Незгладжальны след

Незгладжальны след

У сакавіку 2019 года востра і цяжка захварэў мой муж Уладзімір. Прыехаў старэйшы сын Дзяніс, доктар; для ўрэгулявання пытанняў лячэння я дамовілася аб сустрэчы з намеснікам галоўнага ўрача гарадской бальніцы Маратканавай Вольгай Васільеўнай.
Мы з Дзянісам прыйшлі загадзя і сын, чакаючы калегу, разглядаў маляўніча аформлены стэнд, прысвечаны гісторыі гарадской бальніцы. Праглядзеўшы фатаграфіі адміністрацыі лячэбнай установы з моманту яе стварэння, вярнуўся да мяне, відавочна збіраючыся нешта пракаментаваць.

– Што цікавага ты там убачыў, Дзяніс? – спытала я.

– Мама, а тваёй фатаграфіі на стэндзе няма! – расчаравана працягнуў сын.

– Можа, тут “вывешаны” здымкі толькі першых асоб? – удакладніла я.
 
– Не, ёсць фотаздымкі намеснікаў галоўнага лекара і загадчыкаў аддзяленняў стацыянара, а тваёй – няма! Ты ж доўга працавала намеснікам галоўнага ўрача па экспертызе! – здзівіўся сын.

Я падышла да стэнда і пераканалася, што мой фотаздымак сапраўды адсутнічае.
Сын запытальна глядзеў на мяне: у чым, усё ж, справа?

– Не ведаю, сынок, можа быць, тут размешчаны фатаграфіі толькі разумных і прыгожых. А я да гэтых катэгорый не стаўлюся! – у звыклай для мяне, іранічнай манеры, адказала я, трымаючы ў памяці бяду, якая напаткала нашу сям’ю: стан мужа быў вельмі цяжкім.

Прыйшла Вольга Васільеўна; мы з сынам завяршылі размову, несугучную нашай сітуацыі.

Маці школьніцы Волі Маратканавай (у дзявоцтве – Панфілавай) у маладым узросце перанясла цяжкі інфаркт міякарда; пасля заканчэння лячэння была прызнана інвалідам другой групы без права працы. Сямікласніца Воля часта суправаджала яе падчас візітаў у паліклініку, дзе я, намеснік галоўнага лекара гарадской бальніцы, і пазнаёмілася з клапатлівай дачкой.
 
У адным са сваіх інтэрв’ю Вольга Васільеўна прызналася, што з таго моманту, калі захварэла маці, яна бачыла працу медыкаў і захаплялася імі. Менавіта ў гэты час Воля вырашыла, што стане лекарам-кардыёлагам.

Пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Вольга Васільеўна працавала ўчастковым тэрапеўтам. У ходзе рэфармавання сістэм аховы здароўя Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, у раённай бальніцы было адкрыта аддзяленне кардыялогіі, якое і ўзначаліла Маратканава В.В.

На суразмоўі я ўспомніла школьніцу Волю, якая трапятліва адносілася да здароўя маці. Паразмаўляўшы з будучым загадчыкам аддзялення, зразумела, што з Вольгі Васільеўны атрымаецца годны кіраўнік структурнага падраздзялення; нашы асноўныя жыццёвыя ўстаноўкі, а таксама бачанне ўзаемаадносін з пацыентамі і калегамі супадалі.

Я не памылілася: змяніўшы на пасадзе загадчыка аддзялення Чысцякову Веру Аляксандраўну, самага дасведчанага кардыёлага Баранавіцкага рэгіёна  (якую Вольга Васільеўна па праве лічыць сваім Настаўнікам), малады кіраўнік аддзялення хутка ўглыбілася ў яго праблемы і забяспечыла ўстойлівае функцыянаванне структурнага падраздзялення бальніцы.

Апрача высокага прафесіяналізму, калегу адрознівае ўменне наладзіць кантакт з пацыентам і выклікаць яго давер да лекара.

