Дайце мне хутчэй гарэлку!
У чэрвені 2019 года ў нашым радавым гняздзе, у гарадскім пасёлку Целяханы, гасцявалі шасцігадовыя дзеці майго старэйшага сына Дзяніса, Гары і Давід. Гары – мужчынскае ангельскае імя – “хатні кіраўнік”; Давід, у перакладзе з іўрыта – “каханы, улюбёнец”.
У нас ёсць невялікі ўчастак садовай суніцы, які ў сезон з задавальненнем “праполваюць” унукі: Маргарыта і двайняты-хлапчукі. У той раз Марго не прыехала: у трынаццацігадовай дзяўчынкі з’явіліся іншыя інтарэсы; яна засталася ў Гродне.
Хлапчукі нядоўга сумавалі без бацькоў і сястры: вялікі падворак, агарод, гаспадарчыя пабудовы, жукі-вадамеры ў ванне, усталяванай для сцёку вады з даху, каларадскія жукі, усякія казюлькі, чарвякі, матылі – усё гэта трэба было вывучыць. І птушкі, якія гняздуюцца ў густой кроне туй, і суседскія куры, і каты, якія “як быццам гуляюць самі па сабе”, а на самой справе уважліва выглядваюць маладога дурнога вераб'я з нядаўняга прыплоду.
А жоўты пясок, прывезены татам з Агінскага канала! Гэта колькі ж усякіх фігурак можна зрабіць! А вада каля калодзежа ў ёмістасцях рознага аб’ёму, якая саграваецца дзядулем для вячэрняга паліву агароду! Гэта ж можна адзін аднаго апырскаць калодзежнай вадой з галавы да ног! І ў душ не патрэбна будзе ісці!
А купанні ў канале Агінскага без усякіх, абмяжоўваючых рухі, умоўнасцяў цывілізацыі – трусоў-плавак! А вясёлая гульня на вадзе разам з галоўнай гераіняй песні-пацешкі для дзяцей – “баба сеяла гарох”!
А тут яшчэ дзядуля прапануе ісці ў паход “па-даросламу”, з рукзаком, бліндаж (фартыфікацыйнае падземнае збудаванне для абароны ад кулямётнага, артылерыйскага і мінамётнага агню) за каналам паглядзець! Зразумела ж, бабуля ў рэчмяшок збярэ ўсякія смачнасці, можа быць, нават пірог са згушчонкам!
Дня не хапала дзеткам, каб усё “перарабіць”.
Аднойчы ўвечары ласун Гарык пачаў наўмысна пакашліваць.
– Дзядуля, – з заклапочаным тварам звярнулася я да мужа, – напэўна, Гарык застудзіўся: ён жа доўга быў у вадзе, усё не хацеў выходзіць. Трэба будзе ўвечар малачко з мёдам прыгатаваць. Нап'ецца нанач – і ўсё пройдзе!
“Кашаль”, толькі ў менш артыстычным выкананні, з’явіўся і ў Давіда.
– О, дык і Давід таксама “перакупаўся”! Буду малако гатаваць на дваіх! А табе, дзядуля, не трэба?
– Не, бабуля, бо я ж нядоўга быў у вадзе! – падыграў мне муж.
Днём хлапчукі забываліся аб “кашлі”. Вечарам, рассаджваючыся перад тэлевізарам для прагляду дзіцячай перадачы “Дабранач, малышы!”, успаміналі аб сваёй “хваробе”: прычым Гарык – першым.
Да аздараўленчай малочнай працэдуры прыкладаліся вафлі, ці печыва, ці невялікая булачка. Неўзабаве “лячэнне” стала своеасаблівым вячэрнім рытуалам і без напамінку юных акцёраў: па заканчэнні тэлевізійнай перадачы “Калыханка”, “лячэбнае сілкаванне” чакала хлопчыкаў на стале.
Нейкі раз унукі напрасіліся мне ў спадарожнікі для паходу ў краму.
