Памочнiца
У васьмідзесятым годзе я прыступіла да ўрачэбнай дзейнасці на пасадзе ўчастковага тэрапеўта.
Тэрапеўтычны ўчастак размяшчаўся на ўскраіне горада, у раёне першага чыгуначнага вакзала Баранавічы-Цэнтральныя, пабудаванага ў 1871 годзе.
У канцы дзевятнаццатага стагоддзя тэрыторыі, прылеглыя да вакзала, адносіліся да вёскі Баранавічы. Адсюль пачалося развіццё горада пасля пакупкі маёнтка графам Развадоўскім Іванам Аляксандравічам.
Маёнтак быў аформлены на жонку, рускую графіню Лізавету Аляксандраўну: расійскія законы забаранялі прадаваць сядзібы на ільготных умовах асобам “нядобранадзейнага польскага паходжання”.
Продкі сучасных жыхароў даручанага мне тэрапеўтычнага ўчастку складалі дамовы з графам Развадоўскім, у якіх вызначаліся межы паміж маёнткам і надзеламі сялян, жыхароў вёскі Баранавічы.
У пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя гарадскі ўрачэбны ўчастак, з колькасцю дарослага насельніцтва тры тысячы восемсот чалавек, нагадваў кампактнае сельскае селішча. Асфальт заканчваўся каля вакзала; самыя буйныя вуліцы мелі жвіровае пакрыццё; дробныя вуліцы і завулкі – грунтовае. Пераважна грунтовае пакрыццё, дазваляла пешаходам, у поўнай меры, адчуваць змену пор года.
Аднапавярховыя жылыя дамы, пабудаваныя ў пяцідзесятых-сямідзесятых гадах дваццатага стагоддзя, мала адрозніваліся ад вясковага жылля: у іх адсутнічалі вадаправод, каналізацыя, цэнтральнае ацяпленне. Але для грамадзян, якія перасяліліся з баракаў ці камунальных кватэр, уласны дом азначаў іншы ўзровень жыцця.
Пасталелыя дзеці ваеннага і пасляваеннага пакаленняў, якія сталі на ногі, паступова перавозілі з сельскай мясцовасці ў новыя дамы сваіх бацькоў, ужо немаладых і нездаровых.
Яны прайшлі вайну, нягоды, пазбаўленні і не звярталі ўвагі на свае недамаганні, спісваючы ўсё на ўзрост. Пакутуючы мноствам хранічных захворванняў, цяжкіх і дэкампенсаваных, стараліся не звяртацца да лекараў і абыходзіліся праверанымі стагоддзямі “зёлкамі-лекамі” – сушанымі лекавымі травамі.
Выклікаць лекара на дом – Божа ўратуй!
– Я, што, бяссільны?! Сам дайду! Колькi тут iсцi?
На прыём у паліклініку “дахадзяга” прыходзіў задыханы, з сінюшнымі вуснамі і кончыкам носа. На ўсе мае ўгаворванні надалей выклікаць лекара на дом, нядужы адказваў:
– Навошта цябе, доктарка, турбаваць? Зараз выпішаш пігулкі, мне i палягчэе!
Самай папулярнай і, як тады лічылася, эфектыўнай методыкай лячэння хранічнай лёгачна-сардэчнай недастатковасці было ўнутрывеннае ўвядзенне корглікону і эуфіліну ў спалучэнні з агульнаўмацавальнай і вітамінатэрапіяй. Унутрывеннае кропельнае ўвядзенне лекаў (ва ўжытку – “капалкі”), так любімае сучаснымі пацыентамі, яшчэ не ўвайшло ў паўсядзённую практыку аказання медыцынскай дапамогі. Сельскае насельніцтва, якое пераехала ў горад, не разбэшчанае ўвагай медыкаў наогул, а лекараў, у прыватнасці, успрымала прызначэнне ўліванняў як панацэю.
Кожны раз, вяртаючыся з візіту да нямоглага пажылога чалавека, я заносіла ў сястрынскі сшытак дадатковыя прызначэнні. Мне, вядома ж, было сорамна, што я так загружаю маю памагатую, ужо немаладую медыцынскую сястру, Вольгу Цітаўну Марсікаву, але сінюшны твар пацыента, які задыхаецца, уяўна ўзнікаў перад вачыма і не пакідаў мне выбару.
Бачачы мае пакуты, Вольга Цітаўна аднойчы сказала:
– Доктар, прызначайце ўколы ўсім, каму лічыце патрэбным. Я ж жыву на тэрыторыі свайго ўчастка, нічога, зайду і яшчэ да аднаго хворага.
Толькі адзін раз, выйшаўшы з адпачынку і бегла праглядзеўшы сшытак урачэбных прызначэнняў, яна пракаментавала:
– Так, у час майго адпачынку, іншым медыцынскім сёстрам, Вы рэдка прызначаеце ін’екцыі. А вось мяне, Нэля Гаўрылаўна, Вы не шкадуеце! Штодня я выконваю сем-восем прызначэнняў, палова якіх – унутрывенныя ўвядзенні!
