Буслы
Сын датчаніна, Уладзімір Іванавіч Даль, рускі пісьменнік, збіральнік фальклору, ваенны ўрач, у “Тлумачальным слоўніку жывой вялікарускай мовы”, выдадзеным у 1863 годзе, даў наступныя назвы буслу: бацян, бацьян, бачан, бусел.
Ураджэнец маларасійскай Лугані (сучаснага Луганска), лексікограф У.І.Даль уключыў у спіс варыянты назвы птушкі на ўскраінах Расійскай імперыі: польскае – бацян, беларускае – бусел, украінскае – чарнагуз (мне больш да душы ўкраінскае слова – лелека).
Белы бусел – буйная балотная птушка сямейства бусловых атрада галенастых. Пры складзеных крылах птушкі ствараецца ўражанне, што ўся задняя частка цела бусла чорная. Адсюль і украінская назва – чарнагуз. Самкі некалькі меншыя за самцоў; па афарбоўцы не адрозніваюцца ад іх. Рост белага бусла – сто-сто дваццаць сантыметраў, размах крылаў – сто пяцьдзесят-дзвесце сантыметраў; маса дарослай птушкі – чатыры кілаграмы.
Працягласць жыцця – дваццаць гадоў.
Насяляе Еўропу і Азію. У Еўропе яго арэал распасціраецца на поўначы да Паўднёвай Швейцарыі і Ленінградскай вобласці; на ўсход – да Смаленска, Бранска і Ліпецка. Зімуе ў Індыі і трапічнай Афрыцы.
На зімоўку белыя буслы пералятаюць у дзённы час, на вялікай вышыні, часта лунаючы ў паветры; пазбягаюць лётаць над морам.
Самцы прылятаюць на месца гняздоўя на некалькі дзён раней самак, часам пралятаючы да двухсот кіламетраў за суткі. Самку, якая першай з’явілася ля гнязда, самец лічыць сваёй. Калі да гнязда прыляціць яшчэ адна самка, паміж імі пачынаецца барацьба за права застацца з партнёрам, у якой самец не ўдзельнічае. (Дык вось дзе вытокі “баёў без правіл” сучасных “дочак Евы”, якія адваёўваюць адна ў адной асоб супрацьлеглага полу!)
Ваяўніца, якая перамагла, застаецца; самец запрашае яе ў гняздо, закінуўшы галаву назад, да спіны, і выдае дзюбай частыя гукі-клацанне.
Дакладна такія ж гукі самец выдае, калі да гнязда набліжаецца іншы самец белага бусла; ён прымае пагрозлівую позу: цела і шыя выцягнуты гарызантальна, а крылы то падымаюцца, то апускаюцца.
Пара буслоў, якая ўтварылася, пачынае сумеснае жыццё з уладкавання гнязда. Галіны, сухая трава, шматкі сена – усё ідзе ў ход.
Наша сям’я заўсёды мела магчымасць назіраць жыццё буслоў. У маім дзяцінстве іх гняздо знаходзілася на старажытным вязе ўчастка суседа, Каланчука Зіновія Мікалаевіча, які перад прылётам птушак падпраўляў аснову будынка. У некаторыя гады моцныя вятры разбуралі гняздо; тады яшчэ маладому Зіновію Мікалаевічу даводзілася самому майстраваць базіс будучага жылля буслоў.
Шмат гадоў таму “нашы” буслы пабудавалі новае гняздо на суседнім участку – на слупе лініі электраперадач, якая не функцыянуе; мы па-ранейшаму маем магчымасць сузіраць іх.
Чаму – “нашы”? Так склалася: аднойчы назваўшы прадстаўнікоў дзікай прыроды такім займеннікам, я не адыходжу ад гэтай практыкі і дагэтуль.
Гняздо, якое мае больш за метр у дыяметры, служыць некалькім пакаленням буслоў. Вага яго дасягае некалькіх цэнтнераў; у ім жывуць дробныя птушкі: вераб’і, пліскі, шпакі. Самым старым лічыцца гняздо буслоў, пабудаванае на вежы ва ўсходняй частцы Германіі, якое служыла птушкам з 1549 па 1930 год.