– Бабуля, мы будзем табе дапамагаць несці сумкі, яны ж цяжкія! Мы ж – мужчыны! – рашуча заявіў Гары.
Дзявацца няма куды, пайшлі ўтрох. Калі мы з хлапчукамі перайшлі на тратуар процілеглага боку вуліцы, я адпусціла іх рукі. Моцны і спартовы Давід успрыняў гэта як кіраўніцтва да дзеяння і подскакам пабег па дарожцы. Удала пераадолеўшы большую частку адлегласці, ён спатыкнуўся, упаў і разбіў калена; з ранкі выступіла кроў.
Заплакалі хлапчукі адначасова: Давід – ад болю; Гарык, старэйшы за яго на адну хвіліну, – ад суперажывання брату.
Адлегласць да крамы была карацейшай, чым да нашага дома: мы працягнулі шлях, папярэдне атрымаўшы згоду на далейшае перамяшчэнне ў пацярпелага Давіда.
У краме, ледзь прывітаўшыся, як прынята ў невялікіх населеных пунктах Беларусі, я з парога звярнулася да прадаўцоў:
– Дайце мне хутчэй гарэлку, калі ласка! Самую маленькую фасоўку! Я потым аплачу!
“Дрэнныя, відаць, справы у гэтай, з выгляду прыстойнай, жанчыны! Не пасаромеўшыся прысутнасці дзяцей, гарэлку патрабуе! Пахмяляцца, мабыць, будзе!” – вырашылі “бывалыя” работнікі прылаўка.
Прадаўшчыцы не спяшаліся выконваць просьбу “маргінальнай” асобы, з цікавасцю пазіраючы на нашу рознаўзроставую кампанію.
– Гэта – для ўнука! – растлумачыла я, паказваючы на Давіда.
Інфармацыя аб прызначэнні пакупкі прывяла гандлёвых работнікаў у непадробны жах.
“Шо ж гэта дзеецца! – на местачковым дыялекце падумалі “крамшчыцы”. – Выжылая з розуму бабка купляе малалетняму дзіцяці гарэлку! Шо дзеецца, шо дзеецца, страх Божы!”
Да таго часу ўжо нішто не паказвала на непрыемнасць, якая здарылася з дзіцём. Давід, дастаткова цярпімы да болю, перастаў плакаць яшчэ пры ўваходзе ў краму. У гандлёвай кропцы ён і зусім забыўся пра падзенне; яго ўвагу прыцягнулі яркія, рознакаляровыя пакаванні прысмакаў.
Гэтай акалічнасцю я і скарысталася. Хуценька адкрыўшы, усё-такі пададзеную мне, стограмовую бутэлечку з шрубавым вечкам, багата паліла гарэлкай насоўку і апрацавала ранку на калене ўнука.
Давід коратка (не было часу на доўгія слёзы) паплакаў пасля балючай працэдуры і адправіўся, услед за Гарыкам, вывучаць асартыментны пералік крамы.
Абраўшы прысмакі, хлапчукі падышлі з імі да касы, дзе я ўжо пачала разлічвацца за пакупкі. Уважліва аглядзеўшы змесціва кошыка, Гарык удакладніў:
– Бабуля, а ты купіла ўсе неабходныя інгрэдыенты для падрыхтоўкі пірага са згушчонкам? Ты абяцала сёння спячы, мы ж з Давідам добра сябе паводзім!
Прадаўцы здзіўлена паглядзелі на малалетняе дзіця, якое з лёгкасцю вымавіла слова, цяжкае нават для некаторых дарослых.
“Так, дзіўная сямейка”, – было напісана на тварах прыхільнікаў Бога Гермеса (у старажытнай міфалогіі – Бог гандлю, шчаслівага выпадку, хітрасці, крадзяжу, юнацтва і красамоўства).
