Зямляк
У пачатку траўня 2021 года галоўнай тэмай, якая абмяркоўвалася ў Целяханах, ды і ва ўсёй краіне, стала інфармацыя дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Дзмітрыя Яцэвіча, агучаная ім у эфіры тэлеканала СТВ (сталічнае тэлебачанне):
“На мінулым тыдні стала вядома, што гістарычнай Радзімай будучага палкаводца Ракасоўскага К.К. з’яўляецца мястэчка (гарадскі пасёлак – Н.Ф.) Целяханы, дзе двойчы Герой Савецкага Саюза з’явіўся на свет 3 верасня 1889 года па старым стылі.
Як адзначыў эксперт, знойдзены ў метрыцы запіс пацвярджае дваранскае паходжанне Ракасоўскага К.К. І, магчыма, ва ўмовах класавай барацьбы ў 1920-1930 гады, дадзены факт даводзілася хаваць. Акрамя таго, будучы палкаводзец банальна мог не ведаць месца свайго нараджэння, паколькі яго сям’я з’ехала ў Польшчу”.
У “Камсамолцы” ад 8 траўня 2021 года былі дадзены падрабязнасці гэтага важнага адкрыцця:
“Уладзімір Абрамчук, па спецыяльнасці інжынер-будаўнік, зараз – пенсіянер, вывучаючы радавод у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, знайшоў у Метрычнай кнізе з Фонду Мінскай духоўнай кансісторыі звесткі аб нараджэнні Канстанціна Ракасоўскага.
– Як сведчаць дакументы, знакаміты ваенны і палітычны дзеяч дваццатага стагоддзя, маршал Канстанцін Канстанцінавіч (Ксавер’евіч) Ракасоўскі, нарадзіўся на беларускай зямлі – у мястэчку Целяханы Пінскага павета Мінскай губерніі (сёння – Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці), – паведамілі ў архіве.
Яго дырэктар Дзмітрый Яцэвіч пацвердзіў “Камсамолцы”, што гэта абсалютна дакладная інфармацыя:
– На сайце мы размясцілі ўсе дадзеныя, дзе пазначаны фонд, вопіс, справа. І прыкладзены нават здымак Метрычнай кнігі.
Што ж там напісана?
“Згодна знойдзеным запісам, хлопчык Канстанцін, сын двараніна Ксаверыя Вікенцьевіча Ракасоўскага, рымска-каталіцкага веравызнання, і яго жонкі Антаніны Іванаўны, нарадзіўся 3 (15) верасня 1889 года, а 4 (16) верасня 1889 года быў ахрышчаны ў Свята-Троіцкай Целяханскай царкве”.
Уладзімір Міхайлавіч Абрамчук з вёскі Соміна Івацэвіцкага раёна так пракаментаваў гістарычнае адкрыццё:
– Знайшоў сваякоў да сёмага калена. А калі ўбачыў дадзеныя аб Ракасоўскім, дык паверыць не мог. Бо ў адной біяграфіі пішуць, што ён нарадзіўся ў Польшчы, у іншай – што ў Расіі…”
Няма неабходнасці пераказваць змест усяго артыкула; ён знаходзіцца ў вольным доступе Інтэрнэту.
Па многіх прычынах я не магла прайсці міма прадмета абмеркавання маіх землякоў. “Прысваенне” беларусамі месца нараджэння двойчы Героя Савецкага Саюза і маршала Польшчы выклікала неадназначную рэакцыю ў краінах – суседках Беларусі.
Не ўступаючы ў палеміку з расейцамі і палякамі, хачу падзяліцца сваімі меркаваннямі па гэтым пытанні.
Мой бацька, Лукашэвіч Гаўрыіл Карнеевіч, быў абсалютным аўтарытэтам для ўласных дзяцей і шматлікіх пляменнікаў, у тым ліку і па пытаннях баявога вопыту і ваеннага мастацтва.
Са снежня 1942 года па ліпень 1944 года ён ваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе партызанскіх атрадаў. Узнагароджаны чатырма баявымі ардэнамі і васьмю медалямі; быў паранены; у мірны час прызнаны інвалідам Вялікай Айчыннай вайны.
Бацька надаваў вялікую ўвагу ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, у тым ліку, уласных дзяцей. Расказваў аб выдатных ваеначальніках, аб сваіх баявых таварышах, аб праведзеных партызанамі аперацыях па знішчэнні жывой сілы і тэхнікі праціўніка, аб фашысцкіх эшалонах, падарваных узводам партызан-падрыўнікоў, якім кіраваў тата. І ніколі – аб сабе асабіста, аб сваіх ваенных заслугах!