У халодным 2021 годзе мы з мужам ужо зняверыліся, што буслы паселяцца ў гняздзе, практычна разбураным за зіму. Памыляліся: раніцай 12 красавіка, у Дзень Касманаўтыкі, жыллё ўжо было заселена.
Астанкі гнязда, якія нахіліся набок, мелі жаласны выгляд: бязладна размешчаныя галінкі, шматкі травы і саломы, якія тырчалі ў розныя бакі. “Упрыгожваннем” буслінага жылля служыла металічная загваздка незразумелага прызначэння, якая была пакінута будаўнікамі ці электрыкамі.
Было відаць, что яна замінае буслам-будаўнікам. У мінулыя гады “жыхары” рамантавалі гняздо, нарошчваючы яго вышыню такім чынам, каб іншародны прадмет уваходзіў у склад сценкі збудавання. У выніку атрымлівалася высокае, зусім прыстойнае, птушынае жыллё.
Пара, якая засялілася ў гняздо, не рабіла ніякіх спроб для “паляпшэння жыллёвых умоў”. Мы з суседам, Іванам Аляксеевічам Катом, працуючы ў агародзе, абмеркавалі непрывабны выгляд прыстанку птушак.
– У папярэднія гады ўсе маленькія галінкі пладовых дрэў нашага сада, якія ўпалі восенню і зімой на зямлю, вясной, на працягу кароткага часу, падбіраліся бусламі для рамонту гнязда. А сёлета прыйшлося самому іх выдаляць, рыхтуючыся да апрацоўкі саду-агароду, – пракаментаваў Іван Аляксеевіч.
Я згадзілася з суседам: сапраўды, буслы неслі ў гняздо ўсё, прыдатнае для рамонту; у гэтым жа годзе, прыкладна тыдзень, яны проста стаялі ў разбураным гняздзе.
– Жывёлы, у тым ліку птушкі, як і людзі, па-рознаму ставяцца да працы: хтосьці – працаўнік, а хтосьці – гультай, – па-філасофску заўважыў сусед.
Як выявілася, дарма мы пераносілі чалавечыя недахопы на буслоў: праз тыдзень пачалося інтэнсіўнае ўладкаванне гнязда.
Шмат гадоў таму, мой бацька, Лукашэвіч Гаўрыіл Карнеевіч, назіраючы за будаўніцтвам прыстанку буслоў, услых разважаў аб звычках птушак, якія з’яўляюцца адным з сімвалаў Беларусі:
– Дзіўна, якія адлегласці пераадольваюць буслы, што ляцяць на зімоўку! Я чытаў аб даследаваннях савецкіх навукоўцаў-арнітолагаў, якія акальцавалі буслоў. Дык вось, іх выявілі ў Індыі і трапічнай Афрыцы. Уяўляеш, двойчы за год, птушкам трэба праляцець дзесяць тысяч кіламетраў!
У мяне ўзніклі сумненні ў бяспрэчнасці татавай заявы. Аднак, ведаючы, што бацька ніколі не агучвае непраўдзівую інфармацыю, прыняла яе да ўвагі.
Тата працягнуў:
– Белы бусел, у адрозненне ад чорнага бусла, які пазбягае людзей, заўсёды селіцца побач з чалавечым жытлом. У гады Першай сусветнай вайны нямецка-расійскі фронт два з паловай гады размяшчаўся на лініі Дзвінск-Паставы-Смаргонь-Баранавічы-Пінск; у Целяханах ён быў падзелены Агінскім каналам. Вось менавіта ў той час давер буслоў да людзей саслужыў нядобрую службу птушкам: іх усіх з’елі немцы.
– Як – з’елі?! – недаверліва перапытала я.
– Проста. Варылі – і елі! Відаць, інтэнданцскай службе Германіі не было ўжо чаго пастаўляць “ваякам”, прыйшлося перайсці на самастойнае забеспячэнне, – адказаў тата.
Пазней, чытаючы антываенны раман Эрыха Марыі Рэмарка “На Заходнім фронце без змен”, я пераканалася ў праўдзівасці бацькі. Частка эпізодаў твора звязана са здабываннем ежы галоўным героем рамана Паўлем і яго сябрамі. Ва ўмовах пастаяннай бяскорміцы дзейнічаў утылітарны прынцып: “Выратаванне галадаючых – справа рук саміх галадаючых!”.
