Сатысфакцыя
У пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя на даручаным мне тэрапеўтычным участку пражывала прыкладна сто дваццаць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Узрост удзельнікаў баявых дзеянняў набліжаўся да шасцідзесяці гадоў; большая частка іх працягвала працоўную дзейнасць.
Галіновыя нарматыўныя дакументы, якія дзейнічалі ў той час, загадвалі штогадовы агляд участковым урачом дадзенага кантынгенту. Калі ў выніку абследавання выяўлялася якая-небудзь паталогія, то кратнасць аглядаў павялічвалася ў адпаведнасці з назалагічнай (пэўная хвароба) формай захворвання.
Старая гвардыя ўсяляк пазбягала медычных аглядаў. Рэдкіх уладальнікаў стацыянарных тэлефонаў участковая медыцынская сястра, Вольга Цітаўна Марсікава, выклікала на прыём званком; большасці ж ветэранаў адпраўляліся “імянныя” паштоўкі з указаннем графіка працы доктара і запрашэннем наведаць яго. Акрамя таго, выконваючы ўрачэбныя прызначэнні і ўгледзеўшы недысцыплінаванага ветэрана на вуліцы, Вольга Цітаўна запрашала яго ў лячэбную ўстанову.
Калі дзеянні маёй памагатай не прыносілі жаданых вынікаў, падключалася “цяжкая артылерыя”, гэта значыць, я. Медыцынская сястра падбірала пяць-шэсць амбулаторных картак ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія “кучна пражывалі”, і ў дні, калі першасных візітаў было няшмат, перад выездам на ўчастак уручала дакументы і давала мне наказ:
– Нэля Гаўрылаўна, ніяк не магу даклікацца на прыём гэтых ваяк! Можа Вас паслухаюць і прыйдуць?
Я пакідала наведванні ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны на “потым”, папярэдне выканаўшы візіты да першасных хворых. Прычын для такога парадку было некалькі.
Па-першае, урача на дом мог выклікаць пацыент, які меў патрэбу ў неадкладнай дапамозе. Па-другое, наведванне ветэрана вайны часцяком не абмяжоўвалася толькі аглядам. Калі не было неадкладных спраў, ён з задавальненнем гутарыў з доктарам, які выяўляў непадробную цікавасць да ваеннага мінулага суразмоўцы. А яшчэ я “пакідала шляхі для адыходу”, памятаючы пра выпадак забруджвання касцюма, які адбыўся са мной (мініяцюра аўтара “Леапардавы доктар”). Пры паўтарэнні падобнага інцыдэнту я магла проста спыніць візіты да ветэранаў: яны ж не былі загадзя апавешчаныя аб наведванні.
Вось і ў той сонечны красавіцкі дзень удзельнік вайны К. не меркаваў аб планах участковага лекара.
Выходзячы з машыны ля дома ветэрана, дзеля жарту, я звярнулася да кіроўцы:
– Сярожа, калі мяне доўга не будзе, прыходзьце ратаваць!
– Добра, Нэлі Гаўрылаўна, я і манціроўку прыхаплю! – у той жа жартоўнай манеры, адказаў мне шафёр.
Па брукаванай дарожцы я падышла да дыхтоўнага, дагледжанага дому, звярнула з яе і, зайдучы ў тарэц будынка, двойчы пазваніла ў дзверы. Счакаўшы нейкі час, пастукала – раптам званок не працуе?
На стук ніхто не адгукнуўся. Я паторгала ручку дзвярэй: яна была зачыненая.
Патаптаўшыся на ганку, напісала запіску аб даце і часе майго візіту, запрасіла гаспадара дома на прыём і сабралася сыходзіць.
Адвярнуўшыся ад уваходных дзвярэй, застыла: мяне ўважліва разглядаў вялізны сабака. Напалову майго росту, чорнай афарбоўкі, з гладкай бліскучай шэрсцю, ён знаходзіўся на адлегласці пяці крокаў ад мяне. Цёмныя круглявыя вочы з асэнсаваным выразам назіралі за маімі дзеяннямі.
Сабака быў спакойны і чакаў далейшага развіцця падзей. Я не рухалася; у галаве круцілася пытанне, зададзенае ў дзевятнаццатым стагоддзі Мікалаем Чарнышэўскім і не вырашанае да цяперашняга часу: “Што рабіць?”.
Паклікаць кіроўцу? Невядома, як адрэагуе сабака. Ды і верагоднасць таго, што Сяргей пачуе крыкі аб дапамозе, малая: вокны ў машыне зачыненыя. Паспрабаваць прайсці міма ахоўніка – сабе даражэй!
