Так цяплей
Пасля прачытання мініяцюры аўтара партала “Проза.ру” Анатоля Бешанцава “Там, дзе пачынаецца Волга…”, мне прыгадаўся адзін пацешны выпадак.
У другой частцы твора аўтар апісвае акалічнасці “караблекрушэння”, перакульвання плаўсродку.
“За байдаркай я ўсё ж сплаваў адразу, проста ў вопратцы, – так цяплей…”. І літаральна праз некалькі радкоў апавядання: “нацягнуўшы трэніровачны касцюм (для цяпла)…”.
Я двойчы перачытала ўрывак; адзенне для цяпла падчас плавання – я гэта ўжо дзесьці чула.
Да канца дня паслужлівая памяць вярнула мяне ў 2003 год. За чвэрць стагоддзя працы ў сістэме аховы здароўя, я дачакалася ад прафесійных саюзаў вылучэння пуцёўкі ў санаторый “Буг”, размешчаны недалёка ад Брэста. Пераканала і сваю памагатую, Алену Барысаўну Свірыдаву, паправіць здароўе, “падарванае” на працягу амаль дваццаці гадоў нашай сумеснай працы.
Сказана – зроблена. Засяліўшыся ў нумар, пайшлі знаёміцца з наваколлем.
Санаторый знаходзіўся ў змешаным лесе, які меў шмат грыбоў; абабкі сустракаліся нават на тэрыторыі аздараўленчага комплексу.
Непадалёк працякала суднаходная рака Мухавец, правы прыток Заходняга Буга.
Маляўнічая мясцовасць была ўпадабаным месцам для шпацыраў пансіянераў; не сталі выключэннем з гэтага правіла і мы з Аленай.
У сталовай санаторыя дзейнічала агульнае, як я мяркую, для падобных устаноў, правіла рассадкі: “два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі”.
“Хлопчыкаў” за нашым сталом клікалі Мішамі. Адзін з іх, узросту прыкладна шасцідзесяці гадоў, у акулярах, жыва рэагаваў на мае кароткія, вусныя гумарыстычныя замалёўкі, якія тычыліся пытанняў пражывання, лячэння, харчавання, забаў і іншых дэталяў санаторнага побыту. Майстэрскі падыгрываў, задаючы апавядальніцы каверзныя пытанні. І шчыра радаваўся, атрымаўшы забаўныя адказы.
Я загадзя папярэдзіла Алену не казаць праўду аб нашай медыцынскай прафесійнай прыналежнасці; ужо і не памятаю, кім мы прадставіліся нашым суседзям па стале.
Як у ваду глядзела! Другі Міша, саракагадовы мужчына, які праходзіў медыцынскую рэабілітацыю пасля перанесенай вострай пнеўманіі, увесь час прыслухоўваўся да сваіх адчуванняў і дзяліўся імі з сатрапезнікамі:
– Я сёння крыху хутчэй звычайнага прайшоў і адчуў задышку. Трэба будзе доктару сказаць!
– Лёг спаць на правы бок (перахварэў на вострую правабаковую пнеўманію) – я-я-як пачаўся ў мяне кашаль!
– А сёння да раніцы так спацеў, прама ўвесь мокры прачнуўся!
Мы спачувальна ківалі галовамі, абыходзячыся агульнымі фразамі:
– Яшчэ мала часу прайшло, не адразу ўсё адновіцца!
Старэйшы Міхаіл толькі пасмейваўся: з яго букетам хвароб скаргамі на нядужанне можна было запоўніць усю акустычную прастору сталовай.
Выслухоўваючы чарговую скаргу на здароўе малодшага Міхаіла, узгадала майго папярэдніка на пасадзе намесніка галоўнага ўрача па экспертызе часовай непрацаздольнасці, Лабковіча Генадзя Іванавіча. Перайшоўшы на працу намесніка галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай частцы, ён курыраваў мяне, пачаткоўца-эксперта: аглядаў невыразных хворых, прымаў удзел у кансіліумах, дапамагаў разбірацца з канфліктнымі пацыентамі.
Аднойчы, выслухаўшы, аглядзеўшы і даўшы рэкамендацыі “шматпакутнаму” саракагадоваму мужчыну і дачакаўшыся яго сыходу з кабінета, заўважыў:
– Вы маладыя і, магчыма, яшчэ не ведаеце галоўнай дыягнастычнай прыкметы імпатэнцыі?
– Прычым тут імпатэнцыя? – сумеўшыся, адказала я.
– Нават вельмі прытым! Запомніце, калі мужчына жаліцца на балючыя адчуванні ў нейкім адным органе, то гэта, як правіла, хвароба. Калі неспакой пацыента выклікаюць дзве пазіцыі – так, гэта таксама хваробы. Але калі мужчына сярэдніх гадоў заяўляе, што ў яго – “усё баліць”, нікога не пытайцеся, гэта фізічная мужчынская няздатнасць!
Слухаючы стагнанні малодшага з мужчын, успомніла крытэрыі дыферэнцыяльнай дыягностыкі мужчынскай сэксуальнай недастатковасці. Міхаіл, які перанёс запаленне лёгкіх, цалкам падыходзіў пад меркі, пазначаныя маім калегам.
Мімаходзь пацікавілася сямейным становішчам суседа па стале: ён нядаўна развёўся. Былая жонка, зразумела, мярзотніца і дрэнь.
У думках падзякавала Генадзю Іванавічу за навуку: усё стала на свае месцы.
У сонечны вераснёўскі дзень уся чацвёрка адначасова сабралася ў сталовай да абеду. Чакаючы афіцыянткі, Алена працягнула мне ангельскую шпільку, за нейкай патрэбай узятую напапярэдні; я адразу прымацавала яе да дэкаратыўнага паяснога рамяня штаноў, зробленага з матэрыі.
За гэтай няхітрай працэдурай уважліва сачыў Міхаіл-малодшы. Цікаўнасць перамагла далікатнасць, ён не стрымаўся і спытаў:
– А навошта Вы шпільку да штаноў прышпілілі?
– Дык пасля абеду пайду да ракі, у Мухаўцы паплаваю!
– А шпілька – навошта? – не прасочваў лагічнага ланцужка візаві.
– А калі раптам сутарга здарыцца? Тут і шпілька спатрэбіцца! – з нявінным выразам твара адказала я.
Другі Міхаіл і Алена з цяжкасцю стрымлівалі смех: яны ўжо прывыклі да маіх розыгрышаў.
Асэнсаваўшы атрыманую інфармацыю, дапытлівы сусед зрабіў спробу вывесці мяне на “чыстую ваду” і з ухмылкай спытаў:
– Дык што, Вы ў штанах будзеце плаваць?
– Вядома, бо так цяплей!
Самае цікавае, што апанента зусім не збянтэжыў факт майго магчымага купання ў халоднай вераснёўскай вадзе праточнага вадаёма!
А якія, насамрэч, тактыльныя адчуванні пры плаванні ў адзенні, не ведаю – ніколі не спрабавала…
Свидетельство о публикации №222082301040
Здоровья Вам и всех благ!
С уважением и теплом,
Людмила Каштанова 14.06.2023 16:41 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
Вы правы: чтобы интенсивно лечиться в санатории, надо иметь крепкое здоровье. Организм Михаила-старшего и не справился с такими нагрузками; физиопроцедуры вызвали у него обострение болезни.
А Михаилу-младшему некогда было строить глазки женщинам: надо было "выполнять план" по нытью!
С улыбкой и теплом.
Нелли Фурс 15.06.2023 10:05 Заявить о нарушении