Пра Канстанціна Канстанцінавіча тата заўсёды гаварыў з найглыбейшай павагай. Бацька высока ацэньваў уклад Ракасоўскага, камандуючага Першым Беларускім фронтам, у вызваленне Беларусі. За аперацыю “Баграціён”, падчас якой праціўніку было нанесена знішчальнае паражэнне, Канстанцін Канстанцінавіч быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза; за выдатныя заслугі ў кіраўніцтве войскамі яму было прысвоена вайсковае званне маршала Савецкага Саюза.
З лістапада 1944 года і да канца вайны Ракасоўскі камандаваў войскамі Другога Беларускага фронта, актыўна ўдзельнічаў ва Усходне-Прускай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай стратэгічных аперацыях.
2 траўня 1945 года Канстанцін Канстанцінавіч у другі раз быў удастоены звання Героя; узнагароджаны вышэйшым палкаводчым ордэнам “Перамога”.
24 чэрвеня 1945 года Ракасоўскі К.К. камандаваў гістарычным Парадам Перамогі ў Маскве, які прымаў маршал Г.К.Жукаў.
Доўгі час я здавольвалася звесткамі, расказанымі маім бацькам, не прадпрымаючы спроб пашырыць свае веды аб гэтай незвычайнай асобе. Свой сумнеўны ўклад у фармаванне вобраза вялікага палкаводца ўнеслі рэжысёры некаторых расійскіх серыялаў, зрабіўшы акцэнт на асабістым жыцці Канстанціна Канстанцінавіча, а не на заслугах героя перад Айчынай.
Некалькі гадоў таму, ідучы з мужам на Вулькаўскае возера, я звярнула ўвагу на змены, якія адбыліся на “польскіх” могілках, размешчаных па шляху нашага кіравання, на поўначы ад Целяхан.
Каталіцкі некропаль, умоўна, складаецца з дзвюх частак: пахаванняў нямецкіх салдат часоў Першай сусветнай вайны і, уласна, саміх каталіцкіх могілак.
Цвінтар быў добра вывучаны мною яшчэ з юных гадоў; вячэрнімі (начнымі) адзіночнымі паходамі на яго правяралася адвага і бясстрашнасць кандыдата на ўключэнне ў рады ваяўнікоў – дзіцячы “партызанскі” атрад.
Вяртаючыся з возера, мы з мужам часта заходзілі паблукаць па могілках. Валодзя, схільны да вывучэння гісторыі, з цікавасцю разглядаў надпісы на нямецкай і польскай мовах; мы разам іх “расшыфроўвалі”.
У ліпені 2015 года мы ўбачылі абноўленыя могілкі, падзеленыя напалам дашчаным плотам. У паўночнай частцы цвінтара захаваліся пахаванні нямецкіх салдат часоў Першай сусветнай вайны; у паўднёвай – каталіцкія могілкі.
Як удалося высветліць, у траўні 2013 года, у Целяханы прыбылі валанцёры з Германіі, Латвіі і Беларусі. Народны саюз Германіі па доглядзе за воінскімі пахаваннямі арганізаваў акцыю пад назвай “Прымірэнне ў імя міру”.
За дзесяць дзён валанцёры прывялі ў парадак надмагільныя пліты і камяні, устанавілі вялікі драўляны крыж, агарадзілі цвінтар; удакладнілі і занеслі ў банк дадзеных спіс салдат, пахаваных тут.
7 чэрвеня 2013 года абноўленыя могілкі нямецкіх салдат Першай сусветнай вайны былі афіцыйна адкрыты і асвечаны.
У 2015 годзе нашу ўвагу прыцягнуў мемарыял, які знаходзіцца ў паўднёвай частцы невялікіх могілак. На абеліску з чорнага каменя ёсць надпіс:
“Антаніна Ракасоўская (Аўсянікава) Пам. 1911 г.”.
На помніку з чырвонага граніту, размешчанага побач, падзяка ад нашчадкаў:
“Дзякуй маці за сына, вялікага савецкага палкаводца, двойчы Героя Савецкага Саюза, маршала Ракасоўскага К.К.”.
Муж запытальна паглядзеў на мяне:
– Чаму ты ніколі не казала аб пахаванні? Гэта ж вельмі цікавы факт! Маці такога выдатнага ваеначальніка і шматграннай асобы пахаваная ў Целяханах!
– Ты не паверыш, але я сама не ведала аб гэтым! Шчыра кажучы, я не вельмі веру, што тут спачывае маці маршала Савецкага Саюза і Польшчы! – адказала я Валодзю.