Я пажартавала, сказаўшы, што толькі такому прафесіяналу, як яна, магу даверыць бясцэннае здароўе нашых пажылых хворых. Часовае зніжэнне колькасці прызначэнняў я растлумачыла сезоннасцю і ад’ездам часткі жыхароў участку ў вёску.
Вольга Цітаўна згодна ківала галавой і рабіла выгляд, што не заўважае паступовага росту колькасці маіх запісаў у сшытку ўрачэбных прызначэнняў.
Праз тры-чатыры дні ад пачатку лячэння, прыйшоўшы з участку, яна казала:
– Нэля Гаўрылаўна, учора Ліцкевіч, а сёння – Федаровіч, сказалі, што яны значна лепш сябе адчуваюць!
– Ну вось, бачыце, як Вы, Вольга Цітаўна, ратуеце нашых нядужых! – у тон медыцынскай сястры, адказала я.
Гэта было самай лепшай пахвалой для маёй памочніцы; задаволена кіўнуўшы галавой, яна працягвала бясконцую працу з медыцынскай дакументацыяй.
Вольга Цітаўна казала чыстую праўду аб стане здароўя назіраемых пацыентаў. Пасля прызначэння ўнутрывенных ін’екцый я актыўна наведвала “падшэфных” дома, як правіла, на трэці-чацвёрты і сёмы-восьмы дні лячэння; усе падапечныя адзначалі паляпшэнне самаадчування.
Правёўшы курс “інтэнсіўнай тэрапіі” ў хатніх умовах, я пераводзіла хворых на таблеціраваныя сардэчныя гліказіды. На нейкі час колькасць ўнутрывенных прызначэнняў хворым зніжалася, затым, з новым сезонным папаўненнем насельніцтва ўчастка, вярталася да звычайнага ўзроўню.
На працу ўчастковая медсястра прыходзіла з даволі аб’ёмнай дэрматынавай сумкай, а ў кабінеце даставала з яе – усяго нічога, нейкія дробязі.
Аднойчы жаночая цікаўнасць перамагла маю звычайную стрыманасць:
– Вольга Цітаўна, а што Вы ўвесь час носіце ў такой вялізнай сумцы?
– Вашыя, Нэля Гаўрылаўна, прызначэнні! – маментальна адрэагавала медсястра.
– Якія прызначэнні?!
– Усякія: унутрывенныя, унутрымышачныя, падскурныя! Паказаць?
Я згодна кіўнула галавой.
Вольга Цітаўна шырока расчыніла сумку. У ёй былі акуратна расстаўлены медыцынскія стэрылізатары рознага аб’ёму для кіпячэння шкляных шпрыцаў шматразовага карыстання.
Я жыва ўявіла сабе ўсю схему выканання медыцынскай сястрой урачэбных прызначэнняў: падрыхтоўка, метадам кіпячэння, шпрыцаў, іголак і пінцэтаў для правядзення медыцынскай маніпуляцыі; стэрыльнага матэрыялу для апрацоўкі месца ін’екцыі (яго, як правіла, бралі ў цэнтралізаваным стэрылізацыйным аддзяленні лячэбнай установы). Выхад (выезд) на ўчастак, “марш-кідок” па адрасах пацыентаў, выкананне прызначэнняў, прамыванне і замочванне медыцынскага інструментарыя пасля праведзенай ін’екцыі.
Дома, раніцай або ўвечары, у залежнасці ад графіка працы, на газавай або электрычнай пліце, кіпячэнне пералічанага вышэй медыцынскага інструментарыя на працягу вызначанага часу, укладка яго ў пераносны транспартавальны сродак і “Зноў добры дзень, таварыш хворы!”. І так – кожны дзень!
Сумка, гружаная металічнымі стэрылізатарамі з іх змесцівам, спірт, жгут, расходныя матэрыялы, невялікая аптэчка для аказання неадкладнай дапамогі; такое матэрыяльнае суправаджэнне – доля ўчастковай медыцынскай сястры другой паловы дваццатага стагоддзя.
Я прыўзняла сумку Вольгі Цітаўны, яе пастаянную спадарожніцу ў любы час года – прыкладна тры-чатыры кілаграма вагі.
Пасля такіх “уводзін у прадмет” мне заставалася толькі шматзначна пракаментаваць:
– Так, сапраўды “цяжкія” ўрачэбныя прызначэнні, Вольга Цітаўна!
Праз тры гады, ужо працуючы загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення, я даведалася, што нават у тых выпадках, калі сваякі хворага запэўнівалі мяне, што яны запросяць знаёмую медыцынскую сястру, урачэбныя прызначэнні выконвала ўсё тая ж, Марсікава Вольга Цітаўна.
Зараз такія памагатыя лекара, нажаль, ужо не сустракаюцца…
Свидетельство о публикации №222082301071
Здоровья и всяких благ!
С уважением и теплом,
Людмила Каштанова 30.05.2023 14:44 Заявить о нарушении
Сердечно благодарю за отзыв!
Ольга Титовна была настоящей помощницей, которая знала и любила свою работу. Была безоговорочным авторитетом для почти четырёх тысяч жителей терапевтического участка.
Теперь, увы, такие медицинские сёстры встречаются крайне редко...
С теплом и поклоном.
Нелли Фурс 31.05.2023 09:19 Заявить о нарушении