Я пачала напаўголаса размаўляць з сабакам:
– Ты такі вялікі і прыгожы, прапусці мяне, калі ласка! Я ў хату не заходзіла, я ж не злодзей, а доктар! Прыйшла вось да твайго гаспадара, Фёдара Іванавіча, а яго няма дома, мусіць, на працу пайшоў!
Пачуўшы імя ўладальніка, сабака радасна завіляў хвастом, гаўкнуўшы некалькі разоў. І … працягнуў несці вахту!
Я паспрабавала зрабіць крок; сабака папераджальна зарыкаў. Мне прыйшлося заняць ранейшае становішча. Не робячы рэзкіх рухаў, мелькам зірнула на гадзіннік – тры гадзіны апоўдні. Уявіла сабе, колькі часу буду знаходзіцца ў “палоне” да прыходу з працы жыхароў дома.
Мае цяжкія роздумы перапыніў голас кіроўцы. Зайдучы на падворак, ён пачаў размаўляць з сабакам, які прыхільна слухаў прамовы шафёра, адцягнуўшыся ад сузірання мяне.
Не мяняючы танальнасці гутаркі з жывёлай, Сяргей прапанаваў мне спакойным і мерным крокам ісці да брамкі, што я і зрабіла. Сабака абыякава паглядзеў на мяне: верагодна, як суразмоўца, я яго не задавальняла.
Забраўшыся ў машыну, я назірала за сцэнкай. Сярожа яшчэ крыху “пагутарыў” з ахоўнікам і накіраваўся да транспартнага сродку; сабака яму не перашкаджаў.
Дачакаўшыся шафёра, я падзякавала яму за выратаванне і пацікавілася: як яму ўдалося “ўгаварыць псіну”?
– Дык я ж паляўнічы і ведаю спецыяльныя чароўныя, “сабачыя”, словы! – аджартаваўся мой вызваліцель.
Праехаўшы нейкую адлегласць, ён вымавіў:
– Нэлі Гаўрылаўна, Вы самі вінаватыя ў тым, што патрапілі ў “пастку”! Сказалі, каб я прыходзіў ратаваць, калі Вас доўга не будзе! Слова, як вядома, матэрыяльна!
У тыя гады я яшчэ не была гатовая прыняць такое сцвярджэнне, аднак збавіцелю не пярэчыла.
На наступны дзень на прыём завітаў атрымальнік маёй цыдулкі, ветэран вайны К. Пакуль працягваліся апытанне, агляд, медычныя прызначэнні і рэкамендацыі, уладальнік сабакі не сказаў пра яго ні слова.
Пасля завяршэння медыцынскага агляду, Фёдар Іванавіч, хітравата ўсміхнуўшыся, удакладніў:
– Што, доктар, спалохаў Вас учора мой Альфрэд? Прабачце, я ж не ведаў, што Вы прыйдзеце!
– Так, струхнула трошкі! Нажаль, даводзіцца з’яўляцца без запрашэння, бо тэлефонаў практычна ні ў кога няма! А паштоўкі Вы, паважаны Фёдар Іванавіч, ігнаруеце! Вось і даводзіцца прыпадабняцца прадстаўнікам нацыі, якія “горш за няпрошанага госця”, – перафразавала я вядомую прыказку.
– Прабачце, надалей буду прыходзіць без напамінкаў! – клятвенна запэўніў ветэран.
– А чаму Вы далі сабаку такую, “несавецкую”, мянушку? – пацікавілася я.
– Альфрэд, па адной з версій, старажытнагерманскае імя, якое азначае “свабодны, свабодалюбівы”. Назваўшы нямецкага дога гэтым, нямецкім жа, ганарлівым імем, атрымліваю, свайго роду, сатысфакцыю за ваенныя страты і нягоды! – усміхаючыся, адказаў пацыент.
Я ўстрымалася ад каментароў.
Не магла ж я, на самой справе, прызнацца суразмоўцу, што Альфрэд, усё ж такі, прадэманстраваў свой “нямецкі дух”, “узяўшы ў палон” дачку ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
Свидетельство о публикации №222082301196
Здоровья и всяких благ!
С уважением, теплом и улыбкой,
Людмила Каштанова 01.06.2023 15:31 Заявить о нарушении
Сердечно благодарю за отзыв!
Да, "наказал" хозяин свою собаку именем, пусть "гордый немец" работает сторожем!
С улыбкой и теплом.
Нелли Фурс 02.06.2023 14:01 Заявить о нарушении