Колькасць белага бусла ў Беларусі ацэньваецца ў дваццаць дзве-дваццаць пяць з паловай тысяч пар і складае дзесяць працэнтаў сусветнай папуляцыі.
Птушанят, якія вылупіліся, кормяць у асноўным чарвякамі, выкідваючы іх з глоткі. Стаўшы старэйшымі, бусляняты выхопліваюць ежу прама з дзюбы бацькоў.
Дарослыя птушкі пільна сочаць за сваімі птушанятамі, выкідваючы з гнязда ўсіх слабых і хворых. Такім чынам, па дадзеных Д.Лэку (1957), памер сям’і рэгулюецца ў адпаведнасці з колькасцю наяўнай ежы. Прыкладна сорак два працэнты гібелі птушанят прыпадае на выкідванне бацькамі з гнязда.
Я не назірала выпадкаў збаўлення буслоў ад нашчадкаў. Сведкі ліквідавання птушанят сцвярджаюць, што такая практыка – звычайная справа. І прычына не толькі ў нядужых і хворых, а і ў неабходнасці пракорму буслянят да таго моманту, калі яны ўстануць на крыло.
Знаўцы беларускай прыроды па колькасці галовак буслянят у гняздзе могуць прадказаць прагноз надвор’я на наступнае лета. Як правіла, бацькі даюць жыццё двум птушанятам. Пры наяўнасці трох птушанят самавукі-арнітолагі сцвярджаюць, што лета будзе спрыяльным: цёплым, з умеранай колькасцю ападкаў. Чатыры бусляняты ў гняздзе “гарантуюць” прахалоднае, дажджлівае, “жабінае” лета, якое забяспечвае дастатковае харчаванне птушанятам.
Рэдка ў сваім дарослым жыцці я назірала ў гняздзе трох буслянят і толькі два разы – чатырох птушанят бусла. Бацькам атрымоўвалася іх выкарміць: у тыя гады нашы месцы ўяўлялі сабой “жабінае царства”. Дакладней, “рапушына- жабінае каралеўства”: у агародзе, пад пластом ускопанай зямлі, я часта знаходзіла шэрых рапух; яны глядзелі на абуральніцу спакою спалоханым “аранжавым позіркам” вачэй з незвычайнымі гарызантальнымі зрэнкамі.
Неяк мой зямляк, Віктар Зіноўевіч Шляшка, майстар на ўсе рукі, пацікавіўся:
– А Вы ведаеце, што ў нашых краях можна вырошчваць два ўраджаі бульбы?
– Жартуеце, Віктар, мы ж размешчаны ў зоне рызыкоўнага земляробства, а не ў нейкай паўднёвай краіне!
– А часнык на зіму Вы саджаеце, Нэлі Гаўрылаўна? – раптам суразмоўца змяніў тэму размовы.
– Прычым тут часнык, мы ж гаворым пра бульбу? – здзівілася я.
– Прытым, што збор азімага часныка прыпадае на сярэдзіну ліпеня, вызваляюцца пасяўныя плошчы! Вось на гэтых градках можна пасадзіць пару вёдраў бульбы! – прасвяціў мяне зямляк.
– І што, вырасце? – недаверліва спытала я.
– Як пашанцуе, у мяне вырасла! – адказаў Віктар.
– Нябось, маленькая, як гарох, – сумнявалася я.
– Ды не, сярэдніх памераў, было нават некалькі буйных клубняў, на дранікі (бульбяныя аладкі, нацыянальная беларуская страва), – запярэчыў аграном-самавука.
Праз некалькі дзён, збіраючы ўраджай часныка, я ўспомніла аб рэкамендацыі Віктара Зіноўевіча. У склепе захавалася леташняя бульба, якую я збіралася аддаць суседзям для кармлення хатніх жывёл. Клубні ўжо прараслі, і я, вырашыўшыся на эксперымент, папрасіла мужа перакапаць участак зямлі, які вызваліўся; сама ж апусцілася ў падвал.
