна, што, толькі габрэям прызначаецца? А беларусам і рускім, нельга, ці што? Дыскрымінацыя нейкая па нацыянальнай прыкмеце …

– Вам што? – перапыніла мае роздумы прадаўшчыца.

Я забылася пра хлеб і не дадумаўшы да канца свае думкі-разважання аб “этнічным” мясным вырабе, бразнула, не да месца ўспомніўшы цётку Песю з серыяла “Ліквідацыя”:

– А вось гэтая “Габрэйская каўбаса”, яна, напрыклад, кошерная?

– Такі – так! – гледзячы мне ў вочы сумленнымі блакітнымі вачамі чыстакроўнай беларускі, адказала бялявая прадаўшчыца.

– Тады, калі ласка, дайце мне паўкілаграма! – папрасіла я.

– Яна вельмі лёгкая, можа, возьмеце на спробу толькі адну палачку? А раптам не спадабаецца? – добразычліва прапанавала працаўніца прылаўка.

Я прыслухалася да рэкамендацыі дзяўчыны, падумаўшы пры гэтым, што наўрад ці будзе смачным выраб з ялавічыны.

Супраць чакання, каўбаса аказалася вельмі далікатной і літаральна раставала ў роце. Я і не заўважыла, як у адзіночку з’ела паўпалачкі дэлікатэсу.

Муж таксама па вартасці ацаніў смакавыя якасці мяснога прадукта.

Нейкі час я адсутнічала ў горадзе; пасля вяртання зноў зашла ў фірмовую краму Брэсцкага мясакамбіната. “Габрэйская каўбаса” у продажы адсутнічала; прадаўшчыца прапанавала мне “Еўрапейскую каўбасу”: я рушыла ўслед яе парадзе.

Смакавыя якасці “Каўбасы Арыгінальнай Еўрапейскай асаблівай” вытворчасці Гродзенскага мясакамбіната, нажаль, саступалі кошернай прадукцыі брэстаўчан.

Сітуацыя з каронавірусам прымусіла нас з мужам пасяліцца ў бацькоўскай хаце ў гарадскім пасёлку Целяханы; у горадзе Баранавічы я бываю толькі наездамі.

У чарговую сваю паездку, справіўшыся з усімі запланаванымі справамі, зайшла ў фірмовую краму Брэсцкага мясакамбіната. “Габрэйская каўбаса” была падвешаная ў тым жа месцы, што і два гады таму.

Я купіла шэсць палачак дэлікатэсу; вага кожнай з іх не перавышала ста шастідзесяці-ста сямідзесяці грамаў.

Дома, знімаючы пакаванне, звярнула ўвагу на караценькую заўвагу вытворцы:

– “На выраб аднаго кілаграма каўбасы зрасходавана 1, 417 кг мяса”.

– Зразумела, чаму такі высокі кошт выраба – амаль  трынаццаць долараў ЗША за адзін кілаграм каўбасы, – падумала я, успомніўшы пры гэтым барадаты анекдот аб сыне Ізраіля сталага веку, які на смяротным ложы распавёў сваім блізкім сакрэт вырабу выдатнай гарбаты:

– Габрэі, не шкадуйце заваркі!

P.S. Прашу чытачоў не расценьваць дадзеную мініяцюру як рэкламу прадукцыі Брэсцкага мясакамбіната; нават у Беларусі “Габрэйскую каўбасу” днём з агнём не адшукаеш.


Рецензии
Да, Нэля, мусiць смачна! I не шкадуйце нiчога, людзі!
З Новым годам!

Игорь Лебедевъ   05.01.2023 11:53     Заявить о нарушении
Добры дзень, паважаны Ігар!

Вы не паверыце, сапраўды смачна! Прычына надзвычай простая: каўбаса складаецца з мяса і толькі з мяса са спецыямі!

З Новым годам і надыходзячымі Калядамі Хрыстовымі!

Нелли Фурс   05.01.2023 15:37   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.