Скончыўся летні сезон, мы з’ехалі ў Баранавічы, забыўшыся на час аб магілцы Антаніны Ракасоўскай.
2020 год унёс карэктывы ў наш звыклы жыццёвы ўклад; мы з мужам “зазімавалі” на маёй малой Радзіме, у Целяханах.
Вясной 2021 года, гутарычы са старшынёй Савета ветэранаў пасёлка Целяханы Крэк С.А., я закранула пытанне добраўпарадкавання каталіцкіх могілак. Святлана Андрэеўна, якая ўзначальвала пасялковы Савет на працягу шаснаццаці гадоў, расказала мне, што у канцы дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, сіламі навучэнцаў Целяханскай сярэдняй школы і спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, пры актыўным удзеле супрацоўнікаў пасялковага савета, было праведзена добраўпарадкаванне “польскіх” могілак.
У тыя ж гады, па ініцыятыве Ячніка Пятра Іванавіча, “Выдатніка народнай адукацыі БССР”, які займаў пасаду дырэктара спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната на працягу дваццаці трох гадоў, упершыню быў устаноўлены помнік маці К.К. Ракасоўскага.
Першапачаткова надмагілле было зроблена з мармуровай дробкі; на ім быў высечаны надпіс: “Тут спачывае прах маці двойчы Героя Савецкага Саюза, Маршала К.К.Ракасоўскага”.
З цягам часу пліта разбуралася і прыходзіла ў непрыдатнасць. Пятро Атанаў, старшыня гісторыка-геаграфічнага клуба “Пошук” з горада Пінска, прапанаваў абнавіць помнік. Эскіз быў выкананы пінскім мастаком Генадзем Гурыным; сам помнік, за свой кошт, вырабіў і ўсталяваў прадпрымальнік Павел Шальпук.
У траўні 2015 года адбылася цырымонія адкрыцця абноўленага памятнага знаку на месцы пахавання маці савецкага палкаводца, на якой прысутнічалі прадстаўнікі Консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце.
Бачачы мае сумненні: “Насамрэч, ці тут была пахаваная маці К.К. Ракасоўскага?”, Святлана Андрэеўна расказала, што асабіста была знаёмая з жыхарамі пасёлка, якія сцвярджалі, што апошнія гады свайго жыцця Антаніна Аўсянікава сапраўды жыла ў мястэчку Целяханы.
Аказалася, што неабыякавыя жыхары пасёлка ўжо шмат гадоў займаліся ўстанаўленнем датычнасці К.К. Ракасоўскага да невялікага палескага паселішча.
У 1965 годзе дырэктар Дома культуры, Анатоль Аляксандраў, адправіў ліст-запыт маршалу Савецкага Саюза і Польшчы, удакладняючы месцазнаходжанне Антаніны Ракасоўскай (Аўсянікавай) у апошнія гады яе жыцця.
Адказ К.К. Ракасоўскага на афіцыйным бланку “Дэпутат Вярхоўнай Рады СССР”, датаваны 18 лістапада 1965 года, быў напісаны маршалам ад рукі. Канстанцін Канстанцінавіч пацвердзіў, што “…Пасля смерці бацькі я застаўся са старэйшай сястрой у Варшаве, а мая маці з малодшай сястрой з’ехала да сябе на радзіму, у Целяханы. Там яна, неўзабаве, памерла і была пахавана.”
Святлана Андрэеўна пераслала мне на «Вайбер» копіі дакументаў, дадаўшы пры гэтым, што арыгіналы захоўваюцца ў дачкі Анатоля Аляксандрава, Алы.
У публікацыі “Камсамолкі” мяне збянтэжыла адна акалічнасць: несупадзенне імя па бацьку маршала з дадзенымі Метрычнай кнігі. Сапраўднае імя бацькі Ракасоўскага паходзіць ад імя каталіцкага святога Францішка Ксаверыя і распаўсюджана, у асноўным, у каталікоў.
Барыс Вадзімавіч Сакалоў, расійскі публіцыст, гісторык, літаратуразнавец і літаратурны крытык, аўтар кнігі пра маршала, лічыць, што Ракасоўскі, знаходзячыся ў Чырвонай Арміі (не пазней 1919 года), змяніў імя па бацьку на “Канстанцінавіч”.
У сувязі з гэтым я ўспомніла інфармацыю, знойдзеную мною ў архіве пры падрыхтоўцы кнігі “Гісторыя аховы здароўя Баранавіцкага краю”.