У 2016 годзе Маратканава В.В. была прызначана намеснікам галоўнага лекара гарадской бальніцы па медыцынскай рэабілітацыі і экспертызе. Пераход на высокую пасаду не змяніў Вольгу Васільеўну: яна па-ранейшаму прымае ўдзел у лёсе медыкаў і іх блізкіх, справядліва мяркуючы, што былых лекараў не бывае.

Выслухаўшы меркаванні візіцёраў адносна лячэння мужа і бацькі, Вольга Васільеўна аказала нам неабходную дапамогу; у наступным, аж да выпіскі Валодзі са стацыянара, курыравала яго вядзенне.

У гэты ж дзень, па дарозе дадому, Дзяніс зноў успомніў аб некарэктным афармленні інфармацыйнага стэнда:

 – Мама, там вывешаны партрэты дактароў, якія працавалі на кіруючых пасадах усяго адзін-два гады! А цябе – няма!

– Значыць, дрэнна працавала, калі мяне “не павесілі”! – аджартавалася я, пагружаная ў свае нялёгкія думкі.

Прайшоў нейкі час пасля выпіскі мужа са стацыянара. Я звярнулася ў паліклініку па выпіску рэцэптаў. Набыўшы лекі, зайшла праведаць Алену Барысаўну Свірыдаву, з якой мы разам працавалі з жніўня 1987 года па люты 2013 года; да гэтага часу сябруем сем’ямі і падтрымліваем адна адну ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Я расказала Алене аб стане Валодзі і пацікавілася апошнімі навінамі Баранавіцкай сістэмы аховы здароўя. Лена паведаміла, што працаўнікі кадравай службы лячэбных устаноў рыхтуюць дакументы на лепшых спецыялістаў галіны для ўзнагароджання іх у сувязі з прафесійным святам, Днём медыцынскага работніка.

 Верагодна, напамін аб маючым адбыцца ўзнагароджанні медыкаў выклікаў у маёй памяці размову з сынам аб стэндзе гарадской бальніцы. Стрымліваючы жаданне засмяяцца, з прастадушным выразам твара, я звярнулася да Алены з пытаннем:

– Лена, а Вы не ведаеце, чым я займалася з 1987 года па 2000 год?

– У якім сэнсе, займалася, Нэлі Гаўрылаўна? – здзіўлена паглядзела на мяне Алена Барысаўна.

– У сэнсе – дзе я працавала? – канкрэтызавала я пытанне.

– Як – дзе? У кабінеце нумар шэсцьдзесят шэсць гарадской паліклінікі, намеснікам галоўнага ўрача Баранавіцкай гарадской бальніцы па экспертызе часовай непрацаздольнасці! – “адрапартавала” Алена.

– А вось і не адгадалі! Маёй фатаграфіі няма на “гістарычным” стэндзе бальніцы, значыць, гэты  перыяд – “белая пляма” экспертызы часовай непрацаздольнасці! – іранізавала я.

– Як – няма?! Мы ж разам працавалі! – уразілася Алена Барысаўна.

– Значыць, не працавалі! Хаця, магчыма, Вы рабілі, а чым займалася я трынаццаць год – невядома! Вось будзе весела, калі Дзяніс аб гэтым факце раскажа бацьку! Кожную раніцу я “наводзіла прыгажосць”, сыходзіла “на працу”, увечары вярталася, а куды сыходзіла і як зарабляла грошы – вялікае пытанне! – з асалодай ёрнічала я.

Лена засмяялася.

– Дзякуй Богу, Нэлі Гаўрылаўна, што пасля ўсіх выпрабаванняў, якія выпалі на Вашу долю, Вы не страцілі свайго прыроджанага пачуцця гумару! А калі Ўладзімір Аляксандравіч стане высвятляць адносіны, я гатова быць сведкам, што Вы сапраўды хадзілі на працу ў паліклініку! – падтрымала калега мой легкадумны тон.