Выйшаўшы з дому, зірнула ў агарод, на якім было ўжо два работнікі: “капальнік” Валодзя і “кантралёр” – буйны бусел. Ён ішоў услед за мужам; здалёку здавалася, што цыбаты правярае якасць працы. Насамрэч, птушыны “інспектар” выбіраў дажджавых чарвякоў; адлегласць паміж чалавекам і птушкай была мінімальнай і адпавядала даўжыні выцягнутай рукі.
Я ўспомніла расказ таты аб буслах, якія сталі лёгкай здабычай галадаючых немцаў падчас Першай сусветнай вайны; пры такім набліжэнні птушкі да чалавека не складала ніякай працы злавіць яе.
Як толькі муж скончыў земляныя работы, бусел адразу ж страціў цікавасць да “кампаньёна”.
Іншы эпізод цеснага ўзаемадзеяння з прадстаўніком дзікай прыроды адбыўся падчас першых палётаў падрослых птушанят.
Увечар, запаўняючы вадой са студні ёмістасці, якія вызваліліся пасля палівання агарода, на прылеглым падворку я ўбачыла бусляня, якое важна шпацыравала побач з асабняком. Маладая пара, нашы суседзі, былі ў ад’ездзе; ніхто не перашкаджаў знаку міра і згоды асвойваць тэрыторыю, размешчаную прама пад гняздом буслоў.
Падышоў муж, які скончыў працу ў агародзе. Я паказала яму бусляня:
– Бачыш, пакуль моладзь адсутнічае, новы “гаспадар” аб’явіўся!
– Не, ён не прэтэндуе на чалавечае жыллё, проста не можа падняцца ў сваё! Відаць, не разлічыў сіл у першым палёце, вось і прыйшлося весці наземны лад жыцця! – адказаў Валодзя.
– А што ж рабіць? – захвалявалася я.
– Нічога. Ён падсілкуецца якой-небудзь жыўнасцю, у багацці наяўнай у садзе і агародзе, і далучыцца да сваёй сям’і, – запэўніў мяне муж.
Валодзя падмяніў мяне ля калодзежа: я пайшла ў дом і занялася падрыхтоўкай вячэры.
У гэты час у нас гасцявалі пяцігадовыя ўнукі, Гары і Давід. Яны былі занятыя зборам садовай маліны і бусляня не бачылі.
Раптам пачаўся праліўны дождж, хлапчукі прымчаліся ў хату. Павячэралі, паглядзелі “Калыханку”, паслухалі бабуліны казкі і заснулі.
На наступную раніцу першым з хлапчукоў, як заўсёды, прачнуўся Гары. Я рыхтавала сняданак; унук пажадаў мне добрай раніцы і накіраваўся на двор. Ледзь адкрыўшы ўваходныя дзверы, ён гучна закрычаў:
– Бабуля, а ў нас – госць! Глядзі-глядзі, хто да нас прыйшоў!
Я падышла да дзвярэй. На ганку стаяла ўчарашняе бусляня, якое ніяк не адрэагавала на з’яўленне хлопчыка і яго звонкае “прывітанне”. Бурымі вачымі, апраўленымі чырвона-карычневай скурай без апярэння, птушка ўважліва глядзела на людскую мітусню.
Ад шуму прачнуўся Давід і далучыўся да нас. Хлапчукам вельмі хацелася пагладзіць птушку; Гарык ужо паспеў вынесці з дому цукерку – пачаставаць бусляня (на думку ласуна Гары, лепшыя прысмакі для ўсяго жывога – цукеркі і марожанае).
Я расказала хлапчукам, што чапаць птушку нельга: адчуўшы чужы пах, дарослыя буслы не прымуць яго ў сям’ю. І частаваць таксама нельга; у іх зусім іншы харчовы рацыён: дажджавыя чарвякі, майскія жукі, дробная рыба, змейкі ўсялякія.
Твары хлапчукоў выказвалі сумненне: хто ж стане есці жукоў-чарвякоў, калі можна з’есці цукерку ці пірожнае?!
Птушаняту, верагодна, наша кампанія надакучыла; ён накіраваўся ў агарод. Я папярэдзіла хлапчукоў, што бусляня прагаладалася, будзе шукаць сабе ежу, таму не варта блізка падыходзіць да яго.