Гаворка ішла аб набыцці графам Развадоўскім Іванам (Янам) Аляксандравічам маёнтка Баранавічы на імя сваёй жонкі – графіні Лізаветы Аляксандраўны. Невядомы гісторык пісаў, што аформіць маёнтак на жонку графа прымусілі расійскія законы – асобам “нядобранадзейнага польскага паходжання” нельга было купляць сядзібы на ільготных умовах.
Наўрад ці за два паслярэвалюцыйных гады ў Расіі радыкальна змянілася стаўленне да прадстаўнікоў польскай нацыі. Магчыма, па гэтай прычыне, кіруючыся палітычнымі меркаваннямі, Ракасоўскі змяніў імя па бацьку.
Мужчынскае рускае імя Канстанцін мае лацінскае паходжанне і азначае “пастаянны, нязменны, ўстойлівы”. Сваёй бліскучай ваеннай кар’ерай Ракасоўскі К.К. пацвердзіў семантыку імя, дадзенага яму пры нараджэнні, і імя па бацьку, набытага ў сталым узросце.
Вось такой, няпростай і заблытанай, аказалася найноўшая “гісторыя з геаграфіяй” месца з’яўлення на свет выдатнага савецкага ваеначальніка Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага, нашага земляка.
Аўтар выказвае падзяку Святлане Андрэеўне Крэк за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялаў для апавядання.
P.S. 21 чэрвеня 2021 года, напярэдадні Дня ўсенароднай памяці і смутку, у Брэсце адбыўся фінал міжнароднай акцыі “Сад памяці”. Моладзь Саюзнай дзяржавы пасадзіла на тэрыторыі, прылеглай да мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, хваёвыя дрэвы ў памяць аб загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны.
У закладцы хваёвай алеі прынялі ўдзел ганаровыя госці з Расіі. У іх ліку – праўнучка двойчы Героя Савецкага Саюза, маршала Канстанціна Ракасоўскага, Арыядна Ракасоўская. У інтэрв’ю беларускім сродкам масавай інфармацыі Арыядна Канстанцінаўна сказала, што мае намер даследаваць карані знакамітага прадзядулі; па інфармацыі, якая нядаўна з’явілася, яны вядуць у гарадскі пасёлак Целяханы Брэсцкай вобласці.
“Маці будучага маршала родам з Целяхан, аб чым нам вядома. Як і тое, што бацькі Канстанціна Ракасоўскага пазнаёміліся і ажаніліся ў Целяханах. Кніга метрычная – арыгінал. Але ёсць сумненні, што там гаворка ідзе аб маім прадзеду. Усё-такі, сем гадоў розніцы з ягонай афіцыйнай датай нараджэння. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра старэйшага брата, які памёр. Бацькі Ракасоўскага з’ехалі з Целяхан да 1894 года.
І ўсё ж … У сямейным архіве знайшоўся ліст жанчыны з Целяхан, якая пісала прадзеду ў 1960-я гады, што памятае яго маленькім. Значыць, трэба працягваць пошукі.”
Каментары, як гаворыцца, залішні …
PPS. У сакавіку 2023 года "У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі быў выяўлены метрычны запіс пра смерць Антаніны Ракасоўскай - маці савецкага і польскага военачальніка, двойчы Героя Савецкага Саюза, Маршала Савецкага Саюза і маршала Польшчы Канстанціна Ракасоўскага.
Выяўлены дакумент (НГАБ.Ф.136. Воп.25. Спр.356. Арк.82 адв.-83) дазваляе некалькі істотных дэталяў. Раней лічылася, што Антаніна Ракасоўская памерла ў 1911 годзе, аднак, на самой справе, гэта здарылася значна раней - 14 (1) ліпеня 1906 года, а прычынай яе смерці ва ўзросце 53 гадоў стала вадзянка. Запіс таксама адназначна сведчыць аб тым, што пахавалі Антаніну Ракасоўскую "на грамадскіх целяханскіх могілках".
Дакумент выявіў пастаянны наведвальнік чытальнай залы архіва Уладзімір Міхайлавіч Абрамчук".
Дадзеная інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Свидетельство о публикации №222082301232
Всего наилучшего!
С уважением и теплом,
Людмила Каштанова 23.06.2023 16:09 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
21 июня 2023 года на могилку Антонины Овсянниковой, матери Константина Константиновича Рокоссовского, приезжал внук маршала, Константин Вильевич Рокоссовский.
Внук Героя Советского Союза был тепло встречен руководством административной территории и неравнодушными жителями посёлка.
С самыми добрыми пожеланиями здоровья и благополучия.
Нелли Фурс 24.06.2023 12:31 Заявить о нарушении