Жанчыны па iменi Дай!

Жанчыны па імені Дай!

 У канцы мінулага стагоддзя прагляд амерыканскіх фільмаў часта выклікаў у мяне некаторую азадачанасць. Я не разумела, чаму ў заходніх кінакарцінах, як правіла, побач з вонкава прывабнымі, паспяховымі мужчынамі знаходзіліся жанчыны, нічым не знамянальныя, з высокай, нават завышанай самаацэнкай.

Першапачаткова я адносіла гэтую дысгармонію да няўдалага падбору акцёраў; калі ж фільмы вытворчасці ЗША апанавалі кінатэатры былога Савецкага Саюза, зразумела, што неадпаведнасць вартасцяў альянсу – звычайная справа для краіны каланістаў.

Прыйшлося шукаць больш важкую прычыну; я паспрабавала знайсці яе ў гендэрным дысбалансе*. Маўляў, пераважнае ў краіне мужчынскае насельніцтва не прад’яўляе завышаных патрабаванняў да партнёркі: якая ёсць, такая і ёсць! Насамрэч, ёсць жа краіны з дазволенай поліандрыяй: Непал, Шры-Ланка, Тыбецкі аўтаномны раён Кітая, некаторыя горныя раёны Паўднёвай Індыі. А тут, хоць і не прыгажуня, затое – мая і нічыя больш!

Мае здагадкі ўскосна пацвердзіла маці-адзіночка Людміла, сакратар галоўнага лекара Баранавіцкай гарадской паліклінікі. Маючы “няпыльную” працу, яна сабралася ад’язджаць у карэльскі пасёлак, у якім на адну асобу жаночага полу прыходзілася сем мужчын. Людміла так і не сказала мне, адкуль у яе гэтыя звесткі (у васьмідзесятыя гады дваццатага стагоддзя ў Савецкім Саюзе не было Інтэрнэту). З узбуджанымі вачымі, шчасліва ўсміхаючыся, Людміла расказвала:

– Уяўляеце, Нэлі Гаўрылаўна, сем мужчын! Там кожная жанчына адчувае сябе каралевай!

Я парэкамендавала шукальніцы лепшай долі загадзя набыць галаўны ўбор, адпаведны царскаму становішчу: раптам у Карэліі яны ўжо ўсе раскуплены?

Людміла ад’язджала ў шахцёрскі пасёлак з пераважна мужчынскім насельніцтвам, спадзеючыся на наладжванне асабістага жыцця. У яе гэта атрымалася: праз некалькі гадоў я даведалася ад нашых агульных знаёмых, што “каралева” ўдала выйшла замуж і нарадзіла другое дзіця.

 Пасля той размовы я задумалася над неадпаведнасцю размеркавання колькасці мужчынскага і жаночага насельніцтва ў рэгіёнах Савецкага Саюза. Вывучыўшы даступныя ў той час статыстычныя дадзеныя, пераканалася, што праблема гендэрнай неадпаведнасці, у перавазе жанчын, характэрна для ўсёй краіны Саветаў.

Палавую дыспрапорцыю ў дзяржаве я аднесла на ваенныя дзеянні, якія рэгулярна адбываліся на тэрыторыі вялікай краіны. Толькі на землях цяперашняй Беларусі (да рэвалюцыі – Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі) за апошнія два стагоддзі, адбылося некалькі ваенных канфліктаў:

– паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (1794 год);

– ўварванне арміі Напалеона (1812 год);

– Польскае паўстанне (1830-1831 гг.);

– нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863-1864 гг.);

– Першая сусветная вайна (1914 -1918 гг.);

– Вялікая Айчынная вайна (1941-1945 гг.).

Кожнае ваеннае супрацьстаянне забірала вялікае мноства жыццяў, пераважна – мужчынскіх.
   
