Леапардавы доктар
На другім годзе працы ўчастковым тэрапеўтам, выдатным летнім сонечным ранкам, я прыйшла ў паліклініку. Узяла адабраныя рэгістратарамі медыцынскія дакументы для візітаў дадому і, вызначаючы чарговасць наведванняў, звярнула ўвагу на картку з адрасам суседняга ўчастку.
– Дзяўчаткі, вы памыліліся, гэта не мой участак, – сказала я, перадаючы работніку рэгістратуры амбулаторную картку “чужога” пацыента.
– Так, мы ведаем, што гэта ўчастак Ванды Васільеўны. Але яна захварэла і загадчык аддзялення даручыў Вам абслугоўванне выклікаў на суседнім участку, – даклала медыцынскі рэгістратар.
– Усё правільна, у мяне ж самы “маланаселены” ўчастак, – не ўтрымалася я ад саркастычнага каментарыя.
Адчуўшы іронію, працаўніца рэгістратуры збянтэжана адказала:
– У Вас сёння няшмат візітаў на дом, Нэлі Гаўрылаўна, дык вазьміце і гэты, калі ласка! Ля ўваходу ў паліклініку ўжо і машына чакае, – добразычліва і прымірэнча вымавіла рэгістратар.
Вядома ж, я пагадзілася: звычайная справа – падмяняць калег, якія “выйшлі са строю”. А спрэчка – гэта так, для парадку!
Пасля заканчэння візітаў, вяртаючыся ў паліклініку, вадзіцель санітарнага транспарту Сяргей вырашыў скараціць шлях.
Мы выехалі на вуліцу Багдана Хмяльніцкага, якая размяжоўвала нашы з Вандай Васільеўнай участкі. Абапал шырокай вуліцы меліся двухкалейныя праезды; паміж імі – падабенства плато. Менавіта на гэты “астравок бяспекі” захацелася выруліць, маладому і гарачаму, кіроўцу Сяргею.
Напярэдадні прайшоў моцны летні дождж. Насычаная вільгаццю зямля да сярэдзіны дня падсохла, і шэрая скарыначка, якая ўтварылася на ёй, стварала ілюзію надзейнай апоры.
На што і трапіўся кіроўца. Манеўр “дэсантавання” на небяспечнае месца скончыўся, не пачаўшыся: мы заселі ў адным з двухкалейных праездаў.
Вакол – ні душы. Сяргей выскачыў з машыны і пайшоў да бліжэйшых дамоў – прасіць аб дапамозе. Абышоўшы пяць-шэсць маёнткаў, вярнуўся ні з чым: яны былі зачыненыя. Першая палова дня, усе на працы ці вучобе.
Нецярпліва пазіраючы на гадзіннік, я выбралася з “Масквіча”. Да пачатку прыёму ў паліклініцы заставалася дваццаць пяць хвілін; час на дарогу, нават пры самым добрым раскладзе – дзесяць хвілін.
Кіроўца задуменна чухаў патыліцу. Раптам яго асяніла:
– Нэлі Гаўрылаўна, а Вы кіруеце машынай?
– Не, Сярожа, толькі роварам! А што?
– Вы сядзеце за руль, націснеце на “газ”, а я выштурхну машыну з каляіны!
Сесці на кіроўчае месца я, вядома ж, магла. А вось “газ” – гэта ўжо занадта!
– А давайце так, Сярожа! Вы зноў сядайце за руль, а я буду падштурхоўваць машыну!
– Вы – штурхаць машыну? – недаверліва пазіраючы не столькі на мяне, колькі на мой кіпенна-белы касцюм, вымавіў вадзіцель.
– А што, ёсць выбар? Да пачатку працы засталося менш за паўгадзіны, на сёння я прызначыла парачку паўторных хворых, якія не адрозніваюцца ўстойлівай псіхікай. Яны ж паліклініку разнясуць, калі я своечасова не пачну прыём! Ці, горш за тое, у гаркам партыі пабягуць, ён жа побач!
Апошні, “партыйны”, аргумент падзейнічаў. Мы занялі свае “працоўныя” месцы: Сяргей сеў за руль, я размясцілася ля багажніка машыны.
Па камандзе кіроўцы я з высілкам штурханула машыну; яна адразу ж выехала на цвёрдае грунтовае пакрыццё.
У падзяку за “вызваленне” з-пад задніх колаў машыны падняўся каскад чорнай вільготнай зямлі, па-майстэрску схаваны шэрай падсохлай скарыначкай.
Мой гарнітур ператварыўся ў звышмодны выраб з леапардавым прынтам.
Разнастайныя гразевыя элементы, лепш за ўсякага замежнага дызайнера, упрыгожылі шырспажыўскую савецкую рэч.
Кіроўца, азірнуўшыся на мяне, ахнуў:
– Які жах! Гэта я ва ўсім вінаваты, Нэлі Гаўрылаўна!
– Вядома, Сяргей! Вы ж тут непадалёк жывяце, маглі б і заасфальтаваць вуліцу! – механічна адказала я, сутаргава цямячы, як у такім непрыстойным выглядзе з’явіцца ў лячэбную ўстанову.
Пры ўваходзе ў паліклініку я прыкрылася сумкай і складзенымі веерам амбулаторнымі карткамі. Кароткімі перабежкамі дабралася да медыцынскага гардэроба і паўстала ва ўсёй красе.
Санітаркі, якія знаходзіліся ў ім, завойкалі:
— Што здарылася, доктар?! Дзе Вы здолелi гэтак запэцкацца?
Я коратка распавяла аб здарэнні.
— Хуценька здымайце адзенне, апранайце халат, мы ўсё добраўпарадкуем!
Што я і зрабіла.
У невялікай двухпавярховай паліклініцы ўсе супрацоўнікі жылі адной сям`ёй і “сталыя”, шасцідзесяцігадовыя нянечкі ставіліся да моладзі, як да сваякоў. З падзякай прымаючы клопат і апеку старэйшых, прадстаўнікі маладога пакалення, у сваю чаргу, ніколі не забываліся павіншаваць ветэранаў са святамі.
Пасля працы ў гардэробе мяне чакаў чысты і выпрасаваны, белы баваўняны гарнітур.
У той дзень візіцёры з паліклінікі не адцягнулі партыйнае кіраўніцтва ад планавання будаўніцтва светлай камуністычнай будучыні ў асобна ўзятым горадзе Баранавічы: прыём хворых я пачала своечасова.
Свидетельство о публикации №222082301023
С уважением, теплом и наилучшими пожеланиями,
Людмила Каштанова 29.05.2023 16:13 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
В начале восьмидесятых годов ни Россия, ни Белоруссия, не могли похвастаться состоянием дорожного покрытия.
Сейчас ситуация в Беларуси изменилась в лучшую сторону, однако в некоторых отдалённых от городов населённых пунктах, дороги оставляют желать лучшего.
С самыми добрыми пожеланиями благополучия и здоровья.
Нелли Фурс 30.05.2023 13:24 Заявить о нарушении