Адлёт буслоу
У сярэдзіне жніўня ў Целяханы прыехалі нашы сыны, Дзяніс і Павел.
Пасля выканання работ па добраўпарадкаванні ўчастка, Паша пачаў назіраць за гняздом буслоў, размешчаным на тэрыторыі суседняга падворка. Дарослыя птушкі паляцелі за здабычай; птушаняты рабілі неаднаразовыя спробы ўзляцець над гняздом. Зусім нечакана для нас, аднаму з двух буслянят удалося пераляцець на дах суседняга дома.
Сын пашкадаваў, што не ўзяў з сабой тэлефон: ужо вельмі цікавымі былі ўзмахі крылаў маладога “летуна”! Збегаўшы ў дом за “фотаапаратам”, уголас папрасіў бусляня:
– Ну, давай-давай, вяртайся ў гняздо!
Птушаня падумала…і пераляцела ў сваё жыллё; сын паспеў зняць унікальныя кадры на камеру тэлефона.
Я коратка расказала Паўлу аб перадгісторыі засялення гнязда і прагнозах мясцовых арнітолагаў аб прамой сувязі колькасці птушанят з надвор’ем наступнага лета.
Дамарослыя метэаролагі сёлета не памыліліся: бацькі вывелі толькі дваіх буслянят. Яны з’явіліся ў канцы траўня і пацвердзілі прагнозы знаўцаў, што лета будзе засушлівым (апавяданне аўтара “Буслы”).
Сын пацікавіўся:
– Мама, а птушаняты ў гэтым годзе ўжо лёталі?
– Не, я сама ўпершыню ўбачыла палёт бусліка! – адказала я.
Гледзячы на няўпэўненыя рухі птушыных дзіцянят, я выказала сумненні ў тым, што яны змогуць адправіцца разам з бацькамі ў далёкі палёт.
– Ды ну, мама, у іх жа ўсё прадугледжана! Прыйдзе час – і паляцяць! – аптымістычна заверыў мяне Павел, асабліва не перажываючы за прыдуманыя мною “птушыныя праблемы”.
Сыны з’ехалі, а мая турбота за лёс птушанят – засталася. Я добра запомніла навуку маёй мамы, якая ведала вялікае мноства выслоўяў і прыказак.
У жніўні, гледзячы на гняздо буслоў, яна часта паўтарала:
– На Спас – няма нас!
З ранняга дзяцінства я засвоіла выказванне мамы, якая часам удакладняла:
– Не на мядовы Спас, а на яблычны, 19 жніўня!
Доўгатэрміновае прагназаванне ў маім узросце – адзнака павольна, але няўхільна надыходзячай дэменцыі або невычэрпнага аптымізму (што, з пункту гледжання псіхіятраў, адно і тое ж!). А пабудова планаў на наступны дзень – гэта ўжо прыкмета добрага псіхічнага здароўя!
Вось і я, у тэлефоннай размове з маёй сяброўкай, Аленай, падзялілася сваімі намерамі на дзевятнаццатае-дваццатае жніўня.
Пачуўшы, што ў дзень нараджэння маёй мамы, дваццатага жніўня, мы з мужам збіраемся на могілкі, Лена сказала, што гэтага не трэба рабіць. Па канонах праваслаўнай веры, для памерлага чалавека дзень нараджэння ўжо не мае значэння; галоўнае для таго, хто пайшоў у іншы свет – дата наступлення смерці.
Я прыняла паведамленне Алены на веру; на цвінтар мы адправіліся дзевятнаццатага жніўня, на яблычны Спас.
Выйшаўшы з дому, я зірнула на гняздо буслоў: уся сям’я была ў зборы.
– Вось табе, калі ласка, і вер пасля гэтага народнай мудрасці! – падумала я.
Магілка нашых бацькоў заўсёды ўтрымліваецца ва ўзорным парадку; у той раз вецер перавярнуў вазы з кветкамі. Устраніўшы беспарадак і наведаўшы месцы пахавання іншых блізкіх нам людзей, мы з мужам адправіліся дадому.
На зваротным шляху (больш за два кіламетры) я ўжо паспела забыць аб пералётных праблемах буслоў. Ты не менш, па звычцы, падышоўшы да брамкі сямейнага падворка, я кінула збеглы погляд на гняздоўе птушак.
У мяне зашчыміла сэрца: у гняздзе стаяла самотнае птушаня. Не тое, кароткі палёт якога мы з сынам назіралі некалькі дзён таму, а другое, якое раней рабіла нязграбныя спробы хоць ледзь-ледзь падняцца ў паветра.