На тэрыторыі ж ЗША адзіная бітва, якая адбылася з пачатку дзевятнаццатага стагоддзя паміж войскамі Злучаных Штатаў і агрэсарамі паўночнаамерыканскай зямлі, пачалася 11 траўня 1943 года – вызваленне скалістага, фактычна незаселенага вострава ў складзе Алеуцкага архіпелагу. Агульныя страты амерыканцаў склалі амаль чатыры тысячы чалавек, з якіх паўтары тысячы былі забітыя; многія салдаты сталі ахвярамі ўмоў надвор’я – холаду.

Таму і не ведаюць амерыканскія жанчыны, што такое “паўтара мужыка” на ўсю пасляваенную вёску.

У савецкім серыяле “Вечны кліч” рэжысёраў Уладзіміра Краснапольскага і Валерыя Ускова, паводле аднайменнага рамана пісьменніка Анатоля Іванова, мне запомніўся поўны болю эпізод, які хапае за душу.
 
Кір’ян Інюцін страціў на фронце ногі і не стаў вяртацца да жонкі Анфісы, якая не адрознівалася жаночымі дабрадзейнасцямі ў мірны час; інвалід, здабываючы пражытак, прасіў міласціну ў цягніках.
 
Атрымаўшы ад людзей звестку аб Кір’яне, Анфіса знайшла яго і павезла дадому, нягледзячы на супраціўленне і адгаворкі мужа, знявечанага вайной.

– Я табе і здаровы не быў патрэбен, а цяпер … – пярэчыў Кір’ян, ледзь стрымліваючы слёзы.

Сцэна, філігранна выкананая акцёрамі Андрэем Мартынавым і Тамарай Сёмінай, выклікае ў гледача ўпэўненасць, што ў гэтай спакутаванай сям’і усё наладзіцца.
 
Ахвярнасць рускіх, ды і ў цэлым усходнеславянскіх жанчын, беларусак і ўкраінак, – неймаверная маральная катэгорыя для іншаземак. Наўрад у апісанай вышэй сітуацыі амерыканка ці жыхарка Заходняй Еўропы паступіла б падобна шалапутнай Анфісе…

Так і знаходзілася б я ў “ілюзорным” свеце з усведамленнем маральнай дасканаласці славянскіх жанчын, калі б не “асветніцкае” ўздзеянне расійскага тэлебачання. Вось яно і наставіла мяне на розум (праўда, з саракагадовым спазненнем!), каго трэба выбіраць у якасці спадарожніка прыгожага жыцця.

Калі мужчына зарабляе менш грошай, чым рэкамендуюць трэнеры курсаў з інтрыгуючымі назвамі: “Пайсці пад вянок – за тыдзень!”, “Сакрэты сумеснага адпачынку маладых людзей”, “Мужчына маёй мары!”, то і няма чаго за яго трымацца!

Калі малады чалавек на спатканне прыносіць кветкі і запрашае ў тэатр ці на выставу – не марнуйце на яго час!

Калі не дорыць дарагія ўпрыгожванні – не наш чалавек!

Калі прадстаўнік моцнага полу не мае жылля і прэстыжнай машыны – такі варыянт нават не разглядаць!

Ды ўвогуле, калі ўжо аддаваць мужчыне сваю маладосць і прыгажосць (спіс “вартасцей” можна працягваць да бясконцасці), то няхай – плаціць!

Я лічыла, што падобныя патрабаванні – прэрагатыва жанчын, не абцяжараных інтэлектам і маральнымі прынцыпамі, свайго роду, дагавор мены: “Ты мне, я – табе!”.

Памылялася. У адным з апошніх сваіх інтэрв’ю вядомая расійская эстрадная спявачка, абмяркоўваючы сваё, маючае адбыцца, замужжа, сказала карэспандэнту прыкладна наступнае:

– А што Вы хочаце! За тое, што ён будзе жыць з багіняй, трэба плаціць!

Плата “бажаства” аказалася занадта высокай: смерць таленавітай спявачкі пры вельмі непрывабных абставінах.

Іншая жанчына, гераіня тэлевізійнага шоу, скардзілася на мужа-футбаліста, які кінуў яе дзеля сваёй новай пасіі. Пакінутая легкадумным жаночым угоднікам, былая прыгажуня зусім забылася аб перадгісторыі свайго шлюбу: у папярэдняй сям’і мужчыны засталося двое дзяцей і цяжарная грамадзянская жонка.