Як правіла, пяцігадовыя дзеці “безумоўна” выконваюць рэкамендацыі дарослых. Не паспела я сысці ў хату, як хлапчукі накіраваліся ўслед за буслікам; прыйшлося мужу папрацаваць “наглядчыкам”.
Пасля сняданку мы адправіліся на канал Агінскага. Прыйшоўшы дадому праз некалькі гадзін, мы не засталі “нашага” бусляня на падворку; з гнязда віднеліся дзве галоўкі птушанят.
Унукі былі расчараваныя, выявіўшы знікненне бусліка. Я паказала на гняздо і растлумачыла хлопчыкам, што наш госць вярнуўся да бацькоў, у сваю сям’ю.
Пасляабедзенны сон выцесніў ва ўнукаў успаміны аб нечаканым візіцёру. Ды і было чым заняцца пасля абуджэння: маліна, суседскія коткі, стральба з вадзяных пісталетаў, будаўніцтва замкаў з пяску…
Сёлета я стала знаходзіць у кветніку фрагменты апярэння дробных птушак. Іх паходжанне не выклікала сумненняў: я часта назірала малых верабейкаў, якія бесклапотна скакалі на зялёных газонах нашай сядзібы. Некалькі разоў я была відавочцай, як кот, які раптам з’яўляўся, імклівым скачком наганяў птушаня і, таксама вокамгненна, знікаў з поля зроку.
Неяк раніцай, вызірнуўшы ў акно, я ўбачыла трохкаляровую буйную котку, затоеную паміж кустамі самшыту і туяй; менавіта ў гэтым месцы я часцей за ўсё знаходзіла сляды расплаты птушачак за сваю бестурботнасць.
У густой кроне туй уюць гнёзды завірушкі – несамавіта афарбаваныя, шэравата-бурыя невялікія пеўчыя птушкі рода вераб’іных. Я не бачыла завірушак (можа быць, проста не адрознівала іх ад вераб’ёў); пасля набыцця самастойнасці птушанятамі, апусцелыя гнёзды я знаходзіла паміж галінамі туі або на зямлі.
Котка, якая схавалася ў хмызняках, чакала сваёй чарговай ахвяры. У гэты час, вельмі нізка над зямлёй, праляцеў бусел, які “заходзіў на пасадку”. Паляўнічая, убачыўшы жаданую “здабычу”, прыгатавалася да скачка; бусел, завяршаючы пасадачны манеўр, падняўся на вышыню слупа і апусціўся ў гняздо.
Мурка праводзіла доўгім поглядам сваю няўдалую пажыву. Мудрая котка не ведала, што здабычай буслоў часта бываюць маладыя зайчаняты і суслікі.
Хто ведае, магчыма, экстэр’ер і вага паляўнічай, адметныя ад названых вышэй прадстаўнікоў дзікай прыроды, выратавалі котку ад незайздроснай долі яе ахвяр?
P.S. Што ж тычыцца парады Віктара Зіноўевіча, то ў кастрычніку мы знялі другі ўраджай бульбы: суадносіны колькасці пасаджанай і сабранай сельскагаспадарчай культуры склалі адзін да чатырох.
Цікаўны атрымаўся ўраджай: большая частка яго – дробная бульбачка, дыяметрам тры-чатыры сантыметры; прыкладна траціна выкапаных клубняў – буйныя бульбіны, памерам з мужчынскі кулак; карняплодаў сярэдніх памераў, “насеннага” матэрыялу, не было ўвогуле.
Ды і не патрэбны ён зусім! Бульба не прызначалася для працяглага захоўвання: яе далікатная лупіна лёгка саскрабалася нажом.
Свидетельство о публикации №222082401134
Антонина Кирножицкая 10.10.2024 17:34 Заявить о нарушении
Шчыра дзякую за водгук!
У нас гняздоўі буслоў на двух суседніх дварах, і ўвесь сезон мы назіраем за імі.
З пажаданнямі здароўя і дабрабыту.
Нелли Фурс 11.10.2024 10:45 Заявить о нарушении