Усе мае хатнія клопаты адышлі на другі план – я стала назіральнікам. Раніцай, на працягу ўсяго дня і ўвечар, апроч маёй волі, погляд звяртаўся да гнязда.
Вечар яблычнага Спасу прынёс мне заспакаенне: у жыллі птушак з’явілася яшчэ адна асабіна. Верачы ў добры вынік, я спакойна заснула.
Нажаль, раніцай у гняздзе я ўбачыла толькі дваіх падрослых буслянят; іх бацькі так і не з’явіліся.
“Як жа традыцыі свету жывёл пераклікаюцца з маральнымі, дакладней, амаральнымі ўстоямі людзей!” – падумала я, зразумеўшы, што дарослыя буслы кінулі сваіх дзіцянят на волю лёсу.
Зусім недарэчы ўспомніла, што самкі буслоў у “кравапралітнай” барацьбе адстойваюць сваё права на валоданне партнёрам. З’явілася аналогія з маці, якія нарадзілі дзяцей для ўтрымання мужа:
– Усё роўна ты будзеш мой!
А дзеці? Якая розніца, што будзе з дзецьмі?!
І аказваюцца дзеткі разменнай манетай, сродкам маніпуліравання, свайго роду рычагом кіравання мужамі, у тым ліку і былымі!
Ці варта асуджаць маму-бусліху, якая аддала перавагу не сваім дзіцяняткам, а самцу, заваяванаму ёю ў жорсткіх баях?
P.S. Spes novissimis moriatur (лац.) – надзея памірае апошняй. Вось і я спадзяюся, што ўсё будзе добра з птушанятамі, пакінутымі бацькамі.
Падставы для такога аптымізма ў мяне ёсць. Шмат гадоў таму, прыкладна ў другой дэкадзе верасня, наша арганізацыя аховы здароўя чакала чарговай, “лёсавызначальнай”, праверкі вышэйстаячай арганізацыяй санітарнага нагляду.
Лепей Тамары Сцяпанаўны Дземяненка, галоўнай медыцынскай сястры Баранавіцкага раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання, дзейныя санітарныя правілы і нормы у рэгіёне не ведаў ніхто. Загадзя папярэдзіўшы калегу аб нашым сумесным заўтрашнім ваяжы па раёне (напярэдадні праверкі трэба было самім паглядзець стан справаў), у запланаваны дзень мы адправіліся ў паездку.
Кіроўца, Аляксандр Удавідчэнка, пасля наведвання чарговага аб’екта аховы здароўя, вырашыў скараціць шлях да наступнага фельчарска-акушэрскага пункта і паехаў па іржышчы.
Культуры земляробства ў Беларусі надаецца вялікая ўвага; наша паездка па скошаным полі была значна камфортнейшай, чым па дарогах краін-суседак постсавецкай прасторы (не ў крыўду будзь сказана вялікім начальнікам гэтых дзяржаў!).
Мы з калегам і не заўважылі б адхілення шафёра ад асноўнага маршруту, калі б не адна акалічнасць: на нашым шляху сустрэлася чарада буслоў.
Сказаць, што гэта была вялікая чарада – не сказаць нічога! Яна была вялізнай! Куды ні зірні – усюды буслы!
Мне нават стала страшна: а раптам мы парушылі нейкі птушыны абрад перад іх адлётам у далёкія краі?!
Саша хуценька аб’ехаў зборышча буслоў і выруліў на шашу; мы з Тамарай Сцяпанаўнай з палёгкай уздыхнулі. Не тое, каб мы чагосьці баяліся, аднак такой колькасці птушак у адным месцы нам не даводзілася бачыць ніколі!
Пасля гэтай паездкі мы яшчэ доўга абмяркоўвалі ўбачаную карціну. Верагодна, перад пералётам чарада выбірае “сытнае” месца, багатае земнаводнымі і іншай жыўнасцю, прыдатнай для харчавання буслоў; падкарміўшыся, адпраўляецца ў далёкую дарогу.
Так што, у “нашых” буслянят ёсць яшчэ рэзерв часу прыкладна да сярэдзіны верасня.
P.P.S. 22 жніўня гняздо буслоў апусцела.
Свидетельство о публикации №222082401168
С уважением и теплом,
Людмила Каштанова 28.06.2023 14:01 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
Описанный мною случай - скорее исключение из правил, нежели правило.
Обычно в тёплые края улетает вся семья аистов; в наших же обстоятельствах родители не были уверены в способности молодого аистёнка преодолеть немалый путь перелёта.
С самыми добрыми пожеланиями здоровья и благополучия.
Нелли Фурс 29.06.2023 14:37 Заявить о нарушении