Чаму прыгажуня – былая? Ды таму, што вонкавы выгляд пакрыўджанай жанчыны нагадваў пацыентку з запушчанай формай “нядобрага” захворвання, аб якім не прынята гутарыць у прыстойным грамадстве (хоць прычына была не ў “сорамнай” хваробе, а ў зніжэнні імунітэту ў “пакіданкі”).

У ходзе перадачы непрыемны асадак ад паводзін “пацярпелай” ўсё ўзмацняўся: магічнае слова “мільён” гучала амаль ў кожнай фразе. Апаненты чаргавалі толькі найменні грашовых сродкаў: рублі, еўра, даляры.

Вядучы паспрабаваў было сказаць аб карме. Куды там: каму патрэбен нейкі сусветны прычынна-следчы закон, паводле якога праведныя або грахоўныя дзеянні чалавека вызначаюць яго лёс! “Дайце грошы, а з лёсам я сама дамоўлюся!” – дамінантная ідэя пакрыўджанай жанчыны.

Нам з мужам надакучыла гэтая брыдота; я выключыла тэлевізар.

– Зусім з розуму выжылі! – падзяліўся муж уражаннямі аб недагледжанай перадачы.

– Хто выжыў з розуму? Тэлевізіёншчыкі ці “героі”? – удакладніла я.

– І тыя, і іншыя! Быццам няма разумных і годных людзей, якія прыносяць краіне карысць! – раздражнёна адказаў Валодзя.

– А то ты не ведаеш, хто, дакладней, што заўсёды на плаву?! – пагадзілася я з мужам.

Аснова добразычлівых адносін жанчын па імені “Дай” да процілеглага полу грунтуецца на двух дзеясловах – “купі” і “дай”: 

“Купі новае футра або залатое ўпрыгожванне; дай грошай на боцікі ад  Valentino Garavani, сонцаахоўныя акуляры Gucci Eyewear; касметыку Maybelline і таму падобнае”.

Паліваючы ўвечар агарод, падумала:

“Дык і я знаёмая з жанчынамі, асноўны жыццёвы пасыл якіх – “дай”!”.

Бязмерная любоў да матэрыяльных дабротаў выпустошвае паняцці аб прыстойнасці ў жанчын па імені “Дай”: яны не лічаць ганебным карыстацца сродкамі свякрухі для будаўніцтва маёнтка сваім бацькам; пры разводзе, імі ж ініцыяваным, абабраць да ніткі мужчыну, яшчэ нядаўна званага “каханнем ўсяго жыцця”.

Можа быць, варта ўзаконіць жаночае рускае асабістае імя “Дай”, хадайнічаючы перад Святым сінодам Рускай праваслаўнай царквы аб унясенні дапаўненняў у царкоўныя календары-святцы? Каб адразу было відаць, з кім маеш справу?

З другога боку, боязна. Раптам гадоў гэтак праз дзесяць стараславянскія імёны Вера, Надзея і Любоў, якія нясуць благачыннасць, будуць выцесненыя ходкім жаночым імем “Дай”…

*Я памылялася: насельніцтва ЗША прыкладна на пяцьдзесят з паловай адсоткаў складаецца з жанчын.


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! У женщин по имени "Дай" есть еще одно прозвище - Хищница. Такие женщины с юности уже начинают смекать, что к чему. с кем надо иметь дело. с кем нет. Они всегда подруг выискивают добрых, но невзрачных, чтобы блестеть на их фоне. И клеют к себе парней из богатых семей. предварительно пронюхав и подготовив почву. Им плевать, что хороших парней мало. Они знают, что лучший достанется им.
Всего наилучшего!
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   29.06.2023 16:11     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Очень правильное определение подобным женщинам Вы дали - хищница.

Я удивляюсь, как за относительно короткое время изменилась система ценностей славянских женщин, для которых материальные блага никогда не были по значимости на первом месте.

Увы, увы...

С самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   30.06.2023 16:33   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.