Я была здзіўлена не менш за іх: толькі сёння раніцай Гарык упершыню пачуў ад мяне слова “інгрэдыенты”. І літаральна праз некалькі гадзін беспамылкова паўтарыў яго.
Слоўнікаваму запасу і ўменню шасцігадовага ўнука фармуляваць складаназлучаныя сказы маглі б пазайздросціць многія ўдзельніцы тэлевізійных шоу, склад якіх мае шмат слоў-паразітаў (лішніх і бессэнсоўных зваротаў мовы).
Не атрымаўшы ад мяне адказу, унук-гаварун заклапочана дадаў:
– Ты ж, бабуля, казала, што адсутнасць хаця б аднаго кампанента зменіць густ пірага! А мы хочам такі ж смачны пірог, як і ўчора! Праўда, Давідзік? – звярнуўся Гарык па дапамогу да брата.
Дасведчаны маніпулятар дарослымі не атрымаў падтрымкі брата, які захоплена разгортваў упакоўку марожанага.
Літаральна праз некалькі дзён сітуацыя паўтарылася “з дакладнасцю да аднаго”: “на тым жа месцы, у той жа час”, Давід пляснуўся і разбіў іншую каленку.
“Дзень сурка”, – падумала я, уваходзячы з унукамі ў тую ж, самую блізкую, краму і рыхтуючыся вымавіць сакраментальную фразу аб маленькай бутэлечцы гарэлкі.
Але ж не! Працавала тая ж змена прадаўцоў, што і мінулы раз. Убачыўшы заплаканы твар хлопчыка, адна з іх хутка вынесла з дапаможнага памяшкання аптэчку для апрацоўкі ранкі.
У наступныя нашы сумесныя з унукамі “закупачныя” ваяжы падобных эксцэсаў не здаралася.
А маленькая бутэлька, “мярзотнік” (руская мера аб’ёму ад ста да двухсот пяцідзесяці мілілітраў), якая ўтрымоўвала выратавальны ўніверсальны дэзінфектант, захоўваецца ў нас і да цяперашняга часу.
P.S. Хлапчукам, якія нарадзіліся за паўгода да з’яўлення ў вядомым “зорным” сямействе “сурагатных” дзяцей, доўга выбіралі імёны. Імя малодшага ўнука практычна не абмяркоўвалася: адназначна – Давід. Старэйшаму блізнюку яго выбіралі амаль месяц: сыну Дзянісу падабалася імя Гары, якое асацыявалася ў мяне з ворагам Савецкага Саюза, прэзідэнтам ЗША, Гары Трумэнам.
Настаяў сын, і ён меў рацыю, – унуку абсалютна падыходзіць імя Гары. Рухомы: “Фігара тут, Фігара там”, ён, сочачы за парадкам у хаце, стварае эфект сваёй адначасовай прысутнасці ўсюды.
Парадак, зразумела, у яго, дзіцячым, разуменні.
Свидетельство о публикации №222082301065
Сегодня мне нужно было сделать настойку на водке. и я решила развести спирт. только уже забыла. что во что надо вливать. Решила воспользоваться интернетом, и там со знанием дела сказали, что надо вливать спирт в воду. Я решила попробовать на малом количестве и - получился белесый раствор как у самогонки. А раствор должен быть прозрачным, как чистая вода. Я тогда сделала наоборот, и всё получилось. Вот и верь интернету! Если нужно разбавить краску, мы же в краску добавляем растворитель, а не наоборот.
С уважением и теплом,
Людмила Каштанова 16.06.2023 13:26 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
За несколько лет постоянного проживания нашей семьи на моей малой родине, местные продавщицы уже привыкли к моим нестандартным шуткам, а в тот раз они были просто поражены.
Надо же, водку для малолетнего внука!
С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.
Нелли Фурс 17.06.2023 15:01 Заявить о нарушении
С теплом,
Людмила Каштанова 17.06.2023 15:33 Заявить о нарушении