З часам “стэндавы” эпізод забыўся.
 
24 траўня 2021 года былая супрацоўніца раённай сістэмы аховы здароўя, цяпер – пенсіянерка, адправіла мне на “Вайбер” фотаздымак артыкула, які быў надрукаваны ў Баранавіцкай рэгіянальнай газеце “Наш край”. У нататках “Патрэбен сертыфікат ад COVID-19? Атрымайце!” рубрыкі “Будзем здаровыя”, было напісана наступнае:

 “Як расказала “Нашаму краю” Нэлі Фурса, намеснік галоўнага ўрача Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі па медыцынскай частцы, сертыфікат выдаецца на платнай аснове ў паліклініках па месцы жыхарства тым жыхарам горада, якія прайшлі вакцынацыю ад каронавіруснай інфекцыі, па жаданню (у выпадку выезду за межы Беларусі на працягу года з моманту правядзення другой вакцынацыі без прадстаўлення дакумента, які пацвярджае выезд).

Атрыманне сертыфіката платнае, для беларусаў і замежнікаў, якія пастаянна пражываюць у нашай рэспубліцы, кошт складае пяць рублёў”.

Пасля фатаграфіі артыкула – каментар калегі, якая адправіла “дасканалую” інфармацыю аб маім цяперашнім “месцы працы”:

“Сягодняшні “Наш край”. Ніяк Вас не могуць забыць!”.

На наступны дзень бесперапынна тэлефанавалі мае знаёмыя:

– Патаемны Вы ўсё-ткі чалавек, Нэлі Гаўрылаўна! У 2013 годзе абвясцілі, што пераходзіце працаваць памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Язубца Мікалая Мяфодзьевіча. А, насамрэч, завіхаліся сабе паволі ў гарадской сістэме аховы здароўя!

– Дзеля канспірацыі яшчэ і прозвішча змянілі на жаночы лад, дадаўшы літарачку “а” ў заканчэнні!

– Ды яшчэ два даляры ЗША патрабуеце за нейкую фількіну грамату!

Добра, што я ўжо ведала аб публікацыі і магла адказаць калегам адпаведным чынам – жартам.

Неўзабаве на святкаванне майго дня нараджэння прыехалі сыны, Дзяніс і Павел. Я паказала ім фота публікацыі. Прачытаўшы яе, малодшы сын Паша разважліва вымавіў:

– Так, мама, ты пакінула незгладжальны след у гісторыі Баранавіцкай аховы здароўя, калі да гэтага часу табе прыпісваюць чужыя словы!

Не змагла ўтрымацца ад каментара і я:

– Аказалася, не так важна быць “павешанай” на “шчыце славы”, як захавацца ў “памяці народнай” праз восем гадоў пасля завяршэння прафесійнай кар’еры лекара!

Сынам, надзеленым цудоўным пачуццём гумару, больш за ўсё спадабаўся, пазначаны мною, спосаб размяшчэння на інфармацыйным стэндзе фотаздымкаў медыцынскага начальства – павешанне …

P.S. У артыкуле аб COVID-19, размешчаным у Сусветнай павуціне, названы рэальны супрацоўнік, які даваў інтэрв’ю; імя і прозвішча аўтара захаваліся толькі ў газеце «Наш край», выдадзенай друкарскім спосабам.


Рецензии
Добрый день, уважаемая Нелли! Ваше отменное чувство умора всегда Вас выручало. А сыну, конечно было интересно, куда ходила каждый день мама в течении 13 лет, если её нет на общей фотографии.
С уважением и улыбкой,

Людмила Каштанова   25.06.2023 12:46     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв и высокую оценку моего острословия!

Жизнь - сложная штука, без чувства юмора не обойтись.

С самыми добрыми пожеланиями здоровья и благополучия.

Нелли Фурс   26.06.2